«Дактароў у нас проста штампуюць». Разабраліся, што не так з інфармацыяй Міністэрства аховы здароўя


Днямі беларускае Міністэрства аховы здароўя апублікавала навіну пра тое, што ў Браслаўскай цэнтральнай раённай больніцы ў 2022 годзе з’явіліся новыя дактары: шэсць маладых спецыялістаў, трое з якіх – анестэзіёлагі-рэаніматолагі. Паспрабавалі разабрацца, ці сапраўды Міністэрства аховы здароўя падае нам добрую навіну – ці за гучнымі словамі хаваюцца праблемы ў медычнай сферы? Папрасілі пракаментаваць інфармацыю беларускіх медыкаў, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь, аднак маюць вялікі досвед працы ў медыцыне і ў сферы кіраўніцтва.

У Беларусі, паводле інфармацыі службы занятасці, шукаюць каля 5000 дактароў. На скрыншоце лічба большая, бо мы аднялі ад яе катэгорыю «ветэрынарныя дактары».

Звесткі з сайту gsz.gov.by

Толькі ў адной Браслаўскай больніцы шукаюць мінімум шэсць дактароў (мы не ведаем, якая колькасць вакансіяў адкрытая ў кожнай спецыялізацыі). Сярод гэтых шасці ёсць вакансія анестэзіёлага-рэаніматолага, якіх, нагадаем, у больніцу прыйшлі тры маладыя спецыялісты.

Вакансіі Браслаўскай ЦРБ. Крыніца: braslcrb.by

«За год нельга падрыхтаваць доктара, здольнага працаваць самастойна»

«Навошта клініцы адразу тры маладыя анестэзіёлагі? Там што, наогул не было анестэзіёлагаў?» – задае пытанне ў адказ на нашую просьбу пракаментаваць пост міністэрства лекарка Ірына Здота, якая ў мінулым працавала ў стацыянары ў Гомельскім абласным дыягнастычным медычна-генетычным цэнтры.

Колькі цяпер у Браслаўскай ЦРБ анестэзіёлагаў, дакладна не вядома. Мы знайшлі інтэрв’ю загадчыцы аддзялення рэанімацыі і анестэзіялогіі за 2021 год. Там сказана, што ў аддзяленні працуюць 4 дактары і 12 медсясцёр.

Вядомы беларускі доктар Станіслаў Салавей звяртае ўвагу на штатныя нарматывы. У Браслаўскай ЦРБ аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі на 6 ложкаў.

«Значыць, паводле штатнага раскладу ў аддзяленні мусяць працаваць не менш за 7–8 анестэзіёлагаў. У іх дакладна не поўны штат, бо лякарня апублікавала вакансію. Атрымліваецца (гэта простая логіка), што палова анестэзіёлагаў у больніцы – гэта дактары першага года працы, якія толькі прыйшлі пасля інтэрнатуры. У нашай краіне паслядыпломная падрыхтоўка ўрача-анестэзіёлага займае каля аднаго года. Ва ўсім цывілізаваным свеце такая падрыхтоўка займае да 10 гадоў, у залежнасці ад краіны», – кажа Станіслаў Салавей.

Напрыклад, паводле Амерыканскай асацыяцыі анестэзіёлагаў, у ЗША доктар гэтай спецыяльнасці пасля заканчэння ўніверсітэту вучыцца яшчэ на чатырохгадовай праграме анестэзіялагічнай ардынатуры.

Калектыў Браслаўскай ЦРБ.
Фота: vitvesti.by

Пра тое, што ў Беларусі рыхтуюць дактароў занадта хутка і не вельмі якасна, распавядае і былы галоўны доктар адной з беларускіх больніц. Ён кажа, што сітуацыя з гадамі не паляпшаецца.

«Вядома, за год нельга падрыхтаваць доктара, здольнага працаваць самастойна. Аднак спецыялісты такога ўзроўню выпускаліся беларускімі медычнымі ўніверсітэтамі заўсёды. Калі я ўзначальваў клініку, да нас таксама прыходзілі маладыя спецыялісты анестэзіёлагі-рэаніматолагі, якіх трэба было яшчэ давучваць і якія не маглі адразу працаваць самастойна».

Яны яшчэ больш недавучаныя?

Дактары, якія прыйшлі працаваць у Браслаўскую ЦРБ, – выпускнікі 2022 года. Такім чынам інтэрнатуру яны праходзілі падчас эпідэміі ковіду, калі на амбразуру кідалі ўсіх медыкаў, у тым ліку студэнтаў і інтэрнаў. Ёсць высокая верагоднасць, што маладыя браслаўскія анестэзіёлагі не навучаліся анестэзіялогіі ў інтэрнатуры цэлы год (якога, як мы памятаем, і так мала для засваення гэтай спецыялізацыі), а працавалі з каронавірусам.

«Адпаведна, яны могуць быць яшчэ больш недавучаныя, чым тыя медыкі, што скончылі ўніверсітэт да пандэміі», – кажа Станіслаў Салавей.

Мы можам толькі меркаваць, наколькі дасведчаныя анестэзіёлагі прыйшлі працаваць у клініку. Адно дакладна: калі ў Браслаўскай ЦРБ недастаткова больш кваліфікаваных і дасведчаных анестэзіёлагаў, то працаваць маладыя спецыялісты будуць вымушаныя без пары. Цалкам самастойна.

Браслаўская ЦРБ. Крыніца: braslcrb.by

«Я б не хацеў трапіць да такога анестэзіёлага. Але са мной можа нічога і не адбылося б, я малады і здаровы. А вось для людзей з групы рызыкі трапіць у рукі неспрактыкаванага і дрэнна навучанага анестэзіёлага можа быць смяротна небяспечна», – кажа Станіслаў Салавей.

«Мне адзін начальнік сказаў: «Усіх не вылечыш»

Ірына Здота распавядае, што недахоп у раёне дактароў вузкай спецыялізацыі – гэта «галаўны боль больш дасведчаных спецыялістаў».

«Даводзіцца ўвесь час кагосьці адпраўляць у раён, дзе няма спецыяліста, ездзіць туды самім на кансультацыі, а так ёсць доктар, усё добра, праблема вырашаная.  Як ён будзе аказваць дапамогу, не заўсёды хвалюе. Прабачце за шчырасць, але як мне адзін начальнік сказаў, «усіх не вылечыш». У дадзеным выпадку: усіх не ўратуеш».

Усе тры дактары, з якімі мы паразмаўлялі, згадзіліся, што Браслаўская ЦРБ – не адзіная раённая больніца, дзе такая сітуацыя. Больш дасведчаныя медыкі з’язджаюць, на іхныя месцы ставяць маладых спецыялістаў, а тыя вымушаныя да ўсяго яшчэ і перапрацоўваць і мець некалькі ставак.

«Тут важна разумець, што калі Міністэрства аховы здароўя напісала пра гэтую клініку, то яны ёй ганарацца. Але калі паглядзець на гэтую сітуацыю з іншага боку, то ўсё даволі змрочна: у клініку проста прыйшлі тры дактары, якія з высокай верагоднасцю будуць працаваць самастойна. Уявіце, што адбываецца ў больніцах, пра якія міністэрства не піша?» – задае рытарычнае пытанне Станіслаў Салавей.

«У нас дактароў проста штампуюць»

У паведамленні Міністэрства аховы здароўя ёсць яшчэ адна цікавая дэталь: майстар-клас, які больш дасведчаныя дактары правялі для маладых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Jonathan Borba / Pexels

«Праведзены майстар-клас па УАЗ-навігацыі пры катэтарызацыі цэнтральных венаў і ацэнцы ацёку глядзельнага нерва, пры выкананні fast-пратаколу. Таксама ўкаранёная методыка маніторынгу артэрыяльнага ціску інвазійным метадам», – напісала Міністэрства аховы здароўя.

І Станіслаў Салавей, і доктар, які раней ачольваў больніцу, кажуць, што апісаныя навыкі – гэта тое, што анестэзіёлаг-рэаніматолаг, які скончыў універсітэт, проста абавязаны ўмець рабіць.

«Без умення катэтарызаваць цэнтральныя вены я не разумею, як анестэзіёлаг можа працаваць. Любы цяжкі пацыент катэтарызуецца праз гэтыя сасуды. Іншымі словамі, маладым спецыялістам правялі майстар-клас з базавай методыкі. Лекарам, якія некалькі месяцаў працуюць і застаюцца ўначы адныя і адказваюць за пацыентаў у аддзяленні! У вялікіх больніцах праблема не так адчуваецца, там могуць дзяжурыць адразу чатыры анестэзіёлагі, і маладога падстрахуюць і дапамогуць. А ў раённай маленькай больніцы, дзе штат не скамплектаваны, маладога анестэзіёлага проста пакідаюць аднога: ну, як-небудзь справішся».

Ацэнцы ацёку глядзельнага нерва, пры выкананні fast-пратаколу Станіслаў абяцае навучыць мяне за дзесяць хвілінаў, і дасылае як доказ спасылку на ролік з YouTube.

«Гэтаму сапраўды можна навучыцца з ролікаў на YouTube. Гэта базавыя методыкі. Не разумею, ці маладыя спецыялісты сапраўды настолькі не падрыхтаваныя, ці проста нататка Міністэрства аховы здароўя напісаная гэтак непрафесійна?»

Цікава, што ў Беларусі цягам кароткатэрміновай перападрыхтоўкі доктар можа змяніць спецыяльнасць і нават пачаць апераваць.

«За шэсць месяцаў перападрыхтоўкі ў нас з гінеколага можна стаць кардыяхірургам, які робіць аперацыі. Ва ўсім свеце гэта займае гады! У нас жа дактароў проста штампуюць», – падсумоўвае Станіслаў.

Алёна Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў