Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце: «Беларусь – адна вялікая клетка»


21 сакавіка ў Варшаўскім універсітэце прайшла сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму, які больш за 600 дзён утрымліваецца за кратамі менскага СІЗА-1 на Валадарскага. На імпрэзе «Алесь Бяляцкі – беларускі змагар за свабоду і лаўрэат Нобэлеўскай прэміі Міру» прысутнічала жонка палітвязня Наталля Пінчук. Карэспандэнты «Белсату» пабывалі на імпрэзе. 

Жонка палітвязня Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Яшчэ перад пачаткам сустрэчы Наталля Пінчук прызналася нам, што «ўжо троху стомленая» і на вялікае інтэрв’ю сіл наўрад ці хопіць: мела ў першай палове дня сустрэчу з прэмʼер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім, потым – з міністрам замежных справаў Збігневам Раў. Варшаўская праграма жонкі палітвязня і Нобэлеўскага лаўрэата вельмі насычаная. Грунтоўнае і няспешнае інтэрвʼю адклалі на потым.

«Алесь Бяляцкі ёсць часткай нас»

Імпрэзу на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту адкрыў ягоны рэктар прафесар Алёйзы Новак.

Рэктар Варшаўскага ўніверсітэту Алёйзы Новак на сустрэчы, прысвечанай беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Алесь Бяляцкі ёсць часткай нас, ёсць часткай універсітэту. І гэтае спатканне дае надзею на будучыню, бо паказвае, што чалавек – найважнейшае. Я веру, што прыйдзе час, калі Алесь Бяляцкі зойдзе ў гэтую аўдыторыю, каб прачытаць лекцыю», – сказаў Алёйзы Новак.

Тэма прысутнасці ва ўніверсітэцкіх сценах Бяляцкага гучала ў прамовах выступоўцаў не раз. Гэтак адзін са спікераў прапанаваў надаць Нобэлеўскаму лаўрэату ганаровае званне прафесара Варшаўскага ўніверсітэту.

Між тым, аўдыторыя, у якой адбывалася сустрэча, запоўнілася больш чым напалову (каля 80 чалавек). Сярод прысутных заўважылі прадстаўнікоў Абʼяднанага кабінету Аліну Коўшык і Паўла Латушку, амбасадара Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага, палітыка Аляксандра Мілінкевіча, вядомага святара Вячаслава Барка, мовазнаўцу Вінцука Вячорку, паэтку Анхелу Эспіносу ды іншых.

Сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

І вядома: прысутнасць самога Алеся Бяляцкага была вельмі адчувальная. Як, дарэчы, і прысутнасць «Вясны», якая (ужо без двукоссяў) разгаралася за вокнамі ўніверсітэту.

«Алесь не мае ілюзіяў наконт сутнасці рэжыму»

«Беларусь – адна вялікая клетка. У нашай краіне рэпрэсіі ідуць кожны дзень. Іх адсочваюць і дапамагаюць людзям тыя «вясноўцы», якія засталіся на волі і працягваюць справу Алеся», – казала ў сваёй прамове Наталля Пінчук.

Яна сцвердзіла, што ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны для Беларусі «настаў вырашальны момант». Лукашэнкаўскі рэжым, які дапамагае Пуціну, «па сутнасці праводзіць этнацыд беларусаў у інтарэсах Крамля».  Мэта так званага саюзу Беларусі і Расеі – анексія Беларусі, каб пазбавіць яе будучыні.

«Супраць гэтага ўсё сваё свядомае жыццё і змагаецца Алесь. Алесь – носьбіт ідэі міру, за што і ўшанаваны міжнароднай супольнасцю. Таму ў сваім апошнім слове на судзе ён нагадаў пра будучую патрэбу нацыянальнага прымірэння ў Беларусі. Але менавіта – будучую. Ён звяртаўся не да ўзурпатара, а да паслухмяных выканаўцаў ягонай волі, каб спыніліся. І назваў тэрміновае вызваленне зняволеных як умову для магчымага дыялогу. Алесь не мае ілюзіяў наконт сутнасці рэжыму», – патлумачыла Наталля Пінчук тэзу аб «нацыянальным прымірэнні», якую агучыў на судзе яе муж і якая выклікала ў беларусаў гарачую дыскусію.

Сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Наталля Пінчук казала пра неабходнасць для беларусаў «прайсці гэты ахвярны шлях», захаваць сябе і падтрымліваць адзін аднаго «у гэтым цяжкім і небяспечным супрацьстаянні».

У сваёй прамове яна дзякавала Варшаўскаму ўніверсітэту «за магчымасць выказацца ў абарону Алеся», а таксама – «Беларускаму дому» ў Польшчы і Літве за дапамогу і арганізацыю паездкі ў гэтыя краіны, якія «займаюць самую прынцыповую пазіцыю ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі».

Сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«За вольнасць нашую і вашую!» – так скончыла свой выступ Наталля Пінчук і ў яе ціхіх, спакойных словах сапраўды адчувалася моц і энергія Алеся Бяляцкага. Наталля стала ягоным голасам.

«Марыць пра вызваленне мы сабе забараняем»

Прамова жонкі палітзняволенага праваабаронцы была сустрэтая гучнымі воплескамі. Потым загучалі беларускія спевы. «Купалінка» ў выкананні дуэту «Бартосікі» на нейкі момант запоўніла залу цішынёй. Быццам усе сцішылі дыханне…

На імпрэзе прагучаў голас і самога Алеся Бяляцкага – з ягонай анлайн-прамовы 28 красавіка 2021 года, якую зладзіў з нагоды прызначэнні яму АБСЕ ўзнагароды «Абаронца дэмакратыі» – за некалькі месяцаў да затрымання.

Пра жыццёвы лёс будучага Нобэлеўскага лаўрэата распавядаў на спатканні ягоны «біёграф» і журналіст Валер Каліноўскі. Ён жа прэзентаваў кнігу «Алесь Бяляцкі на Свабодзе», якая выйшла на пачатку снежня 2022 года.

Артур Міхальскі на сустрэчы, прысвечанай беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Адказваючы на пытанні прысутных, Наталля Пінчук расказвала, як важна, нягледзячы ні на што, пісаць лісты да палітвязняў («Алесь не атрымлівае, але іншыя, магчыма, атрымаюць») і дасылаць ім пасылкі («Гэта таксама свайго кшталту пасланне для іх»). Казала, што адна пасылка да Алеся Бяляцкага дайшла нават з Польшчы.

Хтосьці запытаўся Наталлю, наколькі можна спадзявацца на нейкія змены.

«Скажу так: з надзеяй на вызваленне я сяброўскіх адносін не маю… Марыць пра гэта мы сабе забараняем», – адказала жонка палітвязня.

У Бяляцкага пагаршаецца зрок

Наталля таксама паведаміла, што па почырку ў лістах, якія атрымала ад Алеся Бяляцкага, зразумела, што ў яго пагаршаецца зрок. Перадаць яму акуляры было вялікай праблемай, бо яму не маглі выпісаць у турме рэцэпт. Таму акуляры, якія перадалі Алесю за краты, выбіралі наўгад («Каб мог хоць азнаёміцца з тымі 180 тамамі справы…»).

З залы запыталіся, ці крывавыя рэпрэсіі не задушылі цалкам пратэставыя настроі ў Беларусі.

«У пэўнай ступені рэпрэсіі спынілі магчымасць выказваць свой пункт гледжання, але ніяк не змянілі погляд на ўладу. Значная частка людзей, якія раней выказвалі сваю незадаволенасць, засталася ў Беларусі, толькі пад гэтым рэпрэсіўным ціскам людзі не могуць яе праяўляць. Але яна ёсць, і яна даволі паказальная ў гэтым змрочным народным маўчанні. Гэта ёсць маўклівым адказам на рэпрэсіі. Але не трэба забывацца, што рэпрэсіі ўсё пашыраюцца і пашыраюцца…» – адказала Наталля Пінчук.

Сустрэчу ў Варшаўскім універсітэце праводзіў прафесар і кіраўнік кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту Радаслаў Калета. Напрыканцы імпрэзы была прэзентаваная кніга ўспамінаў і шматлікіх інтэрвʼю Алеся Бяляцкага, выдадзеная Беларускім ПЭНам у 2022 годзе. Яна так і называецца – «Алесь Бяляцкі».

Алесь Бяляцкі – праваабаронца, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна». Быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023 года Алеся Бяляцкага прысудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у кантрабандзе (арт. 228 КК) і ў фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.2 арт. 342 КК). Бяляцкага ўтрымліваюць у СІЗА-1 разам з «вясноўцамі» Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам.

7 кастрычніка 2022 года Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру.

Жонка палітвязня Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат
Hавiны
Што Алесь Бяляцкі хацеў бы сказаць на Нобэлеўскай лекцыі. Жонка перадала ягоныя словы
2022.12.10 15:52

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў