Эпідэмія ў калоніі і кіно ад прапагандыстаў. Рэпрэсіі ў Беларусі за 22 сакавіка


«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў, з якімі сутыкаюцца грамадзяне Беларусі за тое, што супрацьстаяць гвалту, фальсіфікацыям і вайне.

Плакат на мітынгу.
Фота: charter97.org

Журналісту Ігару Карнею агучылі прысуд – тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 20 тысячаў рублёў за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Працэс вёў Сяргей Кацар. Як стала вядома з прапагандысцкіх медыяў, Карнея пераследавалі за супрацу з Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

У папраўчай калоніі № 1 цягам апошніх тыдняў распаўсюджваецца кароста. Ці аказваецца вязням якасная медычная дапамога і ці робяцца неабходныя захады, каб спыніць распаўсюд хваробы, невядома.

У эфіры дзяржаўнага тэлебачання паказалі сюжэт з палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк, якая апошнія тры месяцы знаходзілася ў інфармацыйнай блакадзе. Тэлеканал «Беларусь 1» паказаў відэа неўзабаве пасля таго, як Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ) 19 сакавіка запрасіў Беларусь прыняць часовыя меры для яе абароны. Камітэт папрасіў Беларусь «у тэрміновым парадку забяспечыць Паліне Шарэнда-Панасюк паўнавартасную і належную медычную дапамогу і стварыць умовы, якія б спрыялі захаванню яе жыцця, фізічнага і псіхалагічнага здароўя». Гэта зварот таксама згадваўся ў сюжэце. Адмысловымі пытаннямі зняволеную прымушалі казаць, што з ёю ўсё добра і ўмовамі ўтрымання яна задаволеная.

60-гадовага Уладзіміра Караля за ўдзел у маршах пратэсту 2020 года вырашылі судзіць паказальна – перад студэнтамі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту. Выязное пасяджэнне перад студэнтамі першага і другога курсаў правёў 28 лютага суд Заводскага раёну. Суддзя Жанна Хвайніцкая прызначыла Каралю тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у чатырох акцыях пратэсту.

Каментар
Беларусаў у Арменіі затрымалі праз старую канвенцыю, якая супярэчыць армянскім законам
2024.03.22 18:16

З 14 сакавіка ў Менску судзяць мужа палітзняволенай Віталіі Бандарэнкі. Анатоля Старасвецкага затрымалі ў верасні на выхадзе з жаночай калоніі адразу пасля спаткання з жонкай. Мужчыну абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч.

20 сакавіка ў Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд Сяргею Чыжэўскаму. Справу разглядаў Алег Харошка, які прысудзіў Сяргею два гады і восем месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Чыжэўскага абвінавачвалі ў распальванні варожасці, грубым парушэнні грамадскага парадку, паклёпе і абразе Лукашэнкі.

Пракурор апратэставаў прысуд палітзняволенаму 53-гадоваму магілёўцу Аляксандру Кулікову, асуджанаму да чатырох з паловай гадоў калоніі. Згодна з рашэннем суда, яму дадалі да тэрміну паўтара года. Мужчыну абвінавацілі паводле трох артыкулаў: «уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання», «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні», «праходжанне падрыхтоўцы для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці».

Пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы затрымалі мужчыну. Той сказаў, што не падтрымлівае мірныя пратэсты і што «дайце мне і маім сябрам аўтамат – я бы выходзіў на мітынгі зусім па-іншаму».

Сілавікі затрымалі жыхара Бярозы. Сцвярджаецца, што ён пакідаў каментары пра Лукашэнку, Пуціна і вайну ва Украіне.

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 32 прозвішчы – цяпер у ім 3914 чалавек. Сярод іншых, у спіс дадалі грамадзяніна Расеі Сяргея Калеснікава, грамадзянку Украіны Людмілу Ганчарэнку, інжынера Уладзіміра Фішмана.

Hавiны
Камітэт абароны журналістаў заклікаў неадкладна вызваліць Андрэя Толчына
2024.03.22 16:57

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў