Палітолаг Яўген Магда: «Не выключаю, што ў траўні Украіна разарве дыпламатычныя стасункі з Беларуссю»


Палітолаг Яўген Магда ў сваім выступе на ІІІ Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету ў Празе 23 сакавіка выказаў меркаванне, што Украіна ўжо ў траўні можа разарваць дыпламатычныя адносіны з рэжымам Лукашэнкі, перадае карэспандэнт «Белсату».

Амбасада Украіны ў Менску.
Фота: sb.by

Яўген Магда выступаў у рамках беларуска-ўкраінскай панэлі.

«Не выключаю, што ў траўні Украіна разарве дыпадносіны з рэжымам Лукашэнкі», – сказаў палітолаг.

Разрыў дыпадносінаў Кіеву з Менскам, па меркаванні Магды, можа адбыцца праз адкрыццё беларускага консульства ў Растове, якое будзе ахопліваць сваёй «працаю» акупаваныя Расеяй тэрыторыі Украіны.

Беларусь плануе адкрыць генеральнае консульства ў Растове-на-Дану да 1 ліпеня 2024 года, як прадугледжвае пастанова Савету Міністраў ад 29 снежня 2023 года №977. Паводле гэтага ж дакументу, не пазней за 1 ліпеня бягучага года аддзяленне амбасады Беларусі ў Растове-на-Дану будзе зачыненае.

Консульская акруга залучыць Растоўскую і Валгаградскую вобласці Расеі. А таксама акупаваныя часткі Запарожскай і Херсонскай вобласці Украіны, анексаваны Крым, гэтак званыя ДНР і ЛНР. Каб атрымаць на гэта згоду, Беларусь мела даслаць адпаведную ноту Расеі. Але зацікаўлены бок тут і Украіна.

«У адпаведнасці з артыкулам сёмым Венскай канвенцыі, рускі консул можа ажыццяўляць консульскія функцыі на тэрыторыі трэцяй краіны, калі трэцяя краіна не выказала яўнага пярэчання на ажыццяўленне дзейнасці консульства, консульскіх функцыяў беларускім консулам на тэрыторыі сваёй краіны», – кажа былы дыпламат, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Такім чынам, Украіна мае законнае права апратэставаць дзеянне беларускага консульства на сваёй тэрыторыі. Але чамусьці не робіць гэтага. Адною з прычынаў малодшы аналітык рады вонкавай палітыкі «Украінская прызма» Паўло Радзь называе адсутнасць беспасярэдніх дыпламатычных каналаў паміж нашымі краінамі.

Hавiны
Амбасада Украіны ў Менску пад узмоцненым наглядам? Звесткі «Кіберпартызанаў»
2024.02.12 16:09

Украіна не разарвала дыпламатычныя адносіны з Беларуссю пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі. Да 22 чэрвеня 2023 года ў Менску знаходзіўся амбасадар Украіны Ігар Кізім. Пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком непрызнаванай ДНР Дзянісам Пушыліным прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі вызваліў Кізіма ад абавязкаў. Да гэтага Ігар Кізім заставаўся ў Менску, нягледзячы на скандальныя дзеянні, якія дазваляў сабе беларускі бок. Напрыклад, яшчэ ў верасні 2020 года лукашэнкаўскія памежнікі агледзелі багажнік аўтамабіля дыпламата, хоць, згодна з венскімі канвенцыямі, гэта недапушчальна.

Альянс расследавальнікаў Беларусі атрымаў і прааналізаваў справаздачы МУС. Звесткі, якія змяшчаюцца ў іх, могуць сведчыць, што ў пэўны перыяд за Амбасадай Украіны ў Рэспубліцы Беларусь пад выглядам аховы фактычна праводзілася ўзмоцненае назіранне і адсочванне кантактаў.

Новага амбасадара ў Беларусі Украіна не прызначала.

Ігар Кізім на пачатку лютага 2024 года быў прызначаны амбасадарам для асаблівых даручэнняў у справе Беларусі. У ягоныя абавязкі ўваходзяць «пытанні, звязаныя з дэмакратычнымі сіламі Беларусі як часткаю беларускага грамадства, якая выступае супраць палітыкі цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, асабліва ў тым, што датычыць падтрымання расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны».

Аб’ектыў
МЗС Украіны ад каментароў адмовілася
2024.02.14 21:04

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў