Нямеччына ўсё ж такі адпраўляе ва Украіну танкі «Leopard»


Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц прыняў рашэнне паставіць баявыя нямецкія танкі «Leopard 2» ва Украіну. Гэта адбылося пасля шматмесячных спрэчак, паведамляе выданне Spiegel. Верагодна, саюзнікі Нямеччыны таксама пагодзяцца з гэтым.

Танк “Leopard 2”.
Фота: Узброеныя сілы Нямеччыны / bundeswehr.de

Па інфармацыі Spiegel, гаворка ідзе як мінімум аб адной роце «Leopard 2A6» – гэта 10 танкаў.  У будучыні могуць быць падрыхтаваны да выкарыстання і іншыя баявыя танкі з прамысловых запасаў.

Паведамляецца, што іншыя саюзнікі, у тым ліку са Скандынавіі, таксама хочуць паставіць Украіне асноўныя баявыя танкі «Leopard 2». Таксама федэральны ўрад Нямеччыны хоча даць дазвол на экспарт танкаў, якія належаць іншым дзяржавам, напрыклад Польшчы.

Зусім нядаўна ўрадавыя партнёры ўзмацнілі ціск на Шольца, каб той паставіў баявыя танкі ва Украіну. Толькі нядаўна канцлер прыняў рашэнне аб пастаўцы Украіне баявых машын пяхоты «Marder», паведамляе выданне.

Дагэтуль краіны Захаду крытыкавалі Нямеччыну за адмову паставак танкаў ва Украіну. Улады Польшчы заявілі, што будуць шукаць магчымасці самастойна дамаўляцца з іншымі краінамі і перадаваць нямецкія танкі абаронцам Украіны.

«У нас ёсць 22 машыны «Leopard 2A4», якія мы маглі б увесці ў строй і паставіць Украіне. Прывядзенне іх у парадак зойме крыху менш за год. Пастаўка магчымая ў канцы 2023, пачатку 2024 года», – раней заяўляў прадстаўнік канцэрну «Rheinmetall».

У канцэрне сцвярджаюць, што ўжо вясной сёлета кампанія падрыхтуе для Украіны 29 танкаў «Leopard 2A4», а таксама 88 адзінак баявой тэхнікі «Leopard 1».

Разбор
Ці прыйдуць ва Украіну нямецкія «Леапарды» і ці зменяць танкі ход вайны?
2023.01.20 20:04

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў