Латушка пра сустрэчу ў Сочы: «Лукашэнка дэманструе беларусам, што мы для яго рабы»


Пуцін і Лукашэнка ў Сочы.
Фота: http://kremlin.ru/

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пракаментаваў сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, што адбылася ў Сочы 22 лютага.

«Давайце проста прызнаем адно: вырашаюць лёс беларускага народу, але ні слова не кажуць беларускаму народу, пра што дамаўляюцца, якія рашэнні прымаюць, якія планы будуюць.

Яшчэ раз: Лукашэнка дэманструе беларусам, што мы для яго рабы, што мы для яго проста плебс, з якім не варта дзяліцца сваімі планамі і рашэннямі, таму што ён правіцель на зямлі беларускай, ён памазанец, які не абавязаны нікому ні пра што даваць справаздачы.

Дарожныя мапы? Колькі? 30, 35, 40, 100? Пра што яны, што ў іх напісана, – тое ўжо не трэба ведаць беларусам. Важна, што ведае пра гэта ён.

Колькі мы яшчэ будзем трываць знявагі з боку гэтага чалавека, які ўявіў, што толькі ён мае права вырашаць лёс людзей, не трымаючы гэтых людзей ні за што, не паведамляючы ім пра рашэнні, якія ён нібыта прымае ад імя народу. А ў рэчаіснасці – пра рашэнні, накіраваныя толькі на адно: захаванне ягонай улады і знішчэнне нашага суверэнітэту. Гэта поўная непавага і пагарда да беларусаў», – лічыць Павел Латушка.

Латушка мяркуе, што не трэба засяроджвацца на дробных дэталях сустрэчы і разважаць, што на ёй абмяркоўвалі, бо ўсё вырашаюць «за спінай беларускага народу».

22 лютага Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін зноў сустрэліся ў Сочы. Выглядае, што адной з галоўных тэмаў іхнай размовы сталі дарожныя мапы дзеля інтэграцыі, якіх так і не падпісалі напрыканцы 2019-га.

Hавiны
Лукашэнка не выканаў дамовы, пратэсты выгадныя Расеі. Што кажуць эксперты пра сустрэчу ў Сочы
2021.02.23 21:31

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў