На беларускай мяжы затрымалі ізраільцяніна за паўграма марыхуаны


Пры перасячэнні літоўска-беларускай мяжы 18 верасня ў грамадзяніна Беларусі і Ізраілю беларускія памежнікі знайшлі паўграма марыхуаны. Цяпер яму ставяць у віну кантрабанду наркотыкаў. Мужчына затрыманы, а над ягоным вызваленнем працуе МЗС Ізраілю і прэзідэнт краіны, паведамляе выданне «Детали».

Алексей Таргоўнікіў. Крыніца: detaly.co.il

39-гадовага грамадзяніна Ізраілю і Беларусі Аляксея Таргоўнікава затрымалі пасля таго, як сярод ягоных рэчаў знайшлі 0,49 грама марыхуаны, распавёў брат мужчыны Яўген Гандляроў. Амаль тыдзень ён знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі.

Яўген распавёў, што мяжу перасякалі трое братоў: ён, Аляксей і Ігар. Яны ехалі на аўтобусе з Вільні ў Гомель, каб падтрымаць бацьку пасля смерці маці. Яўген і Ігар прайшлі мяжу без праблемаў, а ў Аляксея службовы сабака ўчуў каноплі, якія ляжалі ў табакерцы разам з тытуням. Пасля гэтага яго затрымалі.

Аляксей часам паліў марыхуану пасля смерці маці, але моцна не захапляўся, кажа ягоны брат Яўген.

Па словах брата, гэта была медычная марыхуана, рэшткі якой Алексей выпадкова забыў у табакерцы. Цяпер яму ставяць у віну кантрабанду наркотыкаў па артыкуле 328-1 КК. Мужчыне пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Да суда, які чакаецца праз 2-3 месяцы, ён знаходзіцца ў СІЗА ў Горадні.

У Ізраілі, у адрозненні ад Беларусі, ужыванне марыхуаны дэкрыміналізавана і дапускаецца ў медычных мэтах.

Для дапамогі Аляксею падключылася пасольства Ізраілю ў Менску, аднак пакуль беспаспяхова. У справу таксама ўмяшаўся прэзідэнт Ізраілю Іцхак Гэрцаг, які папрасіў Аляксандра Лукашэнку абмежавацца штрафам і высылкай. Вынікі перамоваў пакуль не вядомыя, перадае выданне «Israelinfo».

Падобны выпадак адбыўся ў лістападзе 2021 года, калі ізраільская адвакатка Мая Райтэн-Столь прыляцела ў Менск на сустрэчу з кліентам. На пункце пропуску ў аэрапорце ў яе знайшлі 2,5 грама медычнай марыхуаны, на якую ў жанчыны быў дазвол. Адвакатка правяла больш за месяц у турме і была вызваленая пасля асабістага звароту прэзідэнта краіны да Лукашэнкі. У выніку яна заплаціла штраф і пакінула Беларусь.

Hавiны
З беларускай турмы вызвалілі ізраільскую адвакатку Маю Райтэн-Столь
2021.12.30 23:03

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў