У КНР зняпраўдзілі словы свайго амбасадара пра невыразны статус краінаў былога СССР


Кітай паважае суверэнітэт постсавецкіх рэспублік. Пра гэта 24 красавіка заявіла афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў КНР Маў Нін пасля таго, як словы кітайскага амбасадара выклікалі крытыку ў Еўразвязе.

Маў Нін.
Фота: fmprc.gov.cn

Маў Нін адзначыла, што Кітай паважае суверэнны статус усіх краінаў, якія ўтварыліся пасля распаду Савецкага Саюзу.

«Кітай паважае суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць усіх краінаў і падтрымлівае мэты і прынцыпы Статуту ААН», – заявіла Маў Нін, піша AFP.

Паводле дыпламаткі, Кітай быў адзін з першых, хто ўстанавіў дыпламатычныя стасункі з дзяржавамі, што ўтварыліся пасля распаду СССР. І заўсёды «прытрымліваўся прынцыпу ўзаемнай павагі і роўнасці для развіцця двухбаковых стасункаў у духу сяброўства і супрацы».

«Некаторыя медыі няправільна інтэрпрэтуюць пазіцыю Кітаю ва ўкраінскім пытанні і сеюць разлад у стасунках паміж Кітаем і адпаведнымі краінамі. Мы будзем сачыць за гэтым», – падкрэсліла дыпламатка.

Таксама, паводле Маў Нін, не змянілася пазіцыя Кітаю адносна Крыму.

Амбасадар Кітаю ў Парыжы Лу Шае 21 красавіка ў інтэрв’ю французскаму тэлеканалу «La Chaîne Info» на пытанне пра пазіцыю Кітаю адносна анексаванага Расеяй Крыму заявіў, што паўвостраў быў «расейскім пачаткова». Таксама ён дадаў, што былыя дзяржавы Савецкага Саюзу «не маюць статусу ў дзейным міжнародным праве, бо няма міжнароднага пагаднення, якое б канкрэтызавала іхны статус суверэннай краіны».

Шэраг афіцыйных асобаў з розных краінаў адрэагаваў на гэта. Францыя заявіла пра сваю «поўную салідарнасць» з саюзнікамі, якія здабылі незалежнасць пасля дзесяцігоддзяў прыгнёту, і падкрэсліла прызнанне Кітаем межаў Украіны ў 1991 годзе разам з Крымам. Амбасадара выклікалі ў Міністэрства замежных справаў для тлумачэнняў.

З заявамі выступілі кіраўнікі МЗС Латвіі і Эстоніі, амбасадар Украіны ў Францыі. А міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс адзначыў, што заява добра дэманструе, чаму краіны Балтыі не давяраюць Кітаю як «міратворцу» ва Украіне. Непрымальнымі назваў заявы кітайскага амбасадара вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага Звязу ў замежных справах і палітыцы суседства Жузэп Бурэль. А вось прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі на заявы Лу Шае не адрэагавалі.

Тым часам амбасада КНР у Францыі выдаліла стэнаграму размову са сваім кіраўніком, паведамляе «Bloomberg».

Амбасадар Лу Шае не першы раз выклікае скандал у стасунках КНР з іншымі краінамі. У студзені 2019 года ён, рэпрэзентуючы КНР у Канадзе, абвінаваціў гэтую краіну ў палітыцы «перавагі белых» за заклік да вызвалення двух канадцаў, затрыманых у Кітаі праз некалькі дзён пасля арышту выканаўчага дырэктара «Huawei» Мэн Ўань Чжоў у Канадзе.

А ў жніўні 2022 года Лу Шае выклікаў абурэнне заяваю, што тайванцам неабходна будзе прайсці «перавыхаванне» пасля таго, як Кітай захопіць гэты востраў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў