Экс-кіраўніка Віцебскага гарвыканкаму, сыноў якога затрымлівалі падчас пратэстаў, прызначылі дырэктарам хімчысткі


Былы старшыня Віцебскага гарвыканкаму Вадзім Заранкін цяпер займае пасаду дырэктара хімчысткі – ААТ «Абʼяднанне Лотас».

Вадзім Заранкін узначаліў Віцебск 30 студзеня 2020 года. Да гэтага ён доўгі час кіраваў абласным Камітэтам дзяржкантролю. Падчас паслявыбарчых пратэстаў ягоных сыноў затрымлівалі сілавікі.

У верасні суд пакараў адміністратыўным арыштам на 13 содняў Філіпа Заранкіна – за ўдзел у маршы супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Хлопец сцвярджаў, што проста ішоў дадому з працы. А 12 кастрычніка з машыны каля крамы «Рыга» выцягнулі і старэйшага сына старшыні гарвыканкаму Уладзіміра Заранкіна. Мужчына казаў, што прыехаў на закупы, але яго арыштавалі на 10 содняў.

Пра адстаўку былога старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэту стала вядома сёлета 30 студзеня. Афіцыйнаю прычынай назвалі пераход на іншую працу. Пасля адстаўкі Заранкіна пасада старшыні гарвыканкаму заставалася вакантная чатыры з паловай месяцы.

Вадзім Заранкін быў прызначаны на новую пасаду 1 красавіка. «Абʼяднанне Лотас» падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленню гандлю і паслугаў Віцебскага аблвыканкаму. Прадпрыемства спецыялізуецца на аказанні паслугаў насельніцтву і арганізацыям Віцебску – мыццё бялізны, хімічная чыстка і фарбаванне ўсіх відаў адзення, чыстка прадметаў інтэр’еру.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў