«Я праклінаю гэты дзень»: адзіная жыхарка вёскі Рудня-Дудзіцкая – пра жыццё пасля Чарнобылю


Вёска Рудня-Дудзіцкая месціцца ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС вёску адсялілі. Але Софʼя Ключынская з мужам адмовіліся зʼязджаць з роднага дому. Цяпер жанчына адзіная жыхарка. Ёй 84 гады.

Гісторыя Соф’і Ключынскай у новым выпуску праграмы «Шчыра кажучы».

– Я нарадзілася ў суседняй вёсцы, у Дудзічах, а сюды ўжо замуж прыйшла, у Рудню-Дудзіцкую. Я працавала на фабрыцы, у нас тут быў філіял ад Рэчыцкай ткацкай фабрыкі. А муж мой ездзіў у Чачэрск працаваць увесь час. Было ўсё ў вёсцы: у клубе кіно паказвалі, у выходныя там танцы былі. Вялікая была вёска, і моладзі было шмат.

– Калі вы даведаліся, што на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух?

Мы даведаліся толькі 5 траўня [аварыя адбылася 26 красавіка. – рэд.]. Мне тады было 48 гадоў, а мужу – 42. Муж паехаў на працу, і там ужо сказалі па гэтай спецсувязі. І ён мне патэлефанаваў дадому: «Жонка, малако нельга есці!» Я кажу: «Ты што? Адурэў? Адкуль ты ўзяў такое – малака нельга есці?» Ну і вось сказалі, што з радыяцыяй там нешта. І потым хто што казаў. Што можна, што нельга. Усе баяліся, усяго баяліся. І ягадаў нельга з агароду браць… Прыязджала санстанцыя і правярала ўсё, што расло, і малако правяралі. Малака сказалі нельга піць. І ўсе людзі пачалі здаваць кароў. Я яшчэ год не здавала, трымала. А яшчэ ў лес бегала, любіла суніцы, і брала суніцы, каб варэнне варыць. Я наагул так любіла водар суніцаў. Муж праверыў дазіметрам слоічак і кажа: «Жонка, выкідай!» Усё выкінулі, так шкада было, страшна.

Софʼя Ключынская.
Фота: Белсат

А потым прывезлі сюды да нас ліквідатараў. І тут чысцілі ўсё адмысловымі машынамі, дахі мылі з пральным парашком, дзірван зразалі. Там далёка на полі зрабілі сховішча і туды звозілі ўсю гэтую зямлю. А потым у 1991 годзе толькі пачалося адсяленне. Не з 1986-га, не адразу, а з 1991 года пачалося адсяленне. Прапаноўвалі людзям выязджаць, прыязджалі з іншых раёнаў, з іншых вобласцяў і запрашалі людзей пераязджаць. Хто зʼехаў у Гомель… «Я нікуды не паеду», – мой муж сказаў. – «Давай хоць кватэру возьмем у Гомлі. Мы ж у адзін дзень не памром». – «Не памінай, не кажы нічагенька. Куды хочаш, туды і едзь, я табе яшчэ памагу, адвязу цябе. А я нікуды не паеду».

Кожная сямʼя выязджала – я па ўсіх плакала. Ну, з кім аставацца жыць? З кім? І гэтыя з’ехалі, і гэтыя збіраюцца, тыя машыну замовілі, тыя атрымалі кватэру. А мой Міша сказаў: «Нікуды»! А з кім тут заставацца? Перажывала страшэнна.

– А чаму ваш муж так не хацеў зʼязджаць?

– Ён заўсёды казаў: «А што, я буду яшчэ сумаваць па сваёй радзіме? Як жыў, так і буду жыць, і ўсё». І ўсе, хто зʼехалі, яны ўсе памерлі. Хоць і здаровыя паехалі. Быццам бы здаровыя людзі, а нікога не засталося. Нават мая мама пераехала, паехала да дачок у Маскву. Яна там жыла 8 гадоў, і я ездзіла туды кожны год. Я кажу маме: «Сумна?» – «Каб мне сказалі, што вось гэтая птушка прыляцела з майго агароду, з маёй вёскі, я б радая той птушцы была, якая з Дудзічаў прыляцела. Так сумна, што месца не знаходжу».

Вёска Рудня-Дудзіцкая месціцца ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці.
Фота: Белсат

– Што вы звычайна робіце ў гадавіны аварыі на ЧАЭС? Што для вас азначае гэты дзень?

– Я праклінаю гэты дзень. Я яго праклінаю. Людзі жылі б усе тут. Паволі б хадзілі тут, дзеці прыязджалі б. І засявалася б усё, як усюды. Я праклінаю гэты дзень. І Чарнобыль гэты ўкраінскі, і ўсё. Дзесьці выбухнула, а Беларусь пацярпела. І ад вайны Беларусь пацярпела больш за ўсіх, і ад радыяцыі болей за ўсіх. І ўсе мы пакутуем ад усіх і адусюль. За што? Я не ведаю. Каму так заўгодна? Я не ведаю. Чый гэта недагляд такі? Наш? Я не ведаю.

Аварыя на ЧАЭС адбылася 26 красавіка 1986 года. У выніку тэхнагеннай катастрофы ўсцяж частка тэрыторыі Беларусі застаецца забруджанай радыенуклідамі і не прыдатная для пражывання.

Гісторыі
«Левае вока расейскае, правае – нямецкае». Гісторыі беларусаў, якія ездзілі за мяжу па чарнобыльскіх праграмах
2021.04.26 18:09

АМ belsat.eu

Стужка навінаў