Кіраўнік МЗС Арменіі ўслед за прэм’ерам рэспублікі адмовіўся ехаць у Менск на саміт АДКБ


Міністр замежных справаў Арменіі Арарат Мірзаян праінфармаваў беларускага калегу пра тое, што не прыедзе ў Менск на саміт АДКБ, паведаміў МЗС Беларусі. Прычыны гэтага рашэння не называюцца. Раней у саміце адмовіўся браць удзел прэм’ер-міністр рэспублікі Нікол Пашыньян.

Міністр замежных справаў Арменіі Арарат Мірзаян.
Фота: factor.am

Паводле інфармацыі, якую распаўсюдзілі міністэрствы замежных справаў Беларусі і Арменіі, Арарат Мірзаян «не зможа ўзяць удзелу» у сумесным пасяджэнні Савету міністраў замежных справаў, Савету міністраў абароны і Камітэту сакратароў саветаў бяспекі АДКБ.

Армянскі міністр паведаміў пра гэта беларускаму калегу Сяргею Алейніку падчас тэлефоннай размовы. Гутарка адбылася з ініцыятывы Менску.

З якой прычыны Мірзаян не прыедзе ў Беларусь, не ўдакладняецца.

У МЗС Арменіі адзначылі, што, апроч цяперашняй дзейнасці АДКБ, дыпламаты абмеркавалі пытанні двухбаковых стасункаў.

14 лістапада стала вядома, што на саміт Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі, які адбудзецца ў Менску 23 лістапада, не прыедзе і прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян. Ён, праўда, сцвярджаў, што гэта не адмова ад удзелу, а «рашэнне не прысутнічаць на гэтых сустрэчах з розных прычынаў».

Hавiны
«Не адмова, а рашэнне не прысутнічаць». Прэм’ер Арменіі растлумачыў, чаму не паедзе ў Менск на саміт АДКБ
2023.11.15 18:42

Стасункі Ерэвана з АДКБ пагоршыліся ў звязку з канфліктам з Азербайджанам. У Ерэване ўпэўненыя, што хаўрусніца Расея мусіла дапамагчы, аднак не зрабіла гэтага.

Раней Арменія адмовілася ладзіць вучэнні АДКБ на сваёй тэрыторыі, адклікала свайго прадстаўніка ў арганізацыі, а Пашыньян казаў, што «АДКБ сыходзіць з Арменіі».

Аналітыка
Саміт на фоне чутак аб распадзе. Што адбываецца з АДКБ?
2023.11.20 18:04

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў