Украінец Антон Галавач: Беларусы – звычайная еўрапейская нацыя, але ў Кабінет трэба ўзяць аднаго ўкраінца


У палку «Азоў» ягонай «фізухай» апекаваліся будучыя камандзіры палка Каліноўскага. Цяпер, як менеджар IT-кампаніі, ён апякуецца падначаленымі распрацоўнікамі з Беларусі, якіх вельмі хваліць. Паразмаўлялі ў Беластоку з 33-гадовым кіяўлянінам Антонам Галавачом, які раіць Паўлу Латушку ўзяць у склад Аб’яднанага кабінету хаця б аднаго ўкраінца – «каб навёў там парадак».

Украінец Антон Галавач. Беласток, Польшча. 5 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Белсат»: – Антось, як сталася, што ты так прасякся беларускімі справамі?

Антон Галавач: – Усё проста. У 2021 годзе я прыехаў працаваць у Беласток. І так атрымалася, што больш за ўсё камунікаваў менавіта з беларусамі. Ну бо ў Беластоку паўсюль беларусы! Украінцаў таксама нямала, але яны тут не арганізаваныя, а займацца іх згуртаваннем я асабіста не маю часу. Неяк так і пайшло. У мяне шмат знаёмых сярод беларускай дыяспары, кірую таксама ў адной з кампаніяў камандай распрацоўнікаў, большасць з якіх беларусы. І гэтак далей. Але лёс зблізіў мяне з беларусамі куды раней – калі служыў у палку «Азоў»…

«Маімі інструктарамі былі Кіт, Ваніш, Літвін…»

– Ты, айцішнік-акулярнік, служыў у «Азове»?..

– Ну так (пасміхаецца і паказвае на тэлефоне фота, на якім ён з аўтаматам у форме «Азову» – заўв. «Белсат»). Але гэта доўгая гісторыя. У 2014-м я хадзіў на Майдан, быў там і ў расстрэльныя дні. Заўсёды быў неабыякавы да таго, што адбываецца ў маёй краіне. Да гэтага ўваходзіў у фанацкі рух «Дынама» Кіеў. Пасля Майдану вазіў грузы на фронт – валанцёрыў. І ў нейкі момант вырашыў, што гатовы пайсці ў баявое падраздзяленне. А да гэтага я працаваў кіраўніком сеткі гостэлаў у Кіеве і нават – у Кіеўскай мэрыі. І вось з улікам майго досведу кіраўніка мяне ўзялі ў страявую частку – займаўся кадрамі. І так, гэта быў «Азоў».

– І пазнаёміўся там з беларусамі…

– Так, і не з абы-якімі. Нягледзячы на тое, што служыў у страявой частцы, павінен быў праходзіць трэнінгі. Дык вось, маімі інструктарамі ў 2015-м былі байцы з пазыўнымі Грот, Кіт, Ваніш, Літвін, якога ўжо няма з намі. Так, па сутнасці, усё кіраўніцтва цяперашняга палка Каліноўскага. Добрымі былі інструктарамі. Акцэнт на фізуху рабіўся. Была там вельмі якасная паласа перашкодаў, якую яны самі праходзілі як на шпацыруючы – мелі выдатную фізічную форму. Пра нейкія іншыя іх якасці я не скажу, бо не ведаю.

Дом дапамогі «Пад адным дахам». Беласток, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– І што далей? Як былы «азовец» зрабіўся айцішнікам? Меў патрэбную адукацыю?

– Якраз не. Я філолаг (смяецца). Скончыў Кіеўскі славістычны ўніверсітэт, які ўжо закрылі. Ангельская і польская мовы. Але прызнаюся, што кепска вучыўся, і польскі тады амаль не вучыў. Калі прыехаў сюды, два словы толькі ведаў. Як філолаг зусім не працаваў. То нейкія вечарынкі ў клубах праводзіў, то рыэлтарствам зарабляў, кіраваў нерухомасцю – аж 16 тыс квадратных метраў – аднаго вельмі вядомага чалавека ў Кіеве. А пасля «Азову» яшчэ год служыў у Нацыянальнай гвардыі, бо меў бестэрміновы кантракт. Так, са шчытом і палкай патруляваў горад, хадзіў на мітынгі.

– Апынуўся па той бок барыкад?

– Ну, гэта толькі з беларускага гледзішча. Бо нашыя ўнутраныя войскі – гэта не ўнутраныя войскі РБ. Зусім іншае. У нас няма такога, што людзі ў форме хочуць забіваць іншых людзей. І плюс – у нас часам праходзілі такія мітынгі, ад якіх акурат хацелася бараніць горад…

А што да IT, дык прыйшоў туды праз звычайныя курсы тэсціроўшчыка. Троху потым папрацаваў распрацоўнікам, але зразумеў, што не маё. Вярнуўся ў тэставанне і потым даволі хутка пайшоў у менеджмент. Іду і далей па гэтай сцежцы. Цяпер – на пасадзе прожэкт-менеджара ў адной міжнароднай кампаніі.

«Украінцы больш рэзкія і хуткія. Беларусы паспакайней»

– Ты сказаў, што большасць тваёй каманды – беларусы. Як з імі працуецца?

– Супер. Беларусы вельмі выканаўчыя, спраўныя і працавітыя. Штурхаць нікога не трэба. Адказныя. Я не згадаю нават, каб штосьці ў мяне кепскае было калісьці з беларусамі. Дапусцім, мы машыны, якія купляем для ЗСУ, заганяем, каб замяніць аліву і фільтры, ў СТА «Амігас», якую трымаюць у Васількове Падляскім беларусы. І яны з нас грошай браць не хочуць і дапамагаюць нашай справе. Сябруем з імі.

Аўтамабілі, якія ўкраінец Антон Галавач з сябрамі набывае для ЗСУ ў Еўропе. Фота прадставіў суразмоўца «Белсату»

– Я правільна зразумеў, што пасля працы ты ганяеш машыны для ЗСУ ва Украіну?

– Не, ганяюць іншыя. Я купляю. Ёсць група людзей. Мы атрымліваем ад вайскоўцаў заяўку на пэўную машыну. Зборам грошай звычайна не займаемся, гэта робяць іншыя валанцёры. Хоць бывае, што купляем і за свой кошт, скідваемся паміж сабой у групе сяброў. Потым робім тэхабслугоўванне. Пасля ўсе машыны, няважна дзе яны купленыя, звозяцца ў Беласток, сюды прыязджаюць хлопцы з Украіны, якія займаюцца перагонкай, і едуць на іх ва Украіну. Агулам каля 120 машын туды адправілі.

Дарэчы, у гэтым ланцужку, таксама ёсць беларусы. У прыватнасці, Алена Жаркевіч (гаспадыня дому-гостэлу для ўцекачоў з Беларусі і Украіны – заўв. «Белсат») дапамагае нам пераганяць машыны. Была сітуацыя, калі куплялі машыну пад замову палка Каліноўскага, дык таксама Алена ганяла.

– Ведаю, што беларусаў ты таксама фінансава падтрымліваеш.

– Хіба адрасна. А так – хаджу на акцыі, размаўляю з беларусамі. У нас насамрэч розныя праблемы, але ў некаторым сэнсе падобныя. Скажам так: у нас вонкавая акупацыя, а ў Беларусі – унутраная. Гэтым падобныя. А далей – розніца. Таму што ў нас, ва Украіне, у прынцыпе, зразумела, што трэба рабіць, для таго каб прыйсці да перамогі : трэба ваяваць. А што рабіць у Беларусі – увогуле незразумела. Я пакуль не бачу, што можна зрабіць, каб хоць троху змяніць сітуацыю.

– Адчуваеш нейкую глыбінную розніцу паміж намі?

– Так, розніца ёсць. Украінцы больш рэзкія, хуткія і гучныя. Беларусы паспакайней. І калі больш пастараюцца, то паказваюць нейкую нават большую еднасць, чым мы. Але мне здаецца, вам часам не стае камунікацыі паміж сабою. Вельмі шмат недакамунікацыі, я б сказаў. І праз гэта губляецца сіла. Агульнанацыянальная сіла нейкая. І нацыянальная ідэнтычнасць таксама праз гэта страчваецца. Гэта праблема.

Аўтамабілі, якія ўкраінец Антон Галавач з сябрамі набывае для ЗСУ ў Еўропе. Фота прадставіў суразмоўца «Белсату»

– Ты акурат пра гэта казаў Паўлу Латушку, калі ён прыязджаў на Падляшша падчас фестывалю «Тутака»?

– Я ведаеш, што яму сказаў? Што ім трэба ў каманду аднаго ўкраінца ўзяць, каб парадак там навёў (смяецца). Меў на ўвазе – у Аб’яднаны кабінет. Бо ўнутры яго шмат нейкіх хістанняў і прыціранняў. Кожны сам за сябе, адзін аднаго ў чымсьці падазраюць. Прынамсі, я так гэта бачу. Таму патрэбны ўкраінец, каб проста надаваў міністрам па шапках. Кабінет Святланы Ціханоўскай патрабуе большай згуртаванасці.

А яшчэ – вашыя гэтыя «бульбасрачы». Мяркую, што такое ў любой нацыянальнай супольнасці можа адбывацца, але для вас цяпер гэтым займацца – ну зусім не час. Вунь ва Украіне Пятро Парашэнка і Уладзімір Зяленскі перасталі сварыцца. Бо вайна і не да гэтага. Чаму б з іх прыклад не браць?..

«Не веру, што Украіна дапаможа вам войскам»

– Сочыш за навінамі ва Украіне, але ўвесь час у беларускай павестцы?

– Ну вы ж нашыя суседзі. Як па-іншаму? Ну, і вы… не рускія.

– А чым, з гледзішча ўкраінца, мы рознімся ад расейцаў?

– Я ўвогуле канфліктных беларусаў, якія хочуць нешта ў кагосьці забраць, яшчэ не сустракаў. Няма ў вас нахабнасці і беспардоннасці расейскай, што вось нам усе вінныя, мы тут самыя класныя і важныя і ўсе мусяць вакол нас на каленях стаяць.

Я б сказаў так: беларусы – звычайная еўрапейская нацыя. Галоўнае цяпер, каб вы яе не згубілі.

– Што, на тваю думку, трэба рабіць, каб яе не згубіць?

– Без паняцця. Калі скажу, што трэба пачынаць нейкую сілавую рэвалюцыю, то гэта немагчыма зараз, бо ўсё хутка скончыцца – і будзеце часткай Расеі. Не бачу нават мізэрнага сцэнару. Галоўнае – камунікаваць паміж сабой. Займацца палітвязнямі і эвакуацыяй людзей. І згуртоўвацца яшчэ больш шчыльна, таму што разʼяднанне – гэта смерць. Вось і ўсё.

Або – чакаць, калі ў Беларусі настане «дзічайшая дупа», і гэта згуртуе беларусаў, як калісьці ўкраінцаў.

Украінец Антон Галавач. Беласток, Польшча. 5 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

– Як мяркуеш, калі настане час, украінцы нам дапамогуць? Полк Каліноўскага спадзяецца на падтрымку ЗСУ.

– Нейкім чынам – так. Гэтак, напрыклад, як Еўропа нам дапамагае зараз. Але не войскамі. Я ў гэта не веру. Я думаю, мы самі будзем знясіленыя. Але нават калі ЗСУ акажа дапамогу, то падумайце, што гэта таксама можа прывесці да не вельмі добрых наступстваў. У нас у войску не ўсе разумеюць сітуацыю ў Беларусі, і нельга будзе чакаць ад кожнага байца добрага стаўлення да мясцовага насельніцтва. І тады будзе трагедыя. Ды і ў вас не ўсе будуць добра ставіцца да ўкраінскіх вайскоўцаў. Гэта армія іншай краіны, як ні круці.

– Як ацэньваеш месца і ролю палка Каліноўскага ды іншых беларускіх падраздзяленняў ва Украіне?

– Наколькі я ведаю, яны выконваюць дастаткова складаныя аперацыі. Яны так сама, як і байцы «Азову», у авангардзе. І таксама робяць важкі ўнёсак у будучую перамогу. Хлопцы добра падрыхтаваныя, добра экіпіраваныя. І выдатна працуюць ва Украіне.

«Перамога будзе не святам, а канцом трагедыі»

– А чаму ты не вярнуўся ваяваць за радзіму?

– Таму што валанцёрствам тут цяпер прыношу больш карысці. Думкі вярнуцца былі, але машыны важнейшыя зараз, чым адзін аўтамат у маіх руках.

– Што будзеш рабіць у дзень перамогі?

– Не ведаю. Вось як Уладзімір Зяленскі казаў: проста пайду на пляж і выпʼю піўка. Шмат піць не буду. Буду ляжаць і выдыхаць: фух, нарэшце скончылася. Бо гэта ж не свята будзе – гэта будзе канец трагедыі, якая здарылася з маім народам. Ну а потым… Залезу ў тэлефон паглядзець, што там робіцца ў Беларусі…

Антон Галавач нарадзіўся ў Кіеве ў 1989 годзе. Скончыў філфак. Кіраваў у Кіеве сеткай гостэлаў і іншай нерухомасцю, удзельнік Еўрамайдану, у 2015-2016 служыў у палку «Азоў», потым у Нацыянальнай гвардыі. У 2021-м прыехаў на працу ў Польшчу. Жыве ў Варшаве і Беластоку. Працуе ў IT-кампаніі проджэкт-менеджарам. Купляе машыны для ЗСУ. Любіць працаваць і камунікаваць з беларусамі. Лічыць Балта-Чарнаморскі звяз ідэальнай палітычнай прасторай для суіснавання нашых народаў у будучыні. Нежанаты.

Размаўляў Зміцер Міраш, belsat.eu

Стужка навінаў