«Ryanair» канчаткова адмовіў у кампенсацыі беларусу з «жэнеўскім пашпартам»


Беларуса з падарожным дакументам уцекача – «жэнеўскім пашпартам» – яшчэ ў чэрвені не пусцілі на рэйс «Ryanair», хоць мусілі паводле законаў. Ён дамагаўся кампенсацыі, але кампанія цягнула час, а канчаткова адмовіла толькі ў снежні, спаслаўшыся на ранейшы адказ са шматлікімі памылкамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Самалёт авіякампаніі «Ryanair».
Фота: Ryanair / Facebook

Беларускі журналіст, рэжысёр і дакументаліст Мікалай Мамінаў расказваў «Белсату», як у пачатку лета хацеў з сям’ёй паляцець з Вільні ў Іспанію з перасадкай у Злучаным Каралеўстве. Яму адмовілі ў пасадцы, бо «не пасавалі» ягоныя дакументы: пра гэта вусна сказала працаўніца «Ryaniar», якая правярала дакументы перад пасадкай, але пісьмовых пацверджанняў адмовы не выдала. Праз тое, што «Ryanair» палічыў, што пасажыр сам вінаваты,бо  «не з’явіўся на рэйс», Мамінаў не можа нават атрымаць назад грошай за квіток.

Мамінаў атрымаў у Літве статус уцекача і адмысловы падарожны дакумент уцекача – «жэнеўскі пашпарт». Адмова была беспадстаўная: з такім дакументам можна ляцець «з Шэнгену ў Шэнген» з перасадкай у Злучаным Каралеўстве пры пэўных умовах. У ліку такіх умоваў – наяўнасць віду на жыхарства дзяржавы Еўрапейскай эканамічнай прасторы, а Мамінаў мае сталы від на жыхарства ў Літве. Мамінаў і ягоная знаёмая загадзя перапытвалі ў онлайнавай службе падтрымання «Ryanair» і ў брытанскай Службе візаў і міграцыі, ці не трэба атрымліваць транзітную візу – адказалі, што не трэба. Раздрукоўкі гэтых адказаў не зацікавілі працаўніцы «Ryanair», якая не пусціла Мамінава на рэйс.

Hавiны
Што рабіць, калі не пускаюць у самалёт з падарожным дакументам ці «жэнеўскім пашпартам»
2023.11.01 08:00

Гэта не адзінкавы выпадак: яшчэ некалькі беларусаў нядаўна публічна скардзіліся на незаконныя адмовы ў пасадцы праз падарожныя дакументы, якія замяняюць пашпарты. Агульнае ў гэтых выпадках тое, што адмаўлялі ў пасадцы лоўкостэры.

Авіякампанія «спачувае», але адмаўляе ў кампенсацыі на падставе ліста са шматлікімі памылкамі

Мікалай Мамінаў працягваў ліставацца з «Ryanair», кампанія раз за разам прасіла ад яго ўдакладненняў і пераказу гісторыі. 21 снежня ён атрымаў чарговы ліст ад прадстаўніка «Ryanair»:

«Хоць мы спачуваем вашаму пункту гледжання, нашая пазіцыя, акрэсленая ў лісце 19 чэрвеня 2023 года, застаецца нязменная. Мы шкадуем, што не можам надалей дапамагчы з гэтаю справаю».

На думку Мамінава, гэта значыць «мы не правы, мы прызнаём гэта, але не адступім». Ён таксама абураецца нядбайнасцю кампаніі ў разглядзе заяўкі.

У тым лісце за 19 чэрвеня сцвярджалася, што адмова была карэктная, бо Мамінаў не мог ляцець наземным транзітам (landside voyage) праз Злучанае Каралеўства, а ўсе ўладальнікі падарожных дакументаў нібыта мусяць мець брытанскую візу.

Гэта супярэчыць брытанскім правілам, апісаным на сайце Дэпартаменту візаў і іміграцыі Злучанага Каралеўства (у «Web Archive» захавалася версія старонкі з тымі правіламі на дату незадоўга да здарэння – правілы тады былі такія сама). Паводле брытанскіх правілаў, транзіт без візы дазволены ў шэрагу выпадкаў, сярод якіх – наяўнасць відаў на жыхарства дзяржаваў Еўрапейскай эканамічнай прасторы.

Фрагмент правілаў бязвізавага транзіту праз Злучанае Каралеўства, які датычыць выпадку Мікалая Мамінава. Версія старонкі за 12 траўня 2023 года – тады правілы былі такія сама, як цяпер. Здымак: Gov.uk / Web.archive.org

У лісце таксама заяўлялі, што на рэйс пусцілі б са звычайным пашпартам, але для ўладальнікаў падарожных дакументаў уцекача нібыта «цалкам іншыя візавыя і транзітныя патрабаванні Злучанага Каралеўства». Гэта не так: у тых жа брытанскіх правілах асобна агаворана, што ўладальнікі падарожных дакументаў уцекача і асобы без грамадзянства не мусяць атрымліваць для транзіту спецыяльнай транзітнай візы, калі падпадаюць пад выключэнні, апісаныя вышэй.

Фрагмент правілаў бязвізавага транзіту праз Злучанае Каралеўства, які датычыць выпадку Мікалая Мамінава. Версія старонкі за 12 траўня 2023 года – тады правілы былі такія сама, як цяпер. Здымак: Gov.uk / Web.archive.org

Акрамя таго, у лісце памыліліся з тыпам транзіту. Тое, як мусіў ляцець Мамінаў, завецца паветраным транзітам (airside transit), бо ён меў рабіць перасадку ў тым жа аэрапорце і не мусіў праходзіць памежнага кантролю ў Каралеўстве. Ды ў правілах як наземнага, гэтак і паветранага транзіту ёсць права на транзіт без візы для ўладальнікаў відаў на жыхарства дзяржаваў Еўрапейскай эканамічнай прасторы. Хіба пры наземным транзіце (які не датычыць выпадку Мамінава) рашэнне аб пропуску пасажыра праз брытанскую мяжу мусіў бы прымаць прадстаўнік міграцыйнай службы Каралеўства.

Далей у лісце гаворыцца, што Мамінаў не меў брытанскай візы, а толькі «Tytre the Voyage travel documents issued by Latvia». У гэтым сказе прынамсі адна памылка: падарожны дакумент Мамінаву выдала Літва, а не Латвія. Што такое «Tytre the Voyage», невядома: пошук у інтэрнэце не знаходзіць ніводнага ўжывання гэтага выразу, а таксама значэння слова «tytre» у англійскай ці латышскай мовах.

Мамінаў думае, ці не падаць у суд на «Ryanair».

«Ryanair» не адказаў на пытанні «Белсату»

Прэс-служба «Ryanair» адказала на запыт «Белсату» 15 лістапада.  Паводле прэс-службы, Мамінаву адмовілі ў пасадцы нібыта таму, што той не падаў дзейнай брытанскай візы, якую Злучанае Каралеўства патрабуе для прылёту. Атрымаўшы гэты адказ, «Белсат» спытаў «Ryanair», на якой падставе кампанія зрабіла непраўдзівую заяву пра неабходнасць візы. Адказу на гэтае пытанне на момант публікацыі не было.

Згодна з рэгуляцыяй Еўразвязу № 261/2004, авіякампанія можа адмовіць у пасадцы, калі ёсць «рэзонныя падставы», як рызыкі здароўю і бяспецы або неадпаведныя падарожныя дакументы. Аб праве перавозніка на нейкую альтэрнатыўную інтэрпрэтацыю заканадаўства адносна праязных дакументах у рэгуляцыі не гаворыцца. Пасажыры маюць права на кампенсацыю, а перавознік абавязаны паказаць пасажыру, якому адмовілі ў пасадцы, дзе той можа пачытаць пра свае правы на кампенсацыю і дапамогу.

Каментар
«Жэнеўскі пашпарт»: як яго атрымаць, што ён дае, ці замяняе пашпарт грамадзяніна
2023.09.27 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў