Факультэт Генштабу ладзіць канферэнцыі з удзельнікамі вайны супраць Украіны


Начальнік факультэту Генштаба Ігар Дземідзенка ў інтэрв’ю «ВоенТВ» распавёў, як змяніліся падыходу да навучання пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

Начальнік факультэту Генштаба Ігар Дземідзенка. Скрыншот з відэа ВоенТВ / YouTube

«Канешне, мы не можам не ўлічваць досвед апошніх узброеных канфліктаў і лакальных войнаў. Праводзім вайскова-навуковыя канферэнцыі ў сябе на факультэце, запрашаем непасрэдна ўдзельнікаў «спецыяльнай ваеннай аперацыі» з Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі і абменьваемся досведам», – заявіў генерал-маёр Дземідзенка.

Паводле яго, вялікую дапамогу ў навучанні на факультэце аказваюць «структурныя падраздзяленні Міністэрства абароны і Генеральнага штабу».

«Гістарычна так заведзена, што пэўны курс заняткаў з намі праводзяць начальнікі структурных падраздзелаў, пачынаючы з міністра абароны і начальніка Генштабу. Мы не губляем сувязяў з практыкай», – зазначыў генерал-маёр.

Дземідзенка ў інтэрв’ю згадаў толькі прадстаўнікоў Узброеных сілаў РФ. Аднак вядома, што да падрыхтоўкі беларускіх вайскоўцаў прыцягваюць таксама наймітаў ПВК Вагнэра.

1 сакавіка ў інтэрв’ю газеце «СБ-Беларусь сегодня» намеснік міністра абароны Андрэй Жук паведаміў, што вайскоўцы Узброеных сілаў цяпер актыўна ўдасканальваюць баявую падрыхтоўку, у тым ліку з прыцягненнем «спецыялістаў ПВК Вагнэра». «Хачу заўважыць, што не толькі вайскоўцы вайсковых частак праходзяць гэтую падрыхтоўку, але і выкладчыкі ведамасных вышэйшых навучальных установаў, каб перадаць атрыманыя веды курсантам, студэнтам, тым, хто вучыцца на праграмах афіцэраў запасу», – падкрэсліў Жук.

Агляд
Вагнэраўцы ў Беларусі: колькі засталося і чым яны займаюцца?
2024.03.01 18:19

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў