Хопіць наракаць на крызіс і ўсеагульную дэпрэсію – здымайце кіно

«Як рабіць фільмы сёння» і «нашыя людзі ў замежнай кінаіндустрыі» – назвы панельных дыскусій на  з’езде беларускіх кінематаграфістаў, які прайшоў у Варшаве ў мінулы ўікэнд. Польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі, які ўзяў удзел у імпрэзе, натхняў і казаў: беларускія кінематаграфісты чаканыя з іх унікальным досведам. А з іншага боку гучала меркаванне маладога культуролага, што ён слухае размовы на з’ездзе і думае, якая хтонь гэтае беларускае кіно. Я згодная з Занусі – фільммэйкер з сучаснай еўрапейскай дыктатуры ў тэорыі мусіць быць надзвычайна цікавым розумам, пытанне толькі, ці пераможам мы сваю «хтонь».

Графіка мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Belarusian Filmmakers’ Network / Facebook

Гэта быў нефармальны зʼезд беларускіх кінематаграфістаў, арганізаваны ініцыятывай Belarusian Filmmakers’ Network, у фармаце баркэмп. То-бок на падзеі працавала некалькі паралельных пляцовак, якія сэнсава напаўняліся самімі ўдзельнікамі, а іх далучылася каля 90 з розных краін. 90 кінематаграфістаў у адным месцы, уявіце, а вы, магчыма, думалі, што ў нас столькі і няма. Яшчэ некалькім дзясяткам, паводле арганізатараў баркэмпа, давялося адмовіць ва ўдзеле праз ліміт умяшчальнасці. Яшчэ сотні засталіся ўбаку.

Здаецца, галоўнае, дзеля чаго ўсе 90 чалавек сабраліся ў адным месцы, – зверыць гадзіннікі і абмеркаваць надзённае. Менавіта гэтае слоўмо, лімба, у якім беларускае кіно аказалася пасля пачатку гуманітарнага крызіса ў краіне і да зарыентавання, як можна развівацца далей. Альбо лепш сказаць, не аказаліся ў лімба, а проста лімба паглыбілася.

Каб разумець, баркэмп складаўся не толькі з дыскусій, што рабіць і як жыць у новых умовах, тут паказваліся карціны – да прыкладу, дакументальная стужка Тані Свірэпы «23.34» альбо навэла «Ператрымка» з серыялу Андрэя Кашперскага «Працэсы». Праходзілі прэзентацыі ініцыятыў і арганізацый – самой Belarusian Filmmakers’ Network, платформы для прагляду беларускіх фільмаў Vodblisk альбо медыя-рэсурсаў пра кіно. Пра сябе расказала нашая Беларуская незалежная кінаакадэмія.

Сёння, мне здаецца, мы сапраўды больш размаўляем пра беларускае кіно, чым яго здымаем, і гэта таксама прыкмета часу, гэта зразумела ў сённяшніх варунках і гэта, я спадзяюся, можа дапамагчы зарыентавацца для таго, каб нарэшце ўпісацца ў каляіну. Пасля 2020 года незалежныя аўтары пераважна аказаліся за мяжой і мы ўжо тры гады кажам пра гэта як пра нейкую драму, хаця інфраструктурна змянілася не так ужо і шмат.

І да 2020-га нашае незалежнае кіно хіба што фізічна стваралася ў Беларусі, але фінансава і паводле правілаў гульні часта заставалася замежным. Сёння тэрыторыя краіны выключылася з амаль усіх працэсаў і арыентаванасць на замежную індустрыю пашырылася. Так, гэта няпростае становішча, ніхто не чакае беларускіх фільммэйкераў з адкрытымі гаманцамі для кінапраектаў, але гэтыя правілы гульні і прынцыпы працы нашым аўтарам ужо знаёмыя.

У пэўны момант да кінематаграфістаў мусіць прыйсці разуменне, што яны могуць атрымаць выгаду са свайго становішча. Шмат хто з іх знаходзіцца ў краінах без цэнзуры і абмежаванняў у паветры, можа камунікаваць з замежнымі калегамі і пераймаць досвед, назіраць за тым, як індустрыі функцыянуюць за мяжой, мець больш магчымасцяў развівацца і інтэгравацца ў тыя працэсы. Калі не казаць, што яны не проста маюць магчымасць, а вымушаныя інтэгравацца ў замежжа.

Вядома, лёгка пра гэта казаць, калі нашыя аўтары ўсё яшчэ не могуць разлічваць на 50 адсоткаў бюджэту з home country, з якімі ім было б прасцей шукаць іншых партнёраў і рэшту бюджэта. Так было заўсёды, рэжым прынцыпова не падтрымліваў небеларусьфільмаўскіх рэжысэраў. Увесну мы ў Беларускай незалежнай кінаакадэміі падрыхтавалі свае прапановы па падтрымцы беларускага кіно Еўразвязам – у межах тым самых злітых дарожных мапаў, прадстаўленых у Брусэлі еўродонарам. Мы ўпісалі сваё бачанне і сваю хіба ўтопію ў дарожную мапу па культуры і, калі не ўдавацца ў нюансы, прапанавалі стварыць пры фінансавай падтрымцы Еўразвязу крыніцу, якая б замяніла беларускім аўтарам адсутныя home country money. Рэжысёр Лёша Палуян прадставіў нашую візію ў траўні ў Брусэлі і мы не ведаем, што будзе далей і ці нешта будзе.

Я назвала гэта ўтопіяй, бо хутчэй за ўсё шчодрая крыніца фінансавання беларускім рэжысёрам наўрад ці ў бліжэйшыя гады свеціць: такімі рэчамі звычайна займаецца дзяржава, зацікаўленая ў развіцці нацыянальнага кінематографа. Калі ў нас з’явіцца такая дзяржава, невядома, значыць, давядзецца па-ранейшаму разлічваць на кропкавыя шансы і ўдачы. І вось гэта акурат гучыць як рэальны і працоўны план, бо іншай ці лепшай сітуацыя яшчэ доўга не стане.

Аўтары ўжо знаходзяць за мяжой партнёраў, фінансаванне і агулам магчымасці для сваіх кінапраектаў. Гэта не масавая з’ява, але што яшчэ не масавая з’ява ў беларускім незалежным кіно – прадзюсары і менеджары сферы. Знаёмая рэжысёрка з амбітным праектам ігравога поўнага метра кажа мне, што не мае бюджэту не з-за «безнадзейнага» становішча беларускіх фільммэйкераў за мяжой, а з-за таго, што няма прадзюсара, які б мэтанакіравана займаўся працай па пошуку фінансавання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Здымачны працэс навэлы «Ператрымка» з серыялу Андрэя Кашперскага «Працэсы». Варшава, Польшча. 12 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Сёння ўжо няслушна казаць пра адзін толькі гуманітарны крызіс у краіне і ўсеагульную дэпрэсію. І пра тое толькі, што ў беларускага кіно няма грошай, хаця гэта безумоўна вырашыла б шмат праблем і дазволіла б аўтарам развівацца. Ёсць некаторыя рэчы, якія сапраўды вызначаюць сферу беларускага кіно як не хтонь, але як багну.

Кшыштаф Занусі выступіў на з’ездзе і сказаў даволі матывуючых рэчаў, маўляў, ваш досвед важны, вы не маеце выбару апроч як здымаць цікавыя і беларусам, і замежнікам гісторыі, вы-вы-вы. А дзяўчына-культуролаг застаецца незадаволенай хтонню беларускага кіно і абяцае, што новае пакаленне сатрэ папярэднія з твару Зямлі. Толькі калі ў яе пытаюць, якія ў яе ў кіно арыентыры, яна называе два ютуб-праекта.

Калі казаць пра нашую безнадзейную «хтонь», то ў ёй няма не толькі грошай – часта ў ёй няма амбіцый, няма прафесіяналаў індустрыяльнага кшталту, няма часу на тое, каб шукаць магчымасці для сваіх ідэй, бо праца. З розных прычынаў беларускае кіно апусцілася ў дэпрэсію, пакуль мы ўсе пражываем багаты на кінематаграфічныя гісторыі час, які мусіць быць пражыты таксама ў кіно. Дзякуй Богу, з дэпрэсіі, падаецца, можна выйсці.

Меркаванні
Сіні пашпарт, як жа ты мне дораг
2023.08.22 12:31

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў