Выйшла на свабоду Таццяна Якельчык – апошняя асуджаная ў «справе студэнтаў»


Пра вызваленне Таццяны Якельчык паведамілі ў тэлеграм-канале «МГЛУ за Свабоду».

Палітзняволеная Таццяна Якельчык.
Фота: prisoners.spring96.org

Таццяна Якельчык – студэнтка механічна-матэматычнага факультэту БДУ. Яе затрымалі 26 лістапада 2020 года. У той дзень супрацоўнікі КДБ выламалі дзверы і правялі ператрус у кватэры Таццяны. Яна апынулася за кратамі і зрабілася фігуранткай «справы студэнтаў», у якой праходзілі 12 чалавек. Студэнтаў абвінавацілі ў змове, ажыццяўленні злачынства групаю асобаў і арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і прысудзілі да 2,5 гадоў зняволення.

Большасць асуджаных у справе выйшла на свабоду 30 лістапада 2022 года. Таццяна Якельчык была затрыманая на некалькі тыдняў пазней, таму вызвалілі яе ў снежні. Яна цалкам адбыла тэрмін пакарання.

У справе студэнтаў былі асуджаныя Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Кася Будзько, Ягор Канецкі, Глеб Фіцнэр, Ілля Трахтэнберг, Вікторыя Гранкоўская, Анастасія Булыбенка, Яна Арабейка, Вольга Філатчанкава, Алана Гебрэмарыям, Тацяна Якельчык.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў