Лукашэнка асудзіў «дэмарш» Арменіі ў АДКБ. Яму нагадалі, як ён рабіў тое самае


Праблемныя пытанні, што ўзнікаюць у АДКБ, трэба залагоджваць за сталом перамоваў, а не рабіць дэмаршы без прычын. Пра гэта 23 лістапада заявіў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні сесіі Савету калектыўнай бяспекі АДКБ у пашыраным складзе.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Як піша БелТА, такую заяву ён зрабіў, каментуючы адмову прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыньяна прысутнічаць на саміце АДКБ у Менску.

«Мы таксама, не буду гэтага хаваць, абмяркоўвалі сітуацыю на Каўказе і пэўную незадаволенасць аднаго з чальцоў Савету калектыўнай бяспекі. Мы прыйшлі да адзінай высновы, што праблемныя пытанні заўсёды былі і будуць. Калі мы мяркуем іх залагоджваць, то іх трэба залагоджваць за сталом перамоваў, не рабіць дэмаршаў без прычынаў, без пэўных прычынаў», – заявіў Лукашэнка.

Аналітыка
Арменія развітваецца з Расеяй і АДКБ? Што адбываецца паміж Ерэванам і Масквой
2023.09.08 07:15

Прэм’ер-міністр Арменіі заявіў, што не паехаў у Менск не праз адмову ўдзельнічаць у саміце АДКБ, а з увагі на пастанову «не прысутнічаць на гэтых сустрэчах». Стасункі Арменіі з Арганізацыяй дамовы калектыўнай бяспекі пагоршыліся ў сувязі з канфліктам з Азербайджанам. У Ерэване ўпэўненыя, што хаўрусніца Расея мусіла дапамагчы, аднак не зрабіла гэтага.

Адмовіўся ляцець у Менск і міністр замежных справаў Арменіі Арарат Мірзаян.

Лукашэнка раіў Пашыньяну «не спяшацца, не прымаць паспешных пастановаў, а сур’ёзна абдумваць наступныя крокі, што могуць быць скіраваныя на дэзынтэграцыю».

Тым часам беларускі палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман нагадаў у сацсетцы X, як сам Лукашэнка ў 2009 годзе адмовіўся ехаць на саміт АДКБ у Маскву з прычыны расейскіх санкцыяў на беларускія малочныя прадукты. У Маскве тады назвалі ягоную пазіцыю недарэчнай.

Hавiны
«Ёсць праблемы». Армянскі дыпламат распавёў, што Ерэвану не падабаецца ў Расеі і АДКБ
2023.09.17 09:38

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў