Беларуса вызвалілі з рабства ў Расеі. Там яму не плацілі і моцна збілі


З рабства ў Свярдлоўскай вобласці Расеі вызвалілі 33-гадовага беларуса Вадзіма Жалезкага. У зняволенні ён знаходзіўся дзесяць месяцаў, паведамляе расейская рух «Альтернатива».

Вадзім Жалезкі.
Фота: alternative.help

Вадзім Жалезкі на запрашэнне швагра прыехаў на заробкі ў Расею ў траўні 2023 года. Ён планаваў працаваць на пілараме, дзе яму паабяцалі заробак у 25 тыс. расейскіх рублёў (каля 290 долараў паводле актуальнага курсу). Аднак беларуса прывезлі ў пасёлак Шадрыха Свярдлоўскай вобласці, забралі ўсе дакументы і прымусілі даглядаць кароў і дапамагаць у гаспадарцы. За дзесяць месяцаў яму не заплацілі ні разу. А за страчаную карову жорстка збілі.

Беларус звярнуўся да «Альтернативы», і тыя з валанцёрамі і журналістамі прыбылі на месца, дзе выклікалі супрацоўнікаў паліцыі. Гаспадар фермы сцвярджаў, што дакументы ў Жалезкага не адбіраў, але потым знайшоў іх і вярнуў уласніку. Выплачваць заробак ён таксама не спяшаўся, заявіўшы, што беларус за год не зарабіў нічога. І нават практычна яшчэ і застаўся даўжніком. Тым не менш, на зваротны білет дадому грошы яму далі.

Беларусы перыядычна трапляюць у рабства ў Расеі. Гэтак, у 2021 годзе быў вызвалены Андрэй Купрэенка, які знік яшчэ ў 2007 годзе. Мужчыну ўтрымлівалі ў рабстве ў Дагестане, Чачэніі і Кабардына-Балкарыі. А сёлета быў вызвалены беларус Дзмітрый, якога падманам змусілі працаваць на цагельні ў Дагестане.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў