Вакцына «Спутнік V» не абараняе ад новых штамаў каронавіруса


Вакцына «Спутнік V», якую прапануюць беларускія медычныя ўстановы для абароны ад каронавіруса, стала зусім неэфектыўнай супраць новых штамаў хваробы. Аб гэтым заявіў дырэктар расейскага Навукова-даследчага цэнтру эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя Гамалеі Аляксандр Гінцбург.

Вакцына «Спутник Лайт».
Фота: vesti.ru

Навуковец адзначыў, што яшчэ пакуль нельга казаць аб тым, што пандэмія COVID-19 завершаная, вірус пастаянна эвалюцыянуе і прыстасоўваецца.

У сувязі з гэтым зыходны «Спутнік V» абараняў ад COVID-19 цягам першых двух гадоў: з жніўня 2020 года да ліпеня 2022-га. З сярэдзіны лета 2022 года, калі з’явіліся варыянты «амікрон» 1, 2 і 3, эфектыўнасць «Спутніка V» знізілася ў 8 разоў. А калі з’явіўся «амікрон» 4 і 5 – нават у 20 разоў.

«А калі з’явіўся ХВВ. 1.5-варыянт «амікрона» («кракен»), – гэта было ў студзені 2023 года, – «Спутнік» перастаў абараняць проста зусім. Таму трэба было яшчэ летам мінулага года мяняць антыгенны склад вакцыны», – адзначыў Аляксандр Гінцбург.

Пры гэтым навуковец адзначыў, што зараз вядуцца клінічныя выпрабаванні абноўленага «Спутніка» на аснове XBB.1.5, якія скончацца 10 снежня. Пры гэтым згодна з расейскім заканадаўствам, пачынаючы ад гэтай даты навукоўцы пачнуць напрацоўваць серыі, а пасля праводзіць іх праверку. Усё гэта прывядзе да ссоўвання тэрмінаў уводу вакцыны ў грамадзянскі зварот яшчэ на 2,5 месяцы. Гэта значыць, прышчапляць ёй пачнуць недзе з сакавіка 2024 года.

Нагадаем, што намеснік міністра аховы здароўя Юрый Горбач заклікаў беларусаў праходзіць вакцынацыю ад COVID-19 і адзначыў, што на сённяшні дзень у Беларусі можна прышчапіцца вакцынамі «Гам-Ковід-Вак», «Спутнік Лайт». Паводле ягоных словаў «гэта вакцыны, якія поўнасцю прайшлі кантроль якасці, колькасць антыгену ў іх у параўнанні з мінулым годам павялічана ў тры разы, і гэта адпавядае лепшым сусветным стандартам».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў