Пад санкцыі Украіны трапіў рэзідэнт ПВТ 


Украіна ўвяла санкцыі супраць беларускай кампаніі «Маштабныя рашэнні», што распрацоўвае сістэмы электроннага дакументазвароту і электронных сховішчаў дадзеных. Адпаведны ўказ падпісаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Парк высокіх тэхналогіяў. Менск, Беларусь.
Фота: БелТА / belta.by

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, якім надаў моц рашэнню Рады нацыянальнай бяспекі і абароны аб пашырэнні санкцыяў. У пералік трапілі больш за 300 кампаніяў і блізу 150 фізічных асобаў.

У спісе маецца адна беларуская фірма – ТАА «Маштабныя рашэнні». Як пазначана на сайце кампаніі, яна працуе з 2011 года, а з 2013-га – рэзідэнт Парку высокіх тэхналогіяў.

Спецыялізацыя фірмы – праектаванне і распрацоўванне праграмаў для аўтаматызацыі кіравання карпаратыўным кантэнтам, дакументамі і бізнес-працэсамі.

Сярод кліентаў кампаніі згадваюцца Дзяржаўны памежны камітэт, Белстат, Мінэканомікі і міністэрства працы, а таксама аўстрыйская фірма CSIE, для яе зрабілі інфармацыйную сістэму, якой карыстаюцца дыспетчары чыгункі.

Паводле звестак ПВТ, у «Маштабных рашэннях» працуе некалькі дзясяткаў асобаў.

Hавiны
Еўразвяз прыняў 12-ы пакет санкцыяў супраць Расеі, у ім – 11 беларусаў
2023.12.18 20:34

Заснавальнік беларускай фірмы – расейская кампанія «Электронные Офисные Системы», якая, сярод іншага, прапануе прадукты для абаронна-прамысловага комплексу.

«Дапаможам забяспечыць лічбавую імпартанезалежнасць, кантроль выканання абавязанняў у абаронзамовах, знізіць выдаткі на дакументацыйным забяспечванні вытворчасці», – паведамляецца на сайце прадпрыемства.

Супраць гэтай расейскай кампаніі Украіна таксама ўвяла санкцыі.

Абмежавальныя захады ўхваленыя на 5 гадоў. Санкцыі прадугледжваюць, у прыватнасці, блакаванне актываў і забарону супрацы.

Гэты спіс юрыдычных і фізічных асобаў Кіеў перадасць ЕЗ, ЗША ды іншым дзяржавам, каб тыя разгледзелі пытанне аб увядзенні сваіх санкцыяў.

Агляд
Дыягназ беларускай эканомікі: як рэжым навучыўся існаваць ва ўмовах санкцыяў
2023.12.03 07:20

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў