Амбасадара Расеі выклічуць у МЗС Польшчы за словы Пуціна пра «падарункі» ад Сталіна


Амбасадар Расеі ў Варшаве будзе выкліканы ў Міністэрства замежных справаў Польшчы. Пра гэта паведаміў у Twitter польскі прэм’ер Матэўш Маравецкі, адказваючы на словы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна адносна Польшчы.

Матэўш Маравецкі, прэм’ер-міністр Польшчы.
Фота: gov.pl

«Сталін быў ваенным злачынцам, вінаватым у гібелі сотняў тысяч палякаў. Гістарычная праўда не падлягае абмеркаванню. Амбасадара РФ выклічуць у МЗС», – заявіў палітык.

21 ліпеня Уладзімір Пуцін распавёў пра нібыта планы Польшчы акупаваць частку ўкраінскай тэрыторыі. Пры гэтым ён дадаў, што пасля Першай сусветнай вайны Польшча нібыта «анексавала некаторыя гістарычныя расейскія губерні» і агулам праводзіла «агрэсіўную палітыку» адносна суседзяў.

«Скончылася яна нацыянальнай трагедыяй 1939 года, калі Польшча была кінутая заходнімі саюзнікамі на з’ядзенне германскай ваеннай машыне і фактычна страціла сваю незалежнасць і дзяржаўнасць, якая была адноўлена ў вялікай ступені дзякуючы Савецкаму Саюзу. І менавіта дзякуючы Савецкаму Саюзу, дзякуючы пазіцыі Сталіна Польшча атрымала значныя землі на Захадзе, землі Германіі. Гэта менавіта так: заходнія тэрыторыі цяперашняй Польшчы – гэта падарунак Сталіна палякам.

Нашы сябры ў Варшаве прызабылі пра гэта? Мы нагадаем», – заявіў Пуцін.

Гэтая заява Пуціна перагукаецца з ягонай заявай напярэдадні поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны. Тады ён заяўляў, што Украіна ўзнікла дзякуючы бальшавікам і асабіста Уладзіміру Леніну. І пасля паабяцаў «паказаць вам, што значыць для Украіны сапраўдная дэкамунізацыя».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў