Суд у Брытаніі адхіліў пазоў кампаніі «Synesis» аб скасаванні санкцыяў


Высокі суд юстыцыі Лондану адхіліў пазоў кампаніі «Synesis» аб скасаванні санкцыяў Вялікай Брытаніі. Адпаведная пастанова апублікаваная на сайце Нацыянальнага архіву. Гэта першая апеляцыя, якую вывучалі ў Брытаніі паводле палажэння аб судовым пераглядзе мясцовага закону аб санкцыях і барацьбе з адмываннем грошай 2018 года.

Інтэрфейс праграмы «Kipod».
Фота: Анархисты Беларуси / YouTube

Кампанія «Synesis», што распрацавала сістэму сачэння «Kipod», трапіла пад санкцыі Еўразвязу і Брытаніі ў снежні 2020 года. На фірму ўсклалі адказнасць «за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі з боку дзяржаўнага апарату ў Беларусі» і за дапамогу КДБ і Міністэрству ўнутраных справаў.

Спроба «Synesis» аспрэчыць брытанскія абмежаванні аказалася няўдалай. Высокі суд юстыцыі Лондану палічыў, што сістэма «Kipod» сапраўды дапамагае сілавікам «сачыць за грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі актывістамі, каб рэпрэсаваць іх».

Сярод матэрыялаў, якія вывучыў суд падчас разгляду справы, – публікацыі незалежных беларускіх медыяў, а таксама інфармацыя, якую перадавала аб’яднанне «ByPol». Асобна разглядалася затрыманне анархіста Мікалая Дзядка. Сілавікі з дапамогаю «Kipod» знайшлі яго ў Асіповіцкім раёне.

«Яны выкарыстоўвалі сістэму мэтанакіравана, а не спрабавалі весці масавае сачэнне. Відавочна, што спадар Дзядок быў асобаю, якая цікавіла беларускі рэжым», – адзначыў суддзя Джэй Робэрт.

Ён падсумаваў, што кампанія «Synesis» была ўцягнутая ў сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі.

Артыкулы
Як здзекуюцца з палітвязня Міколы Дзядка: чатыры ШІЗА за месяц, ізаляцыя ад людзей, лістоў і перадачаў
2022.03.11 17:28

Раней пазоў аб скасаванні санкцыяў фірма «Synesis» падала ў суд Еўразвязу, там справу яшчэ не разглядалі.

У леташнім лютым кампанія трапіла пад санкцыі ЗША.

Hавiны
Распрацоўнікі расказалі, як працуе сістэма сачэння «Kipod», якой карыстаюцца беларускія сілавікі
2022.08.16 10:59

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў