«Усё як у людзей». Што паказалі на выставе «Беларусь інтэлектуальная»

Лукашэнку звадзілі на выставу. Паказалі спартыўныя і не надта электрамабілі, апараты для палётаў і стральбы, беларускія ноўтбукі, тэлевізары паслязаўтрашняга дня, спадарожнікі, пратэзы каленных суставаў, тлустыя суперлімоны і вельмі інавацыйныя сыры. Шмат было займальнага.

Фота: belta.by

І нават суперсучасныя штучна выгадаваныя смарагды вельмі рэдкага, ружовага колеру, якія, паводле стваральнікаў, традыцыйна даражэйшыя за зялёныя. Верагодна, таму за вырошчванне зялёных мы і не ўзяліся, не хацелася распыльвацца на дробязі. К – кемлівасць.

Канцэнтрацыя айчыннага інтэлекту на квадрат НВЦ «БелЭкспа», у народзе названага «рамонкам», была залімітавай.

Лукашэнка абыходзіў нешматлікія стэнды пад камерамі выключна патрыятычных тэлеканалаў, хмурыў бровы і задаваў пытанні выдатнай навуковай глыбіні: «А вось ты гэтыя трубкі паставіў, яны страляюць?» – «А гэта ж цалкам наш верталёт?» – і таму падобныя. Апафеозам сталася раскрыццё сакрэту запуску работаў на тэму штучнага інтэлекту ў Эміратах. Не абышлося, як высвятляецца, і там без ягонага ўдзелу. Стаяў ля вытокаў, ля калыскі, грудзьмі выкарміў. Зрэшты, гэта, здаецца, было пра штосьці іншае?

Ахоўнікі, якія траплялі ў кадр, паварочваліся спінай і пачуваліся адкрыта няёмка, адводзілі вочы. Наталля Эйсмант хавалася за магутную спіну Максіма Рыжанкова, і ўсіх удзельнікаў не пакідала нейкае напружанне, клопаты.

Фота: belta.by

Магчыма, няёмка было глядзець на ноўтбук, дзе, як высветлілася, з беларускага – корпус, плата і манітор. Але і манітор – не цалкам, шкло робяць толькі некалькі кампаній у свеце. Дый на плаце ўсё больш нейкія непатрыятычныя элементы. Таму і ў заяўленыя 30 % лакалізацыі трохі не верыцца, а ўжо пра 70 % нешта абяцаць… нічога не перашкаджае. Хто ж потым узгадае?

Або праз 5 гадоў пасля пачатку працы над электрабатарэяй, якая павінна нешта даказаць Ілану нашаму Маску, неяк дзіўна было чуць, што вось-вось, зусім неўзабаве… Хацелася прамога адказу на пытанне: «Дзе батарэя?» Але, мабыць, той, хто мог бы задаць такое пытанне, прадбачыць адказ, таму і абыходзіць акуратна тэму, і ківае акуратна галавой, і варушыць вусамі.

А за згадкі пра электрамабіль, які (нібыта) ездзіў па дарогах Радзімы ў лістападзе ўжо прызабытага 2017 года і літаральна праз год павінен быў «стаць на канвеер», сёння можна і тэрмін атрымаць, гадоў гэдак пяць, «за экстрэмізм». Так што ездзіў ды ездзіў, хіба мала што ездзіць у раёне Акадэміі навук.

Фота: belta.by

Няёмкасць, скаванасць удзельнікаў адчувалася праз экран.

Можна зразумець таго хлопца, студэнта, які беззапаветна (і бясплатна) нешта майструе на адпаведнай кафедры БНТУ або БДУ. Яму цікавы сам працэс пазнання свету праз інжынерную творчасць, ён малады, і перспектывы, якія адкрываюцца, узбуджаюць ягоную неакрэплую свядомасць.

Але дарослыя, а часта і зусім сталыя мужыкі, ну няўжо ж не задаюцца пытаннямі?

Ці павінна Нацыянальная акадэмія навук займацца распрацоўваннем ужо сто гадоў як вынайдзенага электраровара, электрасамаката, электрамабіля? Можа быць, гэтыя задачы павінны вырашацца гэтак сама, як ува ўсім свеце, на ўзроўні асобных кампаній? А Акадэмія навук патрэбная для чагосьці большага, чым новыя віды сыроў?

Ці не сорамна выдаваць за высокія навуковыя дасягненні простае капіяванне ўжо зробленага ў іншых рэгіёнах, краінах? Дзеля чаго гэтая дзейнасць? Проста каб пацешыць самалюбства аднаго малапісьменнага грамадзяніна думкай «і мы так можам»?

Зразумела ж, што канкурэнтаздольнага беларускага электрамабіля серыйнага выпуску не будзе ніколі пры гэтай уладзе, проста таму што гэта гульня для «вялікіх хлопчыкаў». Інвестыцыі ў такі праект – гэта мільярды долараў плюс выдатныя кампетэнцыі, чаго бракуе. Пытанне не ва ўменні «нарадзіць батарэю» ў адным экзэмпляры, для поспеху трэба нашмат больш. І няма ў нас у гэтай частцы ні аднаго паспяховага праекту.

Як няма да гэтага часу і беларускага ровара. Страчаныя веды. Дзіўна, што да гэтага праекту яшчэ не падключылі Акадэмію навук таварыша Гусакоўскага. Дык а чаму там адна Качанава надрываецца?

Фота: belta.by

Усе выдаткі на ўсю беларускую навуку складаюць $ 400 млн на год.

Для параўнання – толькі кампанія «Volvo Trucks» (грузавая тэхніка) выдае на даследаванні і распрацоўкі $ 1,8 млрд на год. Толькі адна кампанія, у адным сектары.

Дык каму ж трэба гэтая «выстава вырабаў»?

Зразумела, што хоць ледзь-ледзь адукаваны грамадзянін, які цяміць ды жыве ў краіне і супастаўляе «план/факт», назірае абсалютную адсутнасць сапраўдных вынікаў такой «навуковай» дзейнасці, даўно ўжо зняверыўся ў гэтых грамадзянах.

Ці можна прадаць такія «вясёлыя вырабы» нейкай частцы шчырых прыхільнікаў чырвона-зялёнай Беларусі? Сілавікам, бюджэтнікам?..

Фота: belta.by

Можна. Мае месца такі дзіўны эфект, калі грамадзянін, які назірае за тым, што адбываецца непасрэдна на ягоным працоўным месцы, крые «па маці» вінаватых у існых абставінах, але пры гэтым ён жа шчыра верыць, што гэта толькі ў яго (у калгасе, цэху, падраздзяленні) – ТАК! А дзесьці (у іншым раёне, галіне, а тым больш – у Акадэміі навук) усё зусім інакш. Ну не могуць жа гэтыя сур’ёзныя мужчыны ў гальштуках падманваць самога Аляксандра Рыгоравіча?

Так што ёсць у гэтага спектаклю гледачы. Яны ж за гэта і плоцяць, незалежна ад свайго жадання. $ 400 млн штогод – гэта па 100 рублёў з грамадзяніна, як на канцэрт Клавы Кокі схадзіць.

Нядорага за мрою, імітацыю, за адчуванне, што «і ў нас як у іх», і «мы ўсё можам».

P. S. Чытаў я пра «інавацыйныя ружовыя смарагды», а ў галаву лезлі радкі з «Дванаццаці крэслаў»: «Іпаліт Мацвеевіч азірнуўся. У цёмных кутах зачумленай дворніцкай успыхвала і дрыжала смарагдавае вясновае святло. Брыльянтавы дым трымаўся пад столлю. Жамчужныя каралі каціліся па стале і дзыгалі па падлозе. Каштоўны міраж узрушваў пакой».

Аляксандр Кныровіч / Авер belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў