Прэм’ер Польшчы і прэзідэнт Літвы: Пасля смерці Прыгожына пагроза ад вагнэраўцаў застаецца


Прэм’ер-міністр Польшчы і прэзідэнт Літвы выказаліся аб тым, ці зменшылася пагроза, якую ўяўляюць вагнэраўцы, пасля смерці Яўгенія Прыгожына.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ПВК Вагнэра. Крыніца: slovoidilo.ua

На думку літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы, які перабывае з візітам у Кіеве, смерць Прыгожына, кіраўніка групоўкі Вагнэра, мала што мяняе.

«Гэта сведчыць аб тым, што рэжым пераходзіць у іншую стадыю, што гэтыя людзі, як іх ні назаві, ужо забіваюць адзін аднаго. Але, вядома, не варта думаць, што смерць Прыгожына дазваляе нам супакоіцца або якім-небудзь чынам паляпшае сітуацыю з бяспекай», – адзначыў прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі.

На думку Гітанаса Наўседы, асноўная задача і святы абавязак літоўцаў – гэта абараняць межы дзяржавы, бо на сённяшні дзень гэта самае галоўнае, да гэтага трэба быць гатовымі, і рабіць гэта трэба «без усялякіх сумненняў, разам з нашымі вернымі партнёрамі».

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі лічыць, што кантраляваць вагнэраўцаў зараз будзе непасрэдна Пуцін, што робіць іх нават больш небяспечнымі.

«Цяпер няхай кожны адкажа на пытанне, ці ўяўляе ПВК Вагнэра, якая сёння прысутнічае ў Беларусі, большую ці меншую пагрозу. Для мяне гэта рытарычнае пытанне», – сказаў Маравецкі.

Таксама польскі прэм’ер дадаў, што ПВК Вагнэра, якая застанецца пад куратарствам Пуціна, «яшчэ больш, чым раней, або так жа, як і раней, будзе выкарыстоўвацца як інструмент правакацыяў, шантажу, атак і рознага кшталту дайманняў у рамках парушэння палітыкі бяспекі і дэстабілізацыі дзяржаваў, якія мяжуюць з Расеяй і Беларуссю».

Нагадаем, што з прычыны пагрозы, якую ўяўляюць вагнэраўцы, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі пасля так званага мяцяжу Прыгожына, Польшча, Літва, Латвія адкрыта загаварылі пра магчымасць поўнага закрыцця межаў з Беларуссю. На 28 жніўня запланаваная нарада прадстаўнікоў Польшчы і краінаў Балтыі, дзе будзе абмяркоўвацца сінхроннае закрыццё межаў у выпадку пагрозы з боку Беларусі.

Агляд
ПВК Вагнэра ўжо месяц у Беларусі: што дакладна вядома і якія пытанні застаюцца без адказу
2023.08.15 08:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў