«Трэба ўсвядоміць: вайна ва Украіне – нашая вайна». Чаму на фронце ўсё менш беларускіх добраахвотнікаў?


Праблемы з легалізацыяй, фізічныя і псіхалагічныя траўмы, пераслед сваякоў у Беларусі, няўпэўненасць у заўтрашнім дні, малы ўзровень падтрымкі нават сярод сваіх – з гэтымі пытаннямі сутыкаюцца добраахвотнікі, якія вяртаюцца з фронту. Як можна іх вырашыць, ці дапамагае ўкраінская дзяржава беларусам, якія за яе ваююць, што рабіць беларускай супольнасці – гэтыя пытанні абмяркоўваем з былым добраахвотнікам, прадстаўніком Асацыяцыі беларускіх ветэранаў вайны Андрэем Кушняровым.

Былы добраахвотнік батальёна «Волат» палка Кастуся Каліноўскага Андрэй Кушняроў. Кіеўская вобласць, Украіна. 1 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Колькасць беларусаў – ветэранаў набліжаецца да тысячы чалавек

– Андрэй, скажыце, калі ласка, ці шмат на сённяшні дзень беларусаў – ветэранаў вайны ва Украіне?

– Можна казаць пра некалькі сотняў чалавек, і, напэўна, гэтая лічба ўжо набліжаецца да тысячы. Але дакладную лічбу мы назваць не можам, бо не ў стане ахапіць усіх. З некаторымі цяжка падтрымліваць кантакт, напрыклад, Полк Каліноўскага ні з кім не ўзаемадзейнічае па пытанні ветэранаў – у іх там свая праца. Некаторыя былыя байцы самі не хочуць нідзе свяціцца, быць у нейкіх спісах, каб не ствараць небяспеку для родных у Беларусі. Акрамя таго, людзі могуць сысці з войска, правесці некаторы час «на гражданцы», а потым зноў вярнуцца на фронт. Гэта ўсё ўскладняе падлік.

Таксама свае складанасці ўносіць тое, што гэтыя сотні людзей рассеяныя па розных краінах, хоць, пераважна, у цэнтрах рассялення беларускай дыяспары – у Літве, Польшчы, Грузіі.

– Каго больш сярод беларускіх добраахвотнікаў – тых, хто вяртаецца на фронт, ці тых, хто сыходзіць зусім і цалкам пераходзіць у статус ветэрана?

– Цяпер цяжка сказаць, бо вайна яшчэ не скончылася, і той, хто ўчора сышоў, заўтра можа вярнуцца. Я ведаю людзей, якія сышлі са службы нават паўтара года таму і цяпер плануюць вярнуцца. Хоць так, ёсць і тыя, хто кажа – больш не вярнуся. Напэўна, такіх меншасць. Большасць, з таго, што я бачу, вяртаюцца ці плануюць гэта зрабіць.

Беларусы праводзяць на фронце больш за паўгода, бо не хапае людзей

– Праз які час на фронце добраахвотнікі звычайна сыходзяць «на гражданку» і па якіх прычынах найчасцей?

– Прычыны сыходу вельмі розныя. Ёсць людзі, якія служаць у ЗСУ, але вельмі рэдка выязджаюць з Кіеву і займаюцца, напрыклад, афармленнем дакументаў. Гэта, безумоўна, карысна і патрэбна, але не тое ж самае, што займацца працай мінамётнага разліку ці патронамі, штурмавымі дзеяннямі. Паміж гэтымі відамі працы занадта моцная розніца ва ўзроўні выгарання, ад якога і залежыць час знаходжання на службе.

Некаторыя ўжо пасля першага бою кажуць: не, я не магу ў гэтым удзельнічаць. Яны пераходзяць на пасаду, не звязаную з непасрэдным сутыкненнем з праціўнікам, ці сыходзяць у артылерыю, дзе крыху бяспечней, ці на дроны, сувязь. Я ведаю хлопца, які 6 месяцаў быў штурмавіком, а потым сказаў – больш не магу, гатовы ваяваць, але паўгода на пазіцыі штурмавіка – гэта ўжо мяжа.

Ёсць асобныя ўнікальныя хлопцы, якія больш за год бяруць удзел у штурмавых дзеяннях, хоць і зразумела, што з нейкай ратацыяй, але рэгулярна ўдзельнічаюць. Ім потым доўга давядзецца працаваць з псіхолагам, бо ўсё гэта – вельмі складаныя рэчы.

Андрэй Кушняроў.
Фота: асабісты архіў героя

Часам можна быць у мінамётным разліку, прыляціць варожы снарад, і на тваіх вачах трое з чатырох чалавек загінуць. А можа быць і без такіх сітуацыяў, і тады тэрмін маральнага выгарання, напэўна, будзе даўжэйшым. У сярэднім мы бачым, што паўгода. Прабыць там год – гэта ўжо вельмі складана. Амерыканскі досвед кажа, што паўгода ўдзелу ў шчыльных баявых сутыкненнях – тэрмін, пасля якога жаўнера трэба змяняць, бо ў яго пачынаюцца сур’ёзныя псіхалагічныя праблемы, могуць быць і фізіялагічныя.

На жаль, у нас ёсць тыя, што служаць больш за паўгода, бо людзей не хапае, і гэта вялікая праблема.

«У нас статус ветэрана стыгматызаваны – людзі саромеюцца яго»

– Як цяпер выглядае сітуацыя з атрыманнем беларусамі пасведчання ветэрана? Былі ж пэўныя цяжкасці.

– Беларусы могуць яго атрымаць, мы доўга за гэта змагаліся, але дагэтуль бывае складана. Ведаю аднаго добраахвотніка, які атрымаў сур’ёзнае раненне, пасля чаго вярнуўся, у суме каля двух гадоў адваяваў, і ён дагэтуль не мае пасведчання ветэрана баявых дзеянняў. Зрэшты, і ўкраінцы таксама сутыкаюцца з такой праблемай. Асабліва цяжка было да восені 2022 года, калі, каб атрымаць пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў, патрэбна было 30 дзён непасрэднага знаходжання на лініі баявога сутыкнення. Увосень 2022 года выйшла папраўка, якая скараціла гэты тэрмін да аднаго дня. Таксама там прапісана, што выдаць пасведчанне абавязаныя цягам месяца, але гэта не працуе. Украінская бюракратычная машына ўсё такая ж непаваротлівая, як і ў часы АТА.

Што датычыць беларусаў, то ў нас статус ветэрану дагэтуль крыху стыгматызаваны – людзі нібы саромеюцца яго. Беларусы хутчэй назавуць сябе былымі добраахвотнікамі, а не ветэранамі. Падчас стварэння ветэранскай арганізацыі было шмат нараканняў, маўляў, як вы можаце называцца ветэранамі, калі вайна яшчэ не скончылася? Украінцы з гэтымі стэрэатыпамі справіліся, і цяпер у пасведчанні ўдзельніка баявых дзеянняў указваецца, што яго ўласнік – ветэран.

Пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў не дае права жыць ва Украіне

– Што дае пасведчанне ветэрана?

– Для ўкраінцаў – некаторыя ільготы: бясплатны праезд, уваход у некаторыя музеі, варыянты для крэдытавання жытла. На жаль, гэтае пасведчанне не з’яўляецца глабальным набыткам для беларусаў, бо, напрыклад, права на жыццё ва Украіне яно не дае. І гэта, на мой погляд, вялікая недапрацоўка. Для атрымання часовага дазволу на жыццё ва Украіне замежнік павінен адслужыць у арміі не менш за тры гады. А вайна ідзе пакуль толькі два гады. Тры гады на фронце ў цяперашняй сітуацыі проста не жывуць. Беларусаў, якія ўвесь гэты час бесперапынна знаходзяцца на службе, я ведаю толькі ў штабах.

Андрэй Кушняроў.
Фота: асабісты архіў героя

Украіна цяпер губляе вялізную колькасць людзей – адныя гінуць на полі бою, іншыя з’язджаюць, былі страчаныя тэрыторыі разам з насельніцтвам. Дэмаграфічная сітуацыя ўжо не лепшая, а што будзе пасля вайны, увогуле незразумела. Таму, мне здаецца, Украіна павінна быць зацікаўленая ў прыцягненні людзей, гатовых за яе ваяваць. Дзеля гэтага варта было б зрабіць спрошчаны варыянт атрымання грамадзянства, не кажучы ўжо пра ДНЖ. Але маем што маем.

«У большасці баявых падраздзяленняў няма разумення, што трэба працаваць з тымі, хто сыходзіць»

– Якія сёння ёсць магчымасці рэабілітацыі для беларусаў – ветэранаў?

– Больш за год таму недалёка ад Кіева адкрыўся рэабілітацыйны цэнтр «Ланка». Яго кіраўніца – вядомая беларуская актывістка Таццяна Гацура-Яворская. Установа найперш накіраваная на беларускіх вайскоўцаў, але яе паслугамі карыстаюцца і ўкраінцы. Цэнтр бясплатны. Там можна папрацаваць з псіхолагам, скарыстацца некаторымі лячэбнымі працэдурамі, масажам. Там вельмі добры будынак з камінам і настольным тэнісам. Я сам там праходзіў некалькі месяцаў таму рэабілітацыю – магу пацвердзіць, што там добра.

Для сістэмнай рэабілітацыі ёсць праблема. Справа ў тым, што беларус, які разарваў кантракт з ЗСУ, і раней не жыў ва Украіне, не працуе і не ажаніўся з украінкай, губляе падставы законна заставацца на тэрыторыі Украіны. У выніку людзі з’язджаюць у Літву, Польшчу, Грузію. Але там ім таксама даводзіцца вырашаць пытанне легалізацыі. І тут праблема ў тым, што ветэран не можа прасіць статус уцекача ў большасці выпадкаў. Удзел у баявых дзеяннях можа стаць перашкодай для гэтага. Бывае, што на чалавека ў Беларусі заведзеная крымінальная справа за наёмніцтва ў замежнай дзяржаве, як у мяне, напрыклад – ЕЗ гэта расцэньвае як палітычны пераслед. Тады можна прасіць прытулак. Але такая сітуацыя мала ў каго, бо ў большасці байцы імкнуцца не свяціцца. І вось для іх удзел у баявых дзеяннях стане перашкодай для атрымання статусу ўцекача. Тады трэба шукаць іншыя варыянты для легалізацыі. Некаторыя едуць у краіны Азіі, але там увесь час баяцца, што іх могуць выдаць у Расею ці Беларусь.

Акрамя легалізацыі за мяжой у прынцыпе ўзнікае пытанне ўладкавання ўласнага жыцця. Нашая ветэранская арганізацыя спрабуе дапамагаць: мы ладзім зборы, шукаем жытло, працу, прадстаўляем псіхалагічную дапамогу, у тым ліку – сваякам жаўнераў. Гэта нашая ўласная ініцыятыва, мы гэта робім без грантаў, якія амаль нерэальна атрымаць, бо ўсё звязанае з баявымі дзеяннямі – праблема ў дадзеным выпадку. У выніку мы не можам зрабіць нашую дапамогу сістэмнай і арганізаваць паўнавартасную рэабілітацыю байцоў.

Андрэй Кушняроў і Таццяна Гацура-Яворская абмяркоўваюць расліны для рэабілітацыйнага цэнтру пад Кіевам, Украіна. 1 красавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Яшчэ адна праблема ў тым, што ў большасці баявых падраздзяленняў няма разумення, што трэба працаваць з тымі, хто сыходзіць. Украіне тым больш усё роўна, бо ў іх хапае сваіх параненых і тых, каго трэба рэабілітаваць.

«Праблемамі замежных добраахвотнікаў павінна займацца Украіна»

– Як такая сітуацыя адбіваецца на беларускіх добраахвотніках? Ці шмат сёння прыходзіць новых байцоў у параўнанні з пачаткам поўнамаштабнай вайны?

– Адсутнасць сістэмнай дапамогі прыводзіць да таго, што чалавек не ўпэўнены ні ў сваёй будучыні, ні ў будучыні сваёй сям’і. Кожны баец, калі ідзе ў атаку, задае сабе пытанне – калі я стану інвалідам ці памру, што будзе з маёй сям’ёй? Гэта адна з прычынаў невысокага прытоку беларускіх добраахвотнікаў. У большасці з тых, хто старэйшы за 25 гадоў, ёсць сем’і, дзеці, якія найчасцей выехалі за мяжу, жывуць у той жа Польшчы. У Беларусі ж часта застаюцца бацькі, якім таксама патрэбная падтрымка.

Святлана Ціханоўская праводзіла кансультацыі перад сустрэчай з Ігарам Кізімам, амбасадарам Украіны ў пытаннях Беларусі. Мы у чарговы раз падымалі усе гэтыя нашыя пытанні, магчыма, праз Кізіма атрымаецца штосьці зрабіць. Мы спрабавалі дагрукацца нават да Зяленскага – не атрымалася. У 2022 годзе, калі сем’і беларускіх вайскоўцаў пазбавілі пасмяротных выплатаў, мы спрабавалі зарэгістраваць петыцыю на сайце прэзідэнта – яе выдалілі без тлумачэння прычынаў.

Мне падаецца, што займацца праблемай замежных добраахвотнікаў павінна найперш Украіна. Цяпер пастаянна абмяркоўваецца пытанне новай мабілізацыі, і прыцягненне замежных добраахвотнікаў можа быць унёскам у вырашэнне гэтай праблемы. Вам патрэбныя людзі – вось яны. Але не кажыце, што вас не датычыць, як яны потым будуць жыць. Бярыце і вырашайце гэтыя праблемы, калі вам патрэбныя людзі.

«Прасцей заплаціць жыццём салдатаў, чым грашыма»

– Вы кажаце, што адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні – адна з прычынаў, чаму беларускіх добраахвотнікаў становіцца менш. А якія яшчэ ёсць прычыны?

– Так, колькасць сапраўды стала істотна меншай. Плынь новых людзей не на нулі, але вельмі нізкая. Калі раней казалі пра тысячы людзей у рэзерве, цяпер такога няма. Адна з прычынаў – так, у тым, што Украіна не працуе ў кірунку таго, каб палепшыць становішча беларусаў і агулам замежнікаў. Значна зменшылася колькасць добраахвотнікаў з розных краінаў.

Другая прычына – адсутнасць у беларускім грамадстве разумення, што гэта – таксама і наша вайна. Калі размаўляеш з дыяспарамі пра зборы, часта чуеш – я яшчэ хачу ў Беларусь хоць часам, гэта крымінальны артыкул, і незразумела, навошта ваяваць за Украіну, гэта не нашая вайна, яны не прыйдуць вызваляць Беларусь ад Лукашэнкі. Няма разумення, што Расея – больш сур’ёзная пагроза, чым Лукашэнка, і варта супраць яе змагацца, і цяпер ідзе нашая агульная вайна.

Беларускі вайсковец палка імя Кастуся Каліноўскага Аляксей з пазыўным Псіхолаг. Кіеў, Украіна. 31 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Цяпер мала ўвагі як ветэранам, так і дзейсным жаўнерам. Самі ветэраны ўжо кажуць – добра, не трэба нам дапамагць, але падтрымайце тых, хто цяпер на фронце. А патрэбы там катастрафічныя – не хапае машынаў, сродкаў на іх абслугоўванне, дронаў. Мы на месяц не можам знайсці 10 тысяч долараў, што нават для невялікай ІТ-фірмы – амаль незаўважная сума. Але складваецца ўражанне, што нашаму грамадству прасцей заплаціць жыццём салдатаў, чым грашыма. А мы вельмі шмат людзей хаваем, і асабліва балюча, калі ты разумееш, што гэтага можна было б пазбегнуць, калі, напрыклад, ты меў бы дрон за 500 ці 1000 долараў.

– Ці ёсць дакладная лічба, колькі беларусаў загінула за гэты час у вайне?

– Яшчэ па стане на лета было больш за 44 загінулых беларусы. Насамрэч на дадзены момант іх больш за 60, але цяжка падлічыць дакладна. На сёння існуе парадку сямі беларускіх падраздзяленняў, якія ваююць ва Украіне.  Яшчэ ёсць беларусы, якім надакучылі пастаянныя сваркі, і яны сышлі ва ўкраінскія падраздзяленні.  Там таксама ёсць страты, як, напрыклад, Эдуард Лобаў, які ваяваў не ў беларускім падраздзяленні. І гэта вядомы выпадак. Але шмат невядомых, таму мы не можам назваць дакладную лічбу нашых стратаў.

Псіхалагічныя праблемы: ПТСР, залежнасці, немагчымасць знайсці сябе ў мірным жыцці

– Ці шмат беларусаў вяртаюцца з фронту сур’ёзна параненымі?

– Ёсць беларусы, якія страцілі канцавіны, атрымалі сур’ёзнае пашкоджанне ўнутраных органаў, псіхалагічныя траўмы. Ёсць людзі, якія пасля нават некалькі раненняў працягваюць ваяваць, той жа Радзівон Батулін ці Дзяніс Урбановіч – ён быў некалькі разоў кантужаны і паранены, але штораз вяртаецца на фронт.

– Якога кшталту псіхалагічныя траўмы ў ветэранаў?

– Найперш, ПТСР (посттраўматычны стрэсавы разлад – рэд.). Яшчэ адна праблема – немагчымасць знайсці сябе ў мірным жыцці і жаданне вярнуцца назад. Такую праблему мы памятаем яшчэ па афганскіх вайскоўцах, калі чалавек працягвае заставацца афганцам нават праз 20 гадоў пасля вайны. Ён не інжынер, умоўна, не сын, не муж, не бацька, ён – афганец. Чалавек не можа вярнуцца з вайны, хоць яна даўно скончылася. Ён не можа знайсці новае бачанне сябе. У нашым выпадку чалавек працягвае заставацца беларускім добраахвотнікам. Гэта праблема, бо ў мірным жыцці, у той жа Польшчы, скажам, большасці ўсё роўна, ваяваў ты ці не. Ты – звычайны чалавек, якому трэба быць мужам, бацькам, ці жонкай і маці, бо ў нас і дзяўчыны ваююць. Табе трэба знайсці прафесію, а не зацыклівацца на перажытым, што вельмі складана зрабіць. Таму шмат хто вяртаецца назад.

Ёсць яшчэ праблема, калі чалавек шмат ваяваў, нават медаль атрымаў, але «на гражданцы» адчувае сябе «пяцісотым» – то бок, дэзерцірам. Там паміраюць мае сябры, а я тут ем смачныя варшаўскія гофры. Гэта вельмі складана перажыць і растлумачыць сабе, чаму я не там. Большасць такіх людзей ідуць у актывізм, спрабуюць быць карыснымі.

Таксама не трэба скідваць з рахунку класічныя алкагалізм і наркаманію. У любой арміі вялізная праблема з залежнасцямі пасля кожнай вайны, і мы – не выключэнне.

«Само слова «рэабілітацыйны цэнтр» выклікала агіду»

– Ці дастаткова на сённяшні дзень псіхалагічнай дапамогі?

– Я не ўпэўнены, што яе ў прынцыпе можа быць дастаткова, але на сённяшні дзень гэтая галіна выглядае найбольш прыкрытай. Напэўна, хацелася б больш, лепш, але тут шмат робіцца, і вялізны дзякуй псіхолагам і псіхіятрам, якія бясплатна працуюць з байцамі. Праблема ў тым, што далёка не ўсе псіхолагі маюць кампетэнцыю працаваць з вайскоўцамі. Большасць з іх задзейнічаныя ва Украіне, таму тут колькасць не вельмі проста павялічыць.

Андрэй Кушняроў.
Фота: асабісты архіў героя

– Наколькі самі вайскоўцы гатовыя звяртацца па дапамогу да псіхолагаў?

– Гэта наш боль і бяда, бо яшчэ год таму пераканаць чалавека, што яму някепска было б на ратацыі пабыць не недзе на здымнай кватэры з алкаголем, кампутарнымі гульнямі і жанчынамі, а ў рэабілітацыйным цэнтры, было вельмі складана. Само слова «рэабілітацыйны цэнтр» выклікала агіду. Цяпер сітуацыя лепшая. Людзі бачаць, што хтосьці з’ездзіў і яму стала лепш. Я сам паехаў, каб паказаць, як гэта дапамагае. Людзі прымаюць, што калі сябар паехаў, то і мне не сорамна. Але ўсё роўна яшчэ ёсць нейкая ўнутраная стыгматызацыя – маўляў, як гэта я буду камунікаваць з псіхолагам? Хоць гэта патрэбна, напэўна, амаль усім.

«Мы будзем губляць ці грошы, ці людзей»

– Вы згадалі, што людзі сыходзяць з беларускіх падраздзяленняў, каб пазбегнуць канфліктаў. Ва ўкраінскіх лепш у гэтым сэнсе?

– Вы бачыце, што ў нас шмат спрэчак у апазіцыі. І беларускія падраздзяленні нічым не адрозніваюцца. Там пастаянныя спрэчкі. Хтосьці кагосьці абавязкова не любіць. Часам людзі ваявалі разам, а потым іх складана ўсадзіць за адзін стол, каб паразмаўляць. Так, паводзіны некаторых людзей, асабліва тых, хто больш ваюе з Кіеву, часам выклікаюць пытанні па розных момантах. Але ў любым выпадку мы як грамадзянская супольнасць яшчэ не саспелі да паспяховай калабарацыі.

Сітуацыя станавілася лепшай, калі з’яўляліся лідары – той жа Міраслаў Лазоўскі, «Брэст» – Іван Марчук, «Волат». Але мы іх губляем. Самыя адказныя, яскравыя, значныя фігуры згараюць дастаткова хутка, ідуць першымі ў бой, больш бяруць на сябе адказнасці, забіраюць тыя пазіцыі на фронце, куды іншыя не надта хочуць ісці. Так ты становішся самым дасведчаным байцом, але адначасова самым мёртвым.

– Што нам трэба зрабіць, каб дапамагчы беларускім добраахвотнікам – як ветэранам, так і тым, якія ваююць за Украіну на фронце?

– Працытую ўкраінскага байца – мабілізуйцеся. Медыі, беларускія палітыкі, звычайныя людзі – кажыце, што гэта і нашая вайна. Беларускаму грамадству трэба выпрацаваць разуменне сваіх прыярытэтаў, мэтаў, небяспекаў. Патрэбная рэфлексія, як мы сябе бачым у новай карціне свету пасля 2022 году, хто наш праціўнік, якія перад намі выклікі. Калі мы зразумеем, што гэта і нашая вайна, з’явіцца разуменне, як данаціць, куды данаціць, ісці ці не ісці служыць, ці збіраць дроны, ці на дроны і т.п.. Гэта ўсё прыйдзе, калі будзе разуменне небяспекі, якая пагражае і нашай краіне.

А так – патрэбныя людзі, грошы, транспарт. Зброя павінна ісці плынню… добраахвотнікі. Пакуль мы не пераможам. Гэтая вайна надоўга, і трэба настройвацца, што ці мы будзем губляць грошы, ці людзей. Удзельнічаць інфармацыйна, фізічна, грашыма – кожны няхай абярэ тое, што ён можа рабіць. Тады ў нас будзе шанец. Трэба ўсвядоміць, што вайна ва Украіне – гэта і беларуская вайна.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў