Жонка палітвязня і лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук 21 сакавіка сустрэлася з міністрам замежных справаў Польшчы Збігневам Раў.
На прэс-канферэнцыі пасля спаткання яна заявіла, што пачула словы падтрымкі і абяцанні рабіць пэўныя крокі ў справе вызвалення яе мужа і ўсіх беларускіх палітвязняў.
«Што тычыцца канкрэтыкі, пэўныя шляхі будуць яшчэ прадумвацца, і я спадзяюся, што гэтыя шляхі прывядуць да пэўных вынікаў», – сказала Наталля Пінчук.
Жонка палітвязня адзначыла, што сустрэча ў МЗС Польшчы была плённай. Па словах Наталлі Пінчук, любыя захады, якія будуць рабіцца еўрапейскімі палітыкамі і Польшчай у справе вызвалення Анджэя Пачобута, Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў у Беларусі, важныя.
«Але прадказаць, калі гэта адбудзецца, пакуль немагчыма», – сказала Наталля Пінчук.
Спадарыня Наталля распавяла, што асаблівых зменаў ва ўмовах утрымання Алеся Бяляцкага пасля прысуду не адбылося, але кантакт з ім яшчэ больш ускладніўся. У спадарыні Наталлі было толькі адно спатканне з мужам за паўтара года. Лісты ад сяброў да яго не даходзяць. Лісты ад яе таксама даходзяць не ўсе.
«Мы з Алесем займаемся самацэнзурай. Даводзіцца глядзець за вокны, апісваць у лістах зорнае неба ці павука на столі, абы гэта не тычылася палітыкі. Апісваць жыццё без жыцця. Але нават ліст пра зорнае неба да яго не дайшоў», – распавяла Наталля Пінчук.
Лаўрэат Нобэлеўскай прэміі Міру праваабаронца Алесь Бяляцкі быў на пачатку сакавіка 2023 года асуджаны да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён ужо больш за 600 дзён знаходзіцца за кратамі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
ЗК belsat.eu