«Цяжкавік» пад інтэграцыю і рэферэндум. Што азначае прызначэнне новага амбасадара РФ у Беларусі?


22 снежня Камітэт Дзяржаўнай думы ў справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязяў з суайчыннікамі ўхваліў кандыдатуру Барыса Грызлова на пасаду амбасадара Расеі ў Беларусі. Belsat.eu распавядае, чым вядомы Грызлоў і навошта Крамлю спатрэбілася змяняць амбасадара ў Менску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін паціскае руку Барысу Грызлову падчас штогадовага з’езду палітычнай партыі «Адзіная Расея» ў 2018 годзе.
Фота: Максім Шэметаў / Reuters / Forum

Ухваленне кандыдатуры Грызлова ў Дзярждуме не азначае, што ён ужо стаў амбасадарам. Каб Грызлоў мог прыступіць да выканання сваіх абавязкаў, адпаведны ўказ мусіць падпісаць прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, а ўлады Беларусі павінны выдаць новаму амбасадару агрэман (згоду на прызначэнне). Але, паводле «Интерфакса», усё гэта адбудзецца яшчэ да канца года.

Цяперашні амбасадар Расеі ў Беларусі Яўген Лук’янаў не паспеў прапрацаваць на сваёй пасадзе нават 9 месяцаў: яго прызначылі толькі ў канцы сакавіка 2021 года.

Хто такі Барыс Грызлоў?

Барыс Грызлоў нарадзіўся ў 1950 годзе. Скончыў Ленінградскі электратэхнічны інстытут сувязі, атрымаў спецыяльнасць радыёінжынера. У савецкі час працаваў на прадпрыемстве, якое ў тым ліку вырабляла інтэгральныя схемы для прыбораў абароннай вытворчасці, узначальваў мясцовы прафком камсамолу. Пасля распаду СССР Грызлоў займаўся бізнесам, працаваў у сістэме адукацыі і толькі ў канцы 1990-х прыйшоў у палітыку.

У пачатку 2000-х расейская прэса ўключала Барыса Грызлова ў гэтак званую групоўку піцерскіх. Гэта ўмоўны тэрмін журналісты выкарыстоўвалі ў дачыненні землякоў Пуціна, якія прайшлі ва ўладу і заставаліся там выключна дзякуючы асабістым сувязям з новым на той момант прэзідэнтам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Барыс Грызлоў і Юрый Слюсар падчас міжнароднага авіяцыйна-касмічнага салу ў горадзе Жукоўскі.
Фота: Марына Лысцева / TASS / Forum

Пры гэтым для «піцерскіх» Грызлоў быў фігурай не характэрнаю, яго не звязвала з Пуціным вучоба, служба ў КДБ або праца ў мэрыі Санкт-Пецярбургу. Паводле афіцыйнай версіі, пазнаёміліся яны толькі ў 1999 годзе. Расейскія журналісты выказвалі меркаванне, што кар’еру Грызлову вызначыла не столькі ягонае асабістае знаёмства з расейскім прэзідэнтам, колькі сяброўства з людзьмі з блізкага кола Пуціна. Грызлоў быў аднакласнікам цяперашняга сакратара Савету бяспекі РФ Мікалая Патрушава, а ў канцы 1990-х кіраваў выбарчай кампаніяй Віктара Зубкова – сябра Пуціна з піцерскай мэрыі і будучага прэм’ер-міністра (2007–2008). Але, паводле непацверджанай інфармацыі медыяў, Пуцін і Грызлоў маглі быць прыяцелямі задоўга да 1999 года.

Кульмінацыя кар’еры і адыход на другі план

На момант прыходу Пуціна да ўлады Грызлоў не быў вядомы шырокай публіцы. Нягледзячы на гэта, у 2000-м яго зрабілі кіраўніком праўладнай думскай фракцыі «Единство» (праз год яна пераўтворыцца ў «Единую Россию»), а ў 2001-м нечакана прызначылі на пасаду кіраўніка МУС, хаця сам ён сілавіком не быў. Працу ў МУС Грызлоў пачаў з амбітнай праграмы рэфармавання ведамства, але ў выніку ўсё абмежавалася PR-кампаніяй па барацьбе з гэтак званымі «пярэваратнямі ў пагонах» (карупцыянерамі сярод сілавікоў).

Ужо ў канцы 2003 года Грызлоў пакінуў міністэрскую пасаду і засяродзіўся на партыйнай працы: ён узначаліў «Единую Россию», якая атрымала большасць у парламенце, і быў прызначаны спікерам Дзярждумы. Пры ім Дзяржаўная дума стала паслухмяным інструментамі ў руках Пуціна, а ягонае бачанне нормаў парламенцкай працы ўвасобілася ў крылатай фразе – «Парламент – не месца для дыскусіяў».

У 2011 годзе Грызлоў сышоў з Дзярждумы, пасля чаго выступаў толькі на другарадных (калі не трэцярадных) ролях у расейскай палітыцы, а таксама працаваў у дзяржаўных карпарацыях. Ён дасюль застаецца старшынём Найвышэйшага савету партыі «Единая Россия», але гэтая пасада цяпер мае хутчэй сімвалічнае значэнне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Барыс Грызлоў і Дзмітрый Мядзведзеў на пленарным пасяджэнні падчас з’езду партыі «Адзіная Расея» у 2018 годзе.
Фота: Дзмітрый Астахаў / TASS / Forum

З 2015-га Грызлоў – прадстаўнік РФ у Трохбаковай кантактавай групы для ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. Праўда, апошнім часам праца ТКГ фактычна была замарожаная.

«Цяжкая артылерыя» на беларускім напрамку

Расейскія медыі ў адзін голас называюць Грызлова палітычным «цяжкавіком», які мае добрыя апаратныя сувязі і якому давярае Пуцін. «Проста так на такія пасады людзей узроўню Грызлова не прызначаюць», – заявіла крыніца Znak.com у Дзяржаўнай думе.

Прафесар МДУ, палітолаг Андрэй Манойла ў размове з радыё «Комсомольская правда» адзначыў, што гэтае прызначэнне сведчыць пра тое, што цяпер беларускі напрамак мае прыярытэтнае значэнне для Масквы: тут спатрэбілася «цяжкая артылерыя». «Папярэдні амбасадар займаў назіральную пазіцыю, а прызначэнне Грызлова стала б пераходам да актыўных дзеянняў», – кажа ён.

Кантэкст зразумелы: увосень 2021 года Пуцін і Лукашэнка падпісалі інтэграцыйныя праграмы, якія плануецца зрэалізаваць да канца 2023 года, у выніку чаго мусіць запрацаваць прынцып «дзве краіны – адна эканоміка». У гэтых пагадненнях не закранаецца пытанне палітычнай інтэграцыі, але і Пуцін, і Лукашэнка дапускалі, што паспяховая эканамічная інтэграцыя амаль аўтаматычна можа пацягнуць за сабою палітычную – напрыклад, стварэнне агульнага парламенту. Палітолаг Дзмітрый Абзалаў у інтэрв’ю газеце «Коммерсант» дапусціў, што Грызлова могуць прызначыць якраз з прыцэлам на будучае стварэнне супольнага парламенту дзвюх краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Барыс Грызлоў, Дзмітрый Мядзведзеў і Сяргей Нявераў напярэдадні сумеснага пасяджэння партыі «Адзіная Расея» у 2015 годзе. Фота, Дзмітрый Астахаў / TASS / Forum

Раней некаторыя расейскія журналісты і палітолагі выказвалі меркаванне, што Пуцін наагул разлічвае далучыць Беларусь да Расеі да 2024 года, каб на хвалі «народнай любові» пераабрацца на чарговы тэрмін. Калі ў Крамлі сапраўды маюць такія планы, то прызначэнне Грызлова выглядае цалкам лагічна: для паскарэння інтэграцыі Пуціну трэба мець у Менску моцную палітычную фігуру, а не кадравага дыпламата, якім быў Лук’янаў.

Змена мадэлі дзяржавы

Першы намеснік старшыні камітэту Дзяржаўнай думы ў справах СНД Канстанцін Затулін адкрыта заявіў, што Грызлоў патрэбен у Беларусі ў святле рэалізацыі інтэграцыйных праграмаў. Прычым у інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь», адказваючы на пытанне пра межы інтэграцыі, ён не выключыў нават аб’яднання Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву. «Усё можа быць», – сказаў ён.

Затулін пазначыў і яшчэ адзін пункт беларуска-расейскіх дамоўленасцяў – «канстытуцыйны працэс».

«У Беларусі будзе мяняцца Канстытуцыя, будзе мяняцца мадэль дзяржавы. Зыходзячы з гэтага, прысутнасць палітыка на пасадзе амбасадара важная», – падкрэсліў ён.

Магчымая трансфармацыя палітычнай мадэлі ў Беларусі – гэта сапраўды важны пункт у стасунках Менску і Масквы. Мяркуючы з усяго, змена Канстытуцыі стала адною з галоўных умоваў Крамля, на якіх Расея была гатовая падтрымаць Лукашэнку падчас масавых пратэстаў. Кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў у верасні 2020 года казаў, што пасля канстытуцыйнай рэформы Лукашэнка нават абяцаў абвесціць датэрміновыя выбары.

Аналітыка
Пуцін заклікаў да дыялогу. А што раней у Крамлі казалі пра палітычны крызіс у Беларусі?
2021.11.19 16:03

Публічна Масква не агучвала пажаданняў наконт зместу канстытуцыйнай рэформы, але ясна, на які вынік расейскае кіраўніцтва разлічвае. Крэмль хоча зрабіць беларускую палітычную сістэму больш стабільнаю, прадказальнай і кантраляванаю, каб расейскія інтарэсы ў Беларусі былі завязаныя не на аднаго Лукашэнку.

Хаду думак расейскага кіраўніцтва цудоўна ілюструюць апублікаваныя год таму выданнем «The Insider» дакументы з Адміністрацыі прэзідэнта РФ, падрыхтаваныя ўпраўленнем, якое ўзначальвае генерал Службы вонкавай выведкі Уладзімір Чарноў. У прыватнасці, у дакументах вялося пра тое, што ў выніку канстытуцыйнай рэформы трэба пашырыць паўнамоцтвы парламенту, а потым забяспечыць там прарасейскую большасць, «што зробіць унутраную і вонкавую палітыку краіны больш вызначанаю».

Праект Канстытуцыі, які хоча прыняць на рэферэндуме Лукашэнка, прадугледжвае істотнае пашырэнне паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу, а не парламенту. Сваё стаўленне да такой версіі канстытуцыйнай рэформы ў Крамлі публічна не выказвалі, але агульная мэта – зрабіць палітычны рэжым у Менску больш прадказальным і кантраляваным – наўрад ці змянілася. Сачыць за дасягненнем гэтай мэты, імаверна, будзе яшчэ адною задачаю Грызлова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Барыс Грызлоў.
Фота: Юлія Зырянова / TASS / Forum

Пры гэтым ад Грызлова не варта чакаць агрэсіўнага стылю паводзінаў, які дэманстраваў у Беларусі іншы расейскі «цяжкавік» Міхаіл Бабіч. Бабіч узначальваў амбасаду ў 2018–2019 гадах у перыяд гэтак званага ўльтыматуму Мядзведзева і быў адкліканы праз асабісты канфлікт з Лукашэнкам. У адрозненне ад Бабіча, Барыса Грызлова характарызуюць як «абсалютна нехарызматычнага, але паслухмянага выканаўцу», хутчэй узорнага бюракрата, чымся палітыка. На публічную канфрантацыю з Лукашэнкам ён не пойдзе, усе пытанні будуць развязвацца негалосна.

Украінскі кантэкст

Канстанцін Затулін, каментуючы розным медыям прызначэнне Грызлова, рабіў і яшчэ адзін цікавы акцэнт: ён адзначыў, што новы амбасадар «мае досвед у тым ліку міжнародных канфліктах».

«У нас сурʼёзныя праблемы на заходнім кірунку, абвастрэнне сітуацыі і вакол Украіны, і вакол Беларусі. А Грызлоў на працягу шэрагу гадоў выконваў асобыя даручэнні прэзідэнта, калі справа датычыла Украіны», – заявіў ён у інтэрв’ю радыёстанцыі «Эхо Москвы».

Навошта «ўкраінскі досвед» Грызлова спатрэбіўся ў беларуска-расейскіх стасунках? Імаверна, цяпер Крамлю патрэбная больш шчыльнай каардынацыі вонкавай палітыкі Беларусі і Расеі на ўкраінскім кірунку, асабліва з улікам пагрозы новай вайны. Паколькі Грызлоў глыбока ўцягнуты ва ўкраінскую тэму, ягоная фігура ў Менску можа выглядаць аптымальнаю для Крамля і з гэтага гледзішча. Дарэчы, паводле «Коммерсанта», Грызлоў будзе сумяшчаць працу амбасадара з працай у ТКГ.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра пагрозу ўцягвання Беларусі ў расейска-ўкраінскі канфлікт
2021.12.09 14:30

РР belsat.eu

Стужка навінаў