У Музеі Вольнай Беларусі прэзентуюць кнігу «Алесь Бяляцкі»


Музей Вольнай Беларусі разам з Беларускім ПЭНам запрашаюць 24 сакавіка на прэзентацыю кнігі «Алесь Бяляцкі» з удзелам Наталлі Пінчук, якая атрымлівала Нобэлеўскую прэмію ад імя палітвязня ў Осла.

Афіша прэзентацыі кнігі «Алесь Бяляцкі». Крыніца: Беларускі ПЭН

Падчас прэзентацыі можна будзе набыць кнігу і атрымаць аўтограф Наталлі Пінчук. У прэзентацыі возьмуць удзел таксама сябры і калегі набэліста.

Кніга паказвае зараджэнне і станаўленне грамадзянскага актывізму ў Беларусі і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яркіх яго прадстаўнікоў, адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасць.

У выданні выкарыстаныя ўспаміны Бяляцкага, апублікаваныя ў розных ягоных кнігах, публікацыі ў перыёдыцы, выступы на канферэнцыях, у судах, напісанае ў лістах на свабоду, у шматлікіх інтэрв’ю беларускім і замежным медыям. Кніга таксама змяшчае выказванні паплечнікаў Алеся. Гэта дыялог з ім, даніна павагі нашаму сябру і калегу, магчымасць сказаць яму «дзякуй». Гэта нашае яму «Жыве Беларусь!», пракрычанае з-за сценаў турмы, на якое мы пачуем нязменны адказ «Жыве!» – цвёрды, са спакойнай і ўпэўненай усмешкай.

Вокладка кнігі «Алесь Бяляцкі». Крыніца: Allegro.pl

Дата: 24 сакавіка

Час: 17:00

Месца: Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11, Warszawa

Кнігу «Алесь Бяляцкі» можна набыць праз «Allegro» з дастаўкай па ўсёй Польшчы і Еўропе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў