ГУБАЗіК затрымаў 50-гадовую гарадзенку за ўдзел у пратэставай акцыі ў верасні 2020 года


Супраць 50-гадовай жыхаркі Горадні распачатая крымінальная справа за тое, што яна выйшла на праезную частку падчас Маршу адзінства 6 верасня.

МУС паведамляе, што жанчыну затрымалі байцы ГУБАЗіКу.

«Разам з іншымі ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства жанчына выходзіла на праезную частку, блакуючы рух, а таксама стаяла ў счэпцы, аказваючы непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыянтаў», – адзначаецца ў прэс-рэлізе.

Супраць жанчыны завялі крымінальную справу паводле арт. 342 («Удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Паведамляецца, што яна працуе начальніцай сектару аднаго з прадпрыемстваў гораду.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Следчы камітэт заяўляе, што са жніўня завялі больш як 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, а Генеральная пракуратура сцвярджае, што за гэты перыяд было зарэгістравана больш за 3000 такіх «злачынстваў». Дакладная колькасць палітычна матываваных крымінальных справаў застаецца невядомай.

На 23 чэрвеня 502 асобы прызнаныя палітвязнямі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталі ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 000 чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 15 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў