Якія законы ўжо парушылі падчас рыхтавання да «рэферэндуму»


Беларусам прапануюць выбраць між дзвюма варыянтамі Канстытуцыі, абодва з якіх задаволяць Аляксандра Лукашэнку. І ў працэсе рыхтавання да «рэферэндуму» улады парушаюць свае ж законы.

Засакрэчаныя выбарчыя камісіі. Калаж з фота: Белсат

Цэнтральная выбарчая камісія прызнала ў размове з чытачкай «Белсату» Любоўю Кавальчук, што засакрэціла спісы чальцоў участковых выбарчых камісіяў. Гэта супярэчыць артыкулу 36 Выбарчага кодэксу, які патрабуе публікаваць імёны і прозвішчы. У ЦВК заявілі, што прынялі такое рашэнне «калегіяльна», але ЦВК не мае законных паўнамоцтваў самастойна перапісваць Выбарчы кодэкс.

Наколькі гэта сур’ёзнае парушэнне – сакрэтныя камісіі?

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» кажа «Белсату»: сакрэтныя камісіі – вельмі істотнае парушэнне і Выбарчага кодэксу, і сутнасці электаральнага працэсу.

Hавiны
Першы ў памяшканне будзе заходзіць міліцыянт. Міністр МУС Кубракоў распавёў, як пройдзе «рэферэндум»
2022.02.11 15:46

«Ужо сумна жартуюць, што раней было не вядома, як лічаць, а цяпер і тое, хто лічыць, – адзначаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары». – Выбарчыя адміністрацыі, тое, як яны ўтвараюцца, з каго складаюцца і як працуюць, – адзін з найважнейшых чыннікаў даверу да выбараў ці рэферэндумаў.

Недарма Выбарчы кодэкс найпадрабязнейшым чынам рэгламентуе ўсе звязаныя з гэтым працэдуры. Засакрэчванне складу камісіяў, акрамя прамой неадпаведнасці нормам Выбарчага кодэксу, робіць немагчымым праверку і забеспячэнне выканання шэрагу працэдурных гарантыяў, скіраваных на незалежнасць і плюралістычнасць камісіяў.

Такое беспрэцэдэнтнае нагнятанне ўладамі атмасферы запалохвання, нівеляванне нават тых працэдураў Выбарчага кодэксу, якія больш-менш выконваліся раней, робіць гэты рэферэндум усё больш таксічным і непрадказальным для выбарнікаў».

Дарэчы, засакрэцілі тых самых чальцоў выбарчых камісіяў, ад імя якіх запісвалі відэазвароты «Мы не баімся».

Hавiны
Чальцы выбаркамаў пішуць відэа «Мы не баімся». Ці ёсць чаго баяцца, акрамя іншых відэа па хэштэгу?
2022.02.10 14:40

Што яшчэ парушылі

Незаконна «перанаселеныя» выбарчыя ўчасткі. Тая ж чытачка, якая атрымала ад ЦВК прызнанне ў парушэнні артыкулу 34 Выбарчага кодэксу, раней заўважыла парушэнне артыкулу 17. Выбарчыя ўчасткі забаронена рабіць на больш як 3000 выбарнікаў, але ў «Маяку Менску» і комплексе «Магістр», падобна, створаць участак на больш як 5000. Дый на мінулых выбарах былі ўчасткі на больш як 4000 выбарнікаў.

Нішто не перашкаджае падмяніць чальцоў камісіяў на ўчастку. Таксама нашая чытачка спытала ў ЦВК, ці будуць у чальцоў камісіі на ўчастку хоць бы бэйджы. У ЦВК адказалі, што бэйджы будуць, на іх будуць напісаныя імя і прозвішча, але фота на бэйджы не будзе. Гарантыяў таго, што бэйдж не начэпіць хтосьці іншы, у ЦВК не даюць, і на пытанне, ці можна патрабаваць, каб паказалі бэйдж, калі яго схаваюць (а такое бывала на папярэдніх выбарах), не адказалі. Выходзіць, «няправільнага» чальца камісіі могуць замяніць у абыход артыкулу 36 Выбарчага кодэксу.

Прадстаўнікоў апазіцыі ў выбарчых камісіях няма. Наўпрост гэта не парушае Выбарчага кодэксу, але ўмовы ствараюцца відавочна няроўныя. У снежні 2021 года прайшла хваля ператрусаў у тых, хто быў актыўны на выбарах-2020. З аповедаў тых, па каго прыходзілі, выглядае, што нічога не шукалі, а проста ўчынілі пагромы. «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што людзі не згодныя з уладамі «у створанай уладамі абстаноўцы ўсеагульнага страху і рэпрэсіяў не ўдзельнічалі актыўна ў вылучэнні сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі». Вылучыліся толькі 42 прадстаўнікі апазіцыйных партыяў і непраўладных грамадскіх аб’яднанняў, прайшло нуль, затрымалі прынамсі аднаго. А 51,2 % участковых і 54,39 % тэрытарыяльных выбарчых камісіяў складаюць прадстаўнікі праўладных аб’яднанняў – з іх вылучэнцаў прайшлі каля 99 %. Гэта выглядае на дыскрымінацыю з палітычных матываў, што парушае артыкул 22 Канстытуцыі Беларусі. Акрамя таго, праўладныя арганізацыі (як БРСМ ці ФПБ) фактычна існуюць на бюджэтныя грошы і падкантрольныя ўладам – іх чальцы практычна (але не юрыдычна) дзяржаўныя службоўцы, а артыкул 34 Выбарчага кодэксу дазваляе мець у выбарчых камісіях не больш за траціну дзяржаўных службоўцаў.

Артыкулы
«Назіраць могуць усе». Як будзе арганізавана незалежнае назіранне на «рэферэндуме»?
2022.01.29 08:00

Ужо пачаліся прэвентыўныя затрыманні. На Дзень святога Валянціна ў Менску затрымалі актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова і Маю Навумаву. У ГУУС ім наўпрост сказалі, што вядуць прэвентыўныя затрыманні ў чаканні рэферэндуму. Пра «прэвентыўныя» затрыманні паведамлялі і іншыя людзі. Затрыманне проста дзеля застрашвання – гэта незаконнае пазбаўленне волі, за якое мусілі б караць паводле артыкулу 183 Крымінальнага кодэксу, а палітычныя матывы ў гэтым выпадку – абцяжарвальныя абставіны згодна з артыкулам 64 Крымінальнага кодэксу.

Улады адмовіліся выконваць міжнародныя абавязкі. Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) назірала за выбарамі ў Беларусі да 2020 года (у 2020-м і 2022-м назіральнікаў з Еўропы не запрасілі). Назіральнікі БДІПЧ заўважалі шмат парушэнняў міжнародных абавязкаў, якія на сябе Беларусь узяла сама. Напрыклад, на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе ў ліку парушаных пагадненняў былі Капэнгагенскі дакумент АБСЕ 1990 года, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыя аб правах інвалідаў. БДІПЧ давала рэкамендацыі аб тым, як заўвагі выправіць, але (у парушэнне Стамбульскага дакументу АБСЕ 1999 года) Беларусь закідаў не ўлічыла.

Аналітыка
Як тры мінулыя рэферэндумы ўплывалі на рэальнае жыццё беларусаў
2022.02.04 16:00

Чыноўнікі неахвотна каментуюць «рэферэндум». Артыкул 13 Выбарчага кодэксу абавязвае рыхтаваць рэферэндумы і выбары адкрыта і галосна, а мясцовыя органы ўлады і адпаведныя камісіі абавязвае інфармаваць грамадзянаў аб сваёй працы, у тым ліку аб утварэнні выбарчых акругаў. Ды атрымаць тлумачэнні ад чыноўнікаў складана: або не здымаюць слухаўкі, або перанакіроўваюць па коле між інстанцыямі, або патрабуюць асабістага візіту, бо «не ведаюць, з кім размаўляюць». Згаданая чытачка «Белсату» не змагла высветліць у чыноўнікаў, як запісацца ў «дружыннікі» і як паўдзельнічаць у канцэртах з нагоды «рэферэндуму». Таксама і абмеркаванне праекту Канстытуцыі адбывалася фактычна таемна, «у працоўных калектывах» – паводле «Праваабаронцаў за свабодныя выбары», абмеркаванне за зачыненымі дзвярыма «хутчэй насіла характар агітацыі».

Патэнцыйна могуць парушыць таямніцу галасавання. Ужо ствараюцца перадумовы для таго, каб чальцы камісіяў і назіральнікі бачылі, як чалавек прагаласаваў: «у мэтах прафілактыкі рызыкаў, звязаных з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі» з кабінак для галасавання загадана прыбраць шторкі. Пры тым адносна кантролю за «правільным» галасаваннем у метадычцы ёсць сказ з узаемавыключальнымі часткамі: з аднаго боку, месца для галасавання трэба абсталяваць так, каб выключыць магчымасць кантролю за волевыяўленнем, а з другога – адвесці ўсім назіральнікам такое месца, каб яны маглі бачыць працэдуру галасавання. Як спалучыць гэта з вузкай кабінкай і адразу некалькімі назіральнікамі, ЦВК не тлумачыць. Выходзіць, могуць парушыць артыкулы 3, 9, 13, 51 і 52 Выбарчага кодэксу – а за гэта мусяць несці адказнасць паводле артыкулу 49 Выбарчага кодэксу.

Hавiны
Улады запланавалі распрацаванне закону аб УНС, хоць папраўкі ў Канстытуцыю яшчэ і не прынялі
2022.02.10 15:24

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў