Палітзняволенага блогера і актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка 12 лютага этапавалі з магілёўскай турмы № 4 у калонію № 9 у Горках. Апошні ліст ад яго бацька атрымаў 13 лютага – з таго часу ні лістоў, ні перадачаў для яго не прымаюць, ад Міколы лістоў не выпускаюць. Вязня ўжо чатыры разы кідалі ў штрафны ізалятар.
Аляксандр Дзядок, бацька Міколы Дзядка, расказвае «Белсату»: даслоўна на наступны дзень пасля этапавання ў калонію зняволенага кінулі ў штрафны ізалятар на чатыры дні, потым дадалі яшчэ тры.
За нейкае парушэнне Міколу пазбавілі аднаго з належных доўгіх спатканняў, але Аляксандр Дзядок мяркуе, што далейшыя падзеі толькі пацвярджаюць: справа не ў парушэннях, а ў наўмысным, беспрэцэдэнтным ціску на палітвязня, каб маральна прыгнятаць яго і атрымаць «законныя падставы» перавесці зноў у турму, у адзіночную камеру.
«Ён сам учора сказаў адвакатцы, што такога, як цяпер, з ім у гэтай калоніі ніколі не адбывалася, – перадае бацька. – Яго практычна без прычынаў і падставаў ужо чатыры разы змяшчалі ў штрафны ізалятар на 4-5 дзён.
Нашыя лісты яму, а толькі я асабіста выслаў чатыры, адміністрацыя калоніі цынічна знішчае: яму не даюць з імі азнаёміцца, а на ягоных вачах знішчаюць, бо нібыта ў лістах утрымліваецца нейкая інфармацыя, нейкія сімвалы-знакі, якія не даюць магчымасці іх перадаваць. У адным з маіх лістоў нават угледзелі, што я пісаў нейкія выказванні супраць дзейнай улады Беларусі.
Яго цалкам ізалявалі ад іншых вязняў. І зняволеных запужваюць, каб яны з ім не размаўлялі. Такім чынам спрабуюць псіхалагічна прыціснуць адсутнасцю кантактаў».
Мікола Дзядок мае і статус «схільнага да экстрэмізму», і «схільнага да захопу закладнікаў», і «схільнага да суіцыду».
Цяпер сваякі спрабуюць перадаць Міколу лекі, патрэбныя ў сувязі з пагаршэннем здароўя. Але ці прымуць, невядома. Аляксандр распавядае, што тыдзень спрабаваў перадаць належную паводле законаў бандэроль вагою да 2 кг, а ў калоніі прычапіліся да таго, што на пакунку не было напісанае слова «бандэроль» – і не аддалі Міколу.
Аляксандр кажа, што мае намер звярнуцца са скаргамі да начальніка калоніі ды дэпартаменту выканання пакаранняў, бо «гэтае крайняе бязмежжа мусіць атрымаць нейкую ацэнку і ўвагу хаця б з нашага боку».
«Я не вельмі веру, што чагосьці мы толкам даможамся, але сказаць ім, што яны мярзотнікі, трэба», – тлумачыць бацька Міколы Дзядка.
***
33-гадовы Мікола Дзядок – вядомы актывіст анархісцкіх поглядаў, блогер, журналіст газеты «Новы час». Быў затрыманы 11 лістапада 2020 года байцамі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме. Пры затрыманні яго моцна збілі, распылялі ў вочы пярцовы газ: відэа з відавочнымі прыкметамі гэтага апублікавалі самі сілавікі.
Пасля затрымання актывіста адвезлі ў менскае аддзяленне ГУБАЗіК, дзе працягнулі збіваць, білі электрашокерам у пяткі, пагражалі згвалтаваннем. Потым яго перавялі ў ізалятар на Акрэсціна, а далей – у СІЗА на Валадарскага.
Прысуд яму вынеслі ў Менскім гарадскім судзе 10 лістапада 2021 года. Суддзя Наста Папко прызнала яго вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342, 361, і 295-3 («Актыўныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак», «Заклікі да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы» і «Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, заснаваных на выкарыстанні гаручых сумесяў»). Яна прызначыла Дзядку пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення свабоды ва ўмовах агульнага рэжыму. Такое ж пакаранне прасіў пракурор Антон Цюменцаў.
Актывіст не прызнаў віны ні ў водным артыкуле. 25 студзеня 2022 года Вярхоўны Суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на вырак. Скаргу разглядала судовая калегія Вярхоўнага Суда, у якую ўваходзілі суддзі Уладзімір Давыдаў, Андрэй Кавальчук і Мікалай Грынцэвіч. У паседжанні ўзяў удзел пракурор Генеральнай пракуратуры Андрэеў. Калегія пакінула скаргу без задавальнення, а прысуд – без зменаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu