Першую навелу серыялу «Белсату» «Працэсы» пакажуць на прэстыжным «Fantastic Fest» у ЗША


Першы эпізод серыялу «Працэсы», прэм’ера якога плануецца на «Белсаце» ў снежні 2023 года, пакажуць на прэстыжным амерыканскім кінафестывалі «Fantastic Fest 2023». Конкурсныя прагляды першага эпізоду «Ператрымка» адбудуцца ў межах кінафоруму 23 і 27 верасня. Пра гэта ў размове з «Белсатам» распавялі стваральнікі серыялу Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй.

Навела «Ператрымка» будзе паказаная на кінафестывалі ў межах праграмы «Fantastic Shorts». Амерыканскі глядач пабачыць стужку пад назвай «Fostering». Квіткі на прагляды можна было яшчэ набыць.

Адбор у Лондане, паказ у Берліне

«Гэта вельмі прэстыжны жанравы кінафестываль. У Амерыцы ён хіба на трэцім месцы пасля «Sundance» і фестывалю ў Таронта. Адзін з сузаснавальнікаў «Fantastic Fest» – Элайджа Ўуд. На фэст у Остын прыязджалі такія зоркі, як Кеяну Рыўз, сёстры Вачоўскі, Ары Астэр, Паўл Вэргувэн ды іншыя. Мяркую, што пасля паказаў на гэтым фестывалі ў нас будзе яшчэ больш запрашэнняў і фідбэку», – кажа рэжысёр «Працэсаў» Андрэй Кашперскі.

Ужо вядома, што «Ператрымкай» (першая навела «Працэсаў») зацікавіўся і Лонданскі кінафестываль. Неўзабаве стане вядома, ці пройдзе стужка афіцыйны адбор (кінафестываль у Лондане пачынаецца 4 кастрычніка).

Паказ «Ператрымкі» адбудзецца 27 верасня і ў берлінскім кінатэатры «Kino Krokodil» (пачатак а 18 гадзіне). Білеты на сеанс пакуль даступныя.

Здымачны працэс эпізоду «Ператрымка».  
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Нагадаем, што «Ператрымку» ўжо паказвалі на кінафестывалі «Bulbamovie» ў Варшаве, а таксама на амерыканскім «Riverside Short Film Festival».

«Асабіста для мяне фестывальныя паказы вельмі важныя. Хочацца, каб і астатнія навелы трапілі на кінафестывалі. Але галоўнае, каб наш беларускі глядач як мага хутчэй пабачыў увесь першы сезон «Працэсаў» і падзяліўся з намі сваімі эмоцыямі і ўражаннямі. Бо праект ствараўся найперш для іх», – дзеліцца думкамі Андрэй Кашперскі.

Пераплавілі сум у абсурд і сатыру

Прэмʼера першага сезону «Працэсаў» у кінатэатры і на дыджытал-пляцоўках «Белсату» чакаецца ў снежні. Гэта чатыры эпізоды: «Ператрымка», «Патрыятычнае практыкаванне», «Прыснілася» і «Праграма перадачаў».

Як тлумачаць стваральнікі серыялу, у першым сезоне яны паспрабавалі «зайсці на тэрыторыю зла» і паказаць тое, што адбывалася (і адбываецца) з Беларуссю пасля 2020 года «вачыма антыгерояў» – амапаўца, супрацоўніка КДБ, чыноўніка і «ябацькі».

«Гэта, на мой погляд, досыць бескампрамісная спроба. Можа, нават правакацыйная. Мы ставім пытанні, на якія самі не маем адказу. Але ў гэтым – наш творчы рухавік. За тым, куды рухаецца беларускае грамадства, цяжка назіраць без суму. Але мы паспрабавалі пераплавіць гэты сум у сатырычную, абсурдысцкую форму», – кажа сцэнарыст «Працэсаў» Міхась Зуй (над сцэнарамі ён працаваў разам з Андрэем Кашперскім).

Рэжысёр Андрэй Кашперскі абмяркоўвае сцэну з акторкай Зояй Белахвосцік падчас здымках эпізоду «Праграма перадачаў».
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Гледачу давядзецца «балансаваць паміж смехам і страхам», самому шукаць адказы на пытанні і адчуваць няпэўнасць. Але каб гэтага пачуцця не было і даваліся б толькі гатовыя адказы, то гэта была б прапаганда, хай сабе і са знакам «плюс», заўважае Міхась Зуй

«Працэсы» не серыял-аднаднеўка і не чарговы выпуск навінаў. Так, яны вельмі актуальныя зараз. Але калі раптам заўтра здарыцца тое, чаго мы ўсе прагнем, і рэжым рухне, серыял не страціць сваёй актуальнасці. Бо гэта мастацкі твор. Мы фіксавалі рэальнасць, рэфлексавалі над ёю, адказвалі на падзеі. І гэта важна», – дадае Андрэй Кашперскі.

Інтанацыі Кіры Муратавай і Джыма Джармуша

У якасці галоўных герояў у праекце зняліся вядомыя акторы Андрэй Новік, Ігар Сігоў, Алег Гарбуз, Яна Траянава. У серыяле таксама задзеяныя Валянціна Гарцуева, Зоя Белахвосцік, Сяргей Чуб, Аляксандр Гарцуеў ды іншыя.

«Я скажу, што мы ў кожнай навеле працавалі з сапраўдным «дрым-цімам». І працаваць з такой камандай, з такімі акторамі было вялікай асалодаю», – гаворыць Міхась Зуй.

Сцэнарыст апавядае, што ў апошняй навеле («Праграма перадачаў») ролю вядоўцы праграмы «Чыста і сардэчна» («сімбіёз праграмы «Жди меня» і «пакаянных відэа» з ГУБАЗіКу») выканала народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік. Міхась Зуй прызнаецца, што злавіў сябе на думцы: сам гатовы глядзець «Чыста і сардэчна» бясконца – «настолькі гэта быў высокі ўзровень трапляння ў вобраз, а вакол яго – столькі вясёлага крынжу і абсурднасці».

Здымкі эпізоду «Прыснілася».
Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Нам вельмі пашанцавала з акторамі. Мы нават абмяркоўвалі з Міхасём, што хацелася б пад кожнага з іх напісаць асобны сцэнар, каб была вялікая гісторыя. Каб было ў кайф вяртацца да гэтых персанажаў і да гэтых актораў», – падхоплівае Андрэй Кашперскі.

Талісманам жа серыялу, па словах стваральнікаў, стала непрафесійная акторка Людміла, якая на самым пачатку «Ператрымкі» падчас амапаўскага хапуну займаецца на вулічным трэнажоры і прамаўляе славутую фразу: «Пра-а-вільна, так і на-а-да ім, фашыстам эцім». Вымавіла яе з такой інтанацыяй, што фраза ўжо сталася мэмам (прынамсі – на здымачнай пляцоўцы), а самую Людмілу рэжысёр задзеяў у кожнай серыі з падобнымі тэкстамі: «Пра-а-вільна», «Ма-а-латцы», «Кра-а-саўцы».

«Для мяне гэта інтанацыі Кіры Муратавай, Джыма Джармуша, Дэйвіда Лінча, якія працуюць з непрафесійнымі акторамі. Прафесійны актор проста фізічна не змог бы такое выдаць», – дзеліцца Андрэй Кашперскі.

«Карацей, мы сапраўды знайшлі розных і вельмі класных актораў, якіх хочацца здымаць і здымаць. І таму яшчэ больш хочацца працягу», – дадае рэжысёр «Працэсаў».

Здымкі апошняй серыі серыялу «Праграма перадачаў».
Фота: Карына Пашко / Белсат

Усе чатыры эпізоды першага сезону «Працэсаў» здымаліся ў Варшаве. На варшаўскім Жалібожы для здымак аднаго з эпізодаў была пастаўленая крамка з шыльдай «Белроссоюзгосторгпроммаг» (мастак праекту – Аляксандр Адамаў), і да яе пацягнуліся здзіўленыя польскія пенсіянеры. Калі ім патлумачылі, што нічога страшнага не адбылося і там здымаецца фільм, адна жанчына прамовіла: «А я падумала – настаў канец свету…»

Гэта – проста гісторыя з творчай кухні.

Прэмʼера «Працэсаў» – першага серыялу «Белсату», які знялі Андрэй Кашперскі і Міхась Зуй, адбудзецца ўжо ў снежні. Каб не прапусціць дакладнай даты – сачыце за інфармацыяй на нашым сайце, у эфіры ды сацыяльных сетках «Белсату».

Прэм’ера
Гэта «П******». Чорная камедыя пра беларускую (і не толькі) рэчаіснасць
2023.09.05 15:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў