У Расеі ўсё ж заблакуюць Youtube? «Ростелеком» пачаў тэсты дзіўнага сэрвісу


Буйны расейскі правайдар «Ростелеком» правёў тэсты сайту, які можа быць «адфільтраваным Youtube» на выпадак, калі Youtube ўсё ж заблакуюць, як заблакавалі Facebook і Instagram. Увагу на сэрвіс звярнуў тэлеграм-канал «ЗаТелеком».

Стартавая старонка сайту Ytonline.ru
Стартавая старонка сайту Ytonline.ru. Скрыншот: Archive.is

Тэставую версію сэрвісу размяшчалі па адрасе Ytonline.ru. На момант публікацыі па гэтым адрасе сайт недасяжны, у «Web Archive» захавалася толькі пустая старонка, але на сэрвісе Archive.is можна паглядзець, як выглядаў сайт да знікнення: візуальна гэта была копія інтэрфейсу Youtube, якая давала доступ да відэа на Youtube.

Аб сэрвісе даведаліся з ліста «Ростелекому» работнікам: іх прасілі перайсці з карпаратыўнай сеткі на адрас Ytonline.ru ва «ўнутраны сэрвіс доступу да Youtube», ацаніць хуткасць ладавання старонкі і відэа, запоўніць анкету.

На думку аўтара тэлеграм-каналу «ЗаТелеком», дырэктара Таварыства абароны інтэрнэту Міхаіла Клімарава, гэта быў тэст фільтру для цэнзуры Youtube: наўпроставы доступ да Youtube ў Расеі могуць заблакаваць, але дазволяць глядзець «некрамольныя» відэа праз «пракладку». Тэлеграм-канал «Можем объяснить» заяўляе, што апытаў яшчэ двух IT-спецыялістаў – і яны пацвердзілі, што з ліста «Ростелекому» вынікае такі сцэнар.

Клімараў выказаў здагадку, што сайт будзе проста спампоўваць відэа з Youtube, «як у піратаў», але выданне «Медуза» мяркуе, што сайту не трэба нават спампоўваць відэа – ужо існуюць сэрвісы, якія проста паказваюць альтэрнатыўныя ўэб-старонкі (напрыклад, без рэкламы), але відэа на гэтых старонках запускаецца наўпрост з Youtube.

Адметна, што тэставалі тэхнічны, а не ідэалагічны бок сэрвісу: на ім карыстальнікі маглі паглядзець, да прыкладу, антыкарупцыйныя расследаванні каманды зняволенага расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага (Клімараў згадаў аб расследаванні пра раскошны палац экс-прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева, але каманда Навальнага паказвала і палац дзейнага кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна).

Ды калі ў Расеі будзе прынятае «палітычнае рашэнне» аб блакаванні Youtube, сэрвіс цэнзураванага Youtube можа запрацаваць цягам двух месяцаў, лічыць Клімараў. Ці заблакуюць Youtube ў Беларусі, калі так зробяць у Расеі, невядома: у адрозненне ад Расеі, у Беларусі не заблакаваныя Facebook і Instagram.

Цалкам заблакаваць ніякі сайт, вядома, немагчыма: доступ захаваецца праз VPN. Але не ўсе здольныя навучыцца карыстацца VPN, а «Ростелеком» чыніць перашкоды VPN-сэрвісам са спасылкай на расейскія законы, якія забараняюць VPN, што не блакуюць доступу да «незаконнай інфармацыі».

Неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне ў Расеі забаранілі і заблакавалі сацыяльныя сеткі Facebook і Instagram, але Youtube з невядомых прычынаў не блакавалі. Выказваліся здагадкі аб тым, што для Youtube не было годнай альтэрнатывы (Rutube, расейскі клон Youtube, не здабыў папулярнасці), тады як замест Facebook і Instagram расейцы маглі карыстацца «УКантакце» і «Аднакласнікамі». Гэтую версію нядаўна падтрымаў міністр лічбавага развіцця Расеі.

Ды з цягам часу на тле чутак аб блакаванні Youtube папулярныя непалітычныя і праўладныя расейскія відэаблогеры пачалі публікаваць відэа «УКантакце», а сацсетка нарасціла магутнасці для паказу відэа.

Агляд
Як бяспечна карыстацца Telegram у Беларусі? 7 пытанняў да «Кіберпартызанаў»
2023.07.11 13:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў