Крэдыты падаражэюць: Нацбанк пастанавіў астудзіць эканоміку, каб пазбегчы крызісу


У Нацыянальным банку заявілі, што беларуская эканоміка болей не мае патрэбы ў мяккай манетарнай палітыцы, бо «здолела адаптавацца да санкцыйных выклікаў». «Белсат» папрасіў эканамістку Настассю Лузгіну растлумачыць, што гэта азначае і чаго чакаць беларусам.

Коммунальные услуги, счётчики, кошелёк, коммуналка, деньги, рубли, беларусский рубль, цены, стоимость, калькулятор
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанку Андрэй Кацегаў заявіў, што беларуская эканоміка «здолела адаптавацца да выклікаў, найперш – санкцыйных, і ў тым аб’ёме і ўзроўні мяккасці яна не мае патрэбы»:

«Існы ўзровень ставак не будзе рухацца ўніз ці будзе ісці ўверх – гэта будзе залежаць ад шмат якіх чыннікаў, але той мяккасці, што была апошнія два гады, ужо не будзе».

Прадстаўнік Нацыянальнага банку таксама адзначыў, што сёлета рэгулятар будзе імкнуцца да гадавой інфляцыі памерам 5 %.

«Мы ў любым выпадку не дапусцім інфляцыйнага навесу ў краіне, цяпер яго няма, паводле нашых ацэнак. Аднак, улічваючы мяккасць грашова-крэдытнай палітыкі і рост унутранага попыту, да гэтага пытання трэба ставіцца асцярожна», – сказаў Кацегаў.

Даведка
Эканамісты BEROC, наадварот, упэўненыя, што дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў акурат стварыла інфляцыйны навес.

У каментары «Белсату» старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна адзначыла нерашучасць Нацбанку: далейшага змякчэння манетарнай палітыкі не будзе, але і не абяцаюць пераходу да жорсткіх захадаў.

«Хутчэй за ўсё, яны будуць уводзіць пэўныя захады ўзмацнення жорсткасці, аднак асабліва не прагучала, што яны пераходзяць да жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. Гэта будуць, імаверна, кропкавыя і нерадыкальныя захады», – разважае экспертка.

Яна адзначыла, што рэгулятар не плануе павышаць стаўку рэфінансавання (сёлета, як чакаецца, паказнік застанецца на ўзроўні 9–9,5 %), ад якой залежаць адсоткі дэпазітаў і крэдытаў. Аднак адштурхнуцца ёсць ад чаго.

«Нацбанк ужо пачаў гэта рабіць, ён падвышае гэтак званыя нормы разліковых велічыняў стандартнай рызыкі. То бок ён дазваляе банкам павышаць стаўкі новых крэдытаў. Такім чынам, банкі без штрафаў могуць крыху падняць стаўкі менавіта новых крэдытаў. Гэта прыклад узмацнення жорсткасці манетарнай палітыкі», – растлумачыла Лузгіна.

Hавiны
У студзені ў Беларусі зноў падаражэюць крэдыты
2023.12.24 13:25

Суразмоўца «Белсату» канстатуе: рэгулятар не наважыўся на разварот грашовай палітыкі, таму крэдыты падаражэюць нямоцна.

«Як яны кажуць, стаўкі крэдытаў будуць вагацца ў межах 9–9,5 %, а ўжо ў лістападзе агулам яны склалі ў сярэднім 8,6 %, гэта азначае, што ў межах аднаго адсотка яны яшчэ могуць вырасці цягам года. То бок гэта не 2–3 % і нават не 5 %, такога не будзе», – падлічыла эканамістка.

Гэтак жа мізэрна вырастуць стаўкі новых дэпазітаў.

Аналітыка
Дарваліся да крэдытаў. Запазычанасць беларусаў перад банкамі перавысіла Br 20 млрд
2024.01.10 07:37

Настасся Лузгіна ўпэўненая, што ў Нацбанку разумеюць рызыкі мяккай манетарнай палітыкі, але працуюць паводле загадаў ураду, што намагаецца не збаўляць тэмпаў росту ВУП. Праблема ў тым, што хочуць сумясціць несумяшчальнае.

«Рэгулятар хоча крыху збавіць тэмпы перагрэву эканомікі. Летась ВУП павялічыўся ў тым ліку дзякуючы росту ўнутранага попыту. Калі попыт будзе гэтак жа хутка расці сёлета, то вытворчасць не будзе за ім паспяваць. У такім выпадку расце імпарт, які і так ужо істотна вырас летась. А адсюль пагроза дэфіцыту валюты і, адпаведна, дэвальвацыі і інфляцыі», – падсумавала эканамістка цэнтру BEROC.

Аналітыка
Нізкі рост і рызыкі праз Расею. ЕАБР распавёў, чаго чакаць эканоміцы Беларусі
2024.01.22 17:16

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў