Падказка для ультрапатрыётаў. Што азначае арышт Стралкова


Арышт былога лідара ўзброеных фармаванняў «ДНР» Ігара Стралкова-Гіркіна можна лічыць важнай вяхой ва ўнутранай палітыцы Расеі. Крэмль такім чынам дэманструе, што цяпер бачыць пагрозу не толькі ў праціўніках вайны, але ў яе апантаных прыхільніках, калі такія людзі дазваляюць сабе не пагаджацца з рашэннямі ўлады.

Хто такі Ігар Стралкоў-Гіркін

Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны Ігар Стралкоў (сапраўднае прозвішча Гіркін) фігураваў у публічнай прасторы ў асноўным як вайсковы блогер. Ён рэзка крытыкаваў расейскае кіраўніцтва за няўдалае вядзенне вайны і рэгулярна даваў алармісцкія для РФ прагнозы наконт вынікаў канфлікту. Тэндэнцыйныя заявы спарадзілі мноства мэмаў і пародыяў у інтэрнэце, Гіркіна часта называлі «ныцікам» і «сумным алкаголікам». Аднак у адрозненне ад вялікай колькасці праваенных спікераў ён не быў проста балбатуном. Гіркін – рэальны ваенны злачынец, прычым са стажам.

Ігар Гіркін браў удзел у дзвюх чачэнскіх войнах, падчас якіх, паводле інфармацыі журналістаў, меў дачыненне да выкрадання і пазасудовых пакаранняў мясцовых жыхароў. Акрамя таго, на пачатку 1990-х ён як добраахвотнік ваяваў у Прыднястроўі на баку сепаратыстаў і ў Босніі ў складзе сербскіх узброеных фармаванняў. Пры гэтым ён доўгі час служыў у ФСБ, адкуль (паводле сцвярджэнняў самога Гіркіна) звольніўся ў сакавіку 2013 года ў званні палкоўніка. Праўда, ягоная прыналежнасць да спецслужбаў пасля 2013 года застаецца пытаннем дыскусійным: некаторыя лічаць, што ён працягваў працаваць на ФСБ і ў 2014 годзе, калі прымаў удзел у анексіі Крыму і вайне на Данбасе.

Ігар Стралкоў (Гіркін) у судзе.
Фота: zona.media

«Спускавы кручок вайны ўсё ж такі націснуў я… Махавік вайны, якая да гэтага часу ідзе, запусціў наш атрад», – хваліўся ён у інтэрв’ю газеце «Завтра» ўвосень 2014-га. Гіркін не надта перабольшваў сваю ролю ў тых падзеях. Сапраўды, да з’яўлення Гіркіна на Данбасе не было ўзброенага супрацьстаяння – толькі хваляванні і беспарадкі, якія інспіравала Масква. Аднак 12 красавіка 2014 года Гіркін на чале з узброеным атрадам з 52 байцоў увайшоў у Славянск, захапіў міліцэйскія арсеналы і раздаў зброю мясцовым сепаратыстам. Пасля гэтага, 13 красавіка, улады Украіны былі вымушаныя прыняць рашэнне аб правядзенні антытэрарыстычнай аперацыі (АТА).

Гіркін узначаліў узброеныя фармаванні «ДНР» і ў гэтай ролі адзначыўся шматлікімі ваеннымі злачынствамі. Тых, хто падтрымліваў адзінства Украіны, кідалі «на падвалы», катавалі і забівалі. Не шкадаваў ён і лаяльных Расеі сепаратыстаў, якія не падпарадкоўваліся ягоным загадам. У Славянску Гіркін ладзіў «ваенна-палявыя трыбуналы» і расстрэльваў людзей на падставе сталінскага закону 1941 года.

Аднак самае вядомае злачынства – знішчэнне пасажырскага «боінга» MH17 у небе над Данецкай вобласцю 16 ліпеня 2014 года. У выніку трагедыі загінулі 298 чалавек. За гэта суд у Нідэрландах завочна прысудзіў Гіркіну пажыццёвае зняволенне.

Сам лідар узброеных фармаванняў «ДНР» пакінуў Данбас у жніўні 2014 года. У той перыяд Крэмль пачаў пазбаўляцца ад занадта самастойных палявых камандзіраў на Данбасе, многія з іх былі забітыя. Але Гіркін сышоў ціха, калі зразумеў, у які бок павярнулася палітыка Масквы.

Стралкоў пераўтвараецца ў палітычную фігуру

Гіркіна лічаць манархістам, гарачым прыхільнікам Расейскай імперыі і Белага руху: кажуць, падчас баснійскай вайны ён атрымаў мянушку «Царскі афіцэр». Таксама Гіркін не хаваў захаплення Сталіным, ягонай жорсткай палітыкаю ў час Другой сусветнай вайны. Ён заўсёды быў радыкальным імперцам: адмаўляў існаванне ўкраінскай і беларускай нацыяў, выступаў за аб’яднанне Беларусі і Украіны ў «адзінай агульнарускай дзяржаве». «Менскія дамоўленасці» лічыў здрадай, а поўнамаштабную вайну з Украінай – неабходнасцю.

Да 2022 года з такімі поглядамі Гіркін выглядаў маргіналам нават ва ўмовах пуцінскай Расеі. Аднак пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну імперскі радыкалізм раптам стаў пераўтварацца ў мэйнстрым. Больш за тое, на фоне вар’яцкай рыторыкі прапагандыстаў пра ядравыя ўдары і заваяванне Еўропы выказванні Гіркіна часам гучалі даволі памяркоўна і адэкватна. Прынамсі, ён не раз тлумачыў Z-аўдыторыі, чаму выкарыстоўваць ядравую зброю ва Украіне нельга.

Адрозна ад прапагандыстаў, Гіркін адкрыта прызнаваў, што вайна з Украінай вядзецца няўдала, што Расею чакае поўная параза і смута, калі Крэмль не зменіць палітыку. Праўда, пад зменай палітыкі Гіркін разумеў не падпісанне міру, а наадварот – поўную мабілізацыю грамадства і эканомікі, прыняцце драконаўскіх законаў у тыле і вядзенне вайны да пераможнага канца. Такая рыторыка знаходзіла водгук у той часткі праваеннай аўдыторыі, якая не верыла ў заявы Крамля, што «ўсё ідзе паводле плану».

Ігар Гіркін. Крыніца фота: korrespondent.net

Гіркін пераўтварыўся з маргінальнага спікера у рэальнага праваеннага інфлюэнсера. На ягоны Telegram-канал цяпер падпісаныя больш за 870 тысяч чалавек. Прычым гэта не выдзіманая лічба: допісы ваеннага злачынцы насамрэч чыталі 600–700 тысяч чалавек. Рэальны ахоп аўдыторыі ў каналу Гіркіна нават вышэйшы за ахоп асабістых каналаў шэрагу топавых прапагандыстаў РФ.

У сакавіку 2023 года Гіркін заснаваў нефармальны нацыяналістычны рух «Клуб раззлаваных патрыётаў». КРП аб’ядноўвае людзей, якія лічаць, што цяперашняе кіраўніцтва РФ вядзе вайну неэфектыўна і проста бяздарна (а яны нібыта ведаюць, як ваяваць эфектыўна). Сярод паплечнікаў Гіркіна – афіцэры ў адстаўцы (Віктар Алксніс, Уладзімір Квачкоў) і экс-чальцы груповак «ЛДНР» (Павел Губараў, Раман Данецкі).

У КРП падкрэслівалі, што палітычную дзейнасць яны збіраюцца весці выключна легальнымі метадамі, праз папулярізацыю сваіх ідэяў у масах. На іхную думку, аднойчы гэта мусіць прывесці да трансфармацыі палітычнай сістэмы.

Гіркін не заклікаў скідаць Пуціна. Аднак у адрозненне ад таго ж Прыгожына, які за выключэннем словаў пра «шчаслівага дзядулю» наўпрост Пуціна не крытыкаваў, Гіркін не раз дазваляў сабе жорстка выказвацца пра расейскага лідара. А ў апошнія месяцы дайшло да асабістых абразаў: «бесхрыбетная макрыца», «ануча», «нікчэмнасць».

«Яшчэ шэсць гадоў ва ўладзе гэтага баязлівага бездара краіна не вытрымае», – напісаў Гіркін у пасце за тры дні да арышту.

Аналітыка
Як заснавальнік ПВК Вагнэра пераўтвараецца ў палітыка і што гэта значыць для Расеі
2023.04.06 08:00

Мяцеж Прыгожына – кропка біфуркацыі

Апошнія гады ў Расеі каралі вялікімі тэрмінамі зняволення і за больш стрыманую крытыку ўладаў і сітуацыі на фронце. Аднак Гіркіна да нядаўняга часу не чапалі. Недатыкальнасць тлумачылі ягонымі сувязямі з ФСБ, а таксама тым, што ён насамрэч дзейнічае ў інтарэсах пуцінскага рэжыму.

Раней Крэмль сапраўды мог бачыць карысць у тым, што недзе на ўзбочыне публічнай прасторы легальна існуюць асобы кшталту Гіркіна. Ён прадстаўляў радыкальную альтэрнатыву, якая мусіла палохаць грамадства і эліты яшчэ больш, чым працяг цяперашняга курсу Пуціна. Аднак вайна настолькі радыкалізавала грамадска-палітычнае поле ў РФ, што ваенныя злачынцы перасталі выглядаць маргіналамі. Мяцеж Прыгожына і рэакцыя на гэтыя падзеі расейскага грамадства паказалі, што такія фрыкі могуць карыстацца папулярнасцю і кідаць выклік Крамлю. А значыць, крытыка з боку ультрапатрыётаў сапраўды можа быць небяспечнай для ўладаў.

Цікава, што якраз Гіркін выступіў рэзка супраць мяцяжу Прыгожына. Ён падтрымаў Пуціна і заклікаў расейскіх афіцэраў змагацца з мяцежнікам незалежна ад таго, як яны ставяцца да кіраўніцтва. Аднак пасля спынення «маршу на Маскву» ён, наадварот, толькі ўзмацніў нападкі на пуцінскі рэжым праз тое, што мяцежнікі не былі пакараныя. Гіркін быў абураны мірным пагадненнем паміж Прыгожыным і Крамлём і настойваў на тым, што вагнэраўцы разам са сваім кіраўніком мусяць пайсці пад суд.

Аднак цяпер улады ўжо не хацелі мірыцца з крытыкай з боку ультрапатрыётаў. Крыніцы «Медузы», блізкія да Крамля, упэўненыя: затрыманне і арышт Гіркіна ініцыявалі высокапастаўленыя сілавікі – для «прафілактыкі» пасля мяцяжу Прыгожына. Хаця ўлады і не лічаць, што Гіркін папулярны сярод расейцаў. «Гэта не Прыгожын, нават побач», – сказаў адзін з суразмоўцаў выдання.

«Усіх трэба пераканаць спыніць нагнятаць крытычную істэрыку і расказваць пра недахопы», – адзначалася ў дакладной запісцы, якая трапіла ў сеціва неўзабаве пасля арышту Гіркіна. Хаця сапраўднасць дакументу, які прыпісваюць адміністрацыі прэзідэнта РФ, не пацверджаная, у апошнія тыдні адбываецца менавіта тое, пра што гаворыцца ў гэтых паперах.

Гіркіна спачатку сапраўды папярэдзілі. У Санкт-Пецярбургу 10 ліпеня сарвалі ягоны публічны выступ у кніжнай краме «Лістота» – там адбыўся ператрус нібыта праз падазрэнне ў мінаванні памяшкання. Потым была распачатая адміністратыўная справа «за дыскрэдытацыю арміі» на былога палкоўніка ГРУ Уладзіміра Клачкова – сябра і паплечніка Гіркіна. Аднак былы лідар баевікоў «ДНР» не замаўчаў, і 21 ліпеня яго арыштавалі за «экстрэмізм».

Наступствы

Прамых наступстваў для сітуацыі ў Расеі арышт Гіркіна, хутчэй за ўсё, мець не будзе. Ён не мае ні прыватнай арміі, ні медыяімперыі, ні моцнай палітычнай арганізацыі, ні падтрымання буйнога бізнесу. Пры ўсёй папулярнасці ягонага блогу народнай любоўю ён таксама пахваліцца не можа. Паказальна, што да будынку суда, дзе абіралі меру стрымання Гіркіну, прыйшло ўсяго некалькі дзясяткаў прыхільнікаў ваеннага злачынцы.

Таму ніякіх вайсковых бунтаў ці вулічных пратэстаў супраць пераследу Гіркіна чакаць не варта. А ягоных малавядомых паплечнікаў з КРП або прымусяць замаўчаць, або таксама неўзабаве рэпрэсуюць. «Коммерсант» паведамляе, што яшчэ адным фігурантам крымінальнай справы за «экстрэмізм» можа стаць Павел Губараў.

Аднак ускосна, у доўгатэрміновай перспектыве, арышт Гіркіна можа адбіцца на настроях у праваенным лагеры, у тым ліку сярод вайскоўцаў. Ультрапатрыёты кшталту Гіркіна выступалі ў якасці «клапана скіду незадаволенасці». Іхнае існаванне стварала ілюзію здольнасці сістэмы ўспрымаць канструктыўную крытыку, калі яна ідзе з боку лаяльных прыхільнікаў вайны. Арышт Гіркіна сімвалізуе разбурэнне гэтага легальнага поля: цяпер трэба або пагаджацца з любымі рашэннямі Пуціна, або сесці ў турму. Для ультрапатрыётаў гэта мусіць стаць моцным фактарам дэматывацыі, будзе спрыяць апатыі і разгубленасці.

Акрамя таго, у выпадку росту незадаволенасці сітуацыяй на фронце, такая сітуацыя можа падштурхнуць некаторых ультрапатрыётаў да радыкальных дзеянняў супраць улады. Тым больш, што людзі з гэтага лагеру не маюць прадузятасці наконт гвалтоўных метадаў барацьбы. Напрыклад, той жа палкоўнік Клачкоў у 2000-я трапіў у турму за замах на Анатоля Чубайса і падрыхтоўку вайсковага мяцяжу.

Асабліва пагроза ўнутранай радыкалізацыі актуальная на фоне мяцяжу вагнэраўцаў. Апошнія падзеі дэманструюць, што калі падняць узброены мяцеж, то прэзідэнт будзе весці з бунтаўнікамі перамовы ў Крамлі, а калі проста пісаць пасты ў інтэрнэце – можна трапіць за краты. Імаверна, не задаволеныя Пуціным прыхільнікі вайны зробяць з гэтага парадоксу ўласныя высновы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў