«У краіне дзеіць неабвешчанае ваеннае становішча». Юрыст – пра абсурдныя прысуды


Пасля выбараў 2020 года судовыя рашэнні ў Беларусі сталі больш суворымі і нават абсурднымі. Грамадзянам даюць вялізныя тэрміны і содні за ўдзел у мітынгах, графіці на асфальце, надпісы на адзенні і нават за белыя аркушы на вокнах уласных дамоў. Мы запыталі Міхаіла Кірылюка, юрыста, адказнага па пытаннях юстыцыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, чаму, на ягоную думку, так змяніліся рашэнні суддзяў.

Міхаіл Кірылюк, адказны па пытаннях юстыцыі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве. Варшава, Польшча. 30 ліпеня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

– Міхаіл, чаму, на вашую думку, цяпер у палітычных справах нават за сапраўдныя дробязі даюць такія вялізныя тэрміны?

– Я ўжо неяк казаў, што разважаць пра беларускую правапрыўжывальную практыку пасля жніўня 2020 года – гэта адарвацца ад рэальнасці. Каб нам дакладна апісаць з’яву, трэба разважаць у парадыгме вайны. Для хунты гэта вайна. Са жніўня 2020-га ў краіне дзеіць неабвешчанае ваеннае становішча. Можна назваць гэта гібрыдным ваенным станам, бо маюцца ўсе прыкметы:

– поўная забарона масавых акцыяў;

– поўная забарона выказваць любыя палітычныя погляды за выключэннем усхвалення хунты ці трансляцыі апатыі і няўдзелу ў палітыцы (гэта тлумачыць затрыманне палітолагаў і філосафаў, якія відавочна ніякім тэрарызмам не займаліся);

– дэманстрацыйны непрапарцыйны гвалт супраць тых, хто імкнецца выразіць палітычныя погляды, нягледзячы на забарону (праз нястачу рэсурсаў першымі хапаюць тых, каго больш чуваць, то бок тых, у каго больш шырокая аўдыторыя);

– вельмі тэрміновыя і закрытыя суды – усё гэта таксама прыкметы ваеннага часу;

– вызначэнне тых, каго трэба змясціць за краты, не паводле прыкметы злачынства, а паводле прыкметы «свой / чужы», што зноўку характэрна для ваеннага становішча;

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: TUT.BY

– вызначэнне тэрмінаў турэмнага зняволення не паводле прыкметы цяжкасці ўчынку, а паводле крытэру патэнцыйнай шкоды, што можа нанесці праціўнік хунце (гэтым вельмі проста тлумачацца вялікія тэрміны журналістам: яны папулярныя, карыстаюцца ўплывам у грамадстве і таму патэнцыйна ўяўляюць сабою большую небяспеку хунце, чым звычайны хуліган ці гвалтаўнік, напрыклад);

– квазіамністыя для тых, хто ў любой форме згадзіўся супрацоўнічаць з хунтаю, напрыклад, запісаў «пакаяльнае» відэа, публічна адмовіўся ад сваіх поглядаў і такім чынам страціў свой аўтарытэт як натхняльнік прыхільнікаў змены ўлады.

Hавiны
Што агульнага ў габрэяў саракавых гадоў мінулага стагоддзя і беларусаў цяперашняга
2021.08.15 13:42

– Як гэта ўсё суадносіцца з нашым заканадаўствам?

– Заканадаўства цяпер – гэта не рэч рэгуляцыі дачыненняў у грамадстве, як у звычайнай дзяржаве, але інструмент для ўтрымання незаконна захопленай улады. Гэта нават не маё меркаванне, а спавяшчальніка АБСЕ, зафіксаванае ў ягоным дакладзе пра становішча законнасці ў Беларусі. Ужо ўвосень ён напісаў, што праваўжывальная сістэма Беларусі дэградавала настолькі, што ёй нельга даверыць расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці і службовых злачынстваў жніўня 2020-га.

Дзеля гэтага міжнародная супольнасць будзе вымушаная стварыць міжнародны трыбунал. Каб зразумець сур’ёзнасць гэтай заявы, трэба ведаць, што за гісторыю чалавецтва такія трыбуналы ствараліся толькі чатыры разы: двойчы па выніках Другой сусветнай вайны і потым па выніках вядомых выпадкаў генацыду – у Руандзе і Югаславіі. Сумная выснова насамрэч.

– З соднямі за бел-чырвона-белы сцяг і лозунгі ўсё зразумела, але як так выходзіць, што цяпер саджаюць людзей і за белыя аркушы на вокнах ды нейтральныя словы на майках?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– І зноў жа, калі разглядаць сітуацыю праз акуляры юрыста, усё цалкам незразумела. Але калі паглядзець на яе як на тэрарыстычную аперацыю для ўзброенага ўтрымання ўлады, то раптам усё складваецца.

Нікога ж не здзіўляе, калі «Талібан» забівае жанчын за адмову надзець буркі? Яны такім чынам дасягаюць сваёй мэты – перафарматавання грамадскай свядомасці, публічнай дэманстрацыі моцы. «Талібан» ставіць усё насельніцтва перад няпростым выбарам: альбо публічна прызнай нас уладай, альбо памры. Усё адрозненне беларускай хунты ад «Талібану» – беларуская хунта забівае не масава, а штучна; у «Талібану» ёсць рэлігійнае ды ідэалагічнае абгрунтаванне сваіх дзеянняў, а ў беларускай хунты няма, апроч «Лукашэнка кіруе вечна». А мэты і сродкі (гвалт, застрашэнне і тэрор) – аднолькавыя.

Гэтую ж мэту абслугоўваюць і ў месцах зняволення. Ужо даўно зразумела, што гэта не «эксцэс выканаўцы», а сістэмная, пастаўленая на паток праца застрашэння людзей ад спробаў выказаць думку супраць хунты.

– Вядома, што палітычныя справы былі ў Беларусі і да падзеяў 2020 года, але тады ўсё было менш сувора. Чаму так і ці можаце параўнаць падобныя справы раней і цяпер?

– Так, палітычныя справы былі і раней, гвалт пры затрыманні палітычных быў і раней, але ў 2020 годзе адбыўся гэткі пераломны момант. Шмат людзей ужываюць выраз «жыццё падзялілася на перыяды да і апасля», і я як юрыст згодны з імі. Для беларускай Фэміды жыццё таксама падзялілася на перыяды да і пасля. Магу вызначыць наступныя крытэры:

– істотна павялічаны маштаб гвалту, яго арганізаваны, спланаваны і сістэмны характар;

– з’явілася індульгенцыя на ўсе службовыя злачынствы;

– актыўнае выкарыстоўванне суворых артыкулаў за «злачынства ў думках» – дзяржаўную здраду, змову і г. д.;

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

– адмова ад мінулых спробаў «зрабіць чорную справу прыгожа» (гаворка пра фальсіфікацыю доказаў і нейкае псеўдаюрыдычнае абгрунтаванне), якія раней старанна рабіліся дзеля імітацыі законнасці для паплечнікаў і нейтральных грамадзянаў: цяпер ад выканаўцы дастаткова проста падпісаць пратакол ці прысуд, і ўжо не істотна, якую лухту яны змесцяць ды як будуць успрымаць яе грамадзяне Беларусі ці міжнародная супольнасць (добрым прыкладам тут можа быць «спыненне «Боінга» Пратасевіча» ды арганізацыя нелегальнай міграцыі);

– неверагодны дасюль узровень мовы нянавісці ў дзяржаўных СМІ і адкрытая прапаганда гвалту ў бок апанентаў хунты;

– знішчэнне нават не апазіцыйных арганізацыяў, а ўвогуле любых грамадскіх згуртаванняў і ўстановаў, аб’яднаных паводле любой прыкметы, акрамя лаяльнасці хунце;

– дэманстратыўнае знішчэнне не толькі палітычных свабодаў, а нават прыватнага жыцця (на вуліцы могуць адабраць тэлефон і праверыць Telegram, могуць зайсці ў кватэру і пашукаць беларускі нацыянальны сцяг).

Інфаграфіка
Акрэсціна: сімвал эвалюцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Галоўныя словы беларускай рэвалюцыі
2021.08.20 15:13

– Чым гэта ўсё выклікана?

– На мой погляд, такая якасная змена падыходу выкліканая ўзмоцненым страхам страціць уладу. Калі раней мэта ўтрымання ўлады дасягалася мінімальным узроўнем гвалту, і ён быў скіраваны ў бок свядомых апанентаў, то цяпер мэта ставіцца шырэйшая.

Хунта бачыць, што беларусы ставяцца да фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе інакш, чым у мінулыя гады. Унутранай легітымнасці амаль што няма. Калі раней аргумент «калі не Лукашэнка, тады хто?» няблага працаваў, то цяпер, з прыходам у палітыку Бабарыкі, Цапкалы і Латушкі, стала відавочна, што альтэрнатыва ёсць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Ва ўмовах страчанай легітымнасці, каб працягваць утрымліваць уладу, хунта бачыць неабходным застрашыць амаль кожнага беларуса.

І гэта для нас паказнік не моцы, а слабасці, бо законна абраны прэзідэнт у тэроры не мае патрэбы. Таму, на мой погляд, нам, беларусам, не трэба дазваляць гэтым жудасным навінам паралізаваць наш розум і прывесці да думкі, што ўсё страчана: калі хунта лічыць пагрозаю для сабе нават дзіцячы госпіс – гэта для мяне крытэрый таго, як яны самі ўспрымаюць узровень падтрымання грамадствам.

Фота вокладкі: TUT.BY

ВК, Belsat

Стужка навінаў