Ці магчыма «перагарнуць старонку»? Ідэя кампрамісу паміж грамадствам і ўладамі выклікала гарачую дыскусію


Апошнімі днямі ў сеціве актыўна абмяркоўваюцца выказванні пісьменніка Артура Клінава, які заклікаў грамадства да кампрамісу з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі дзеля выратавання незалежнасці Беларусі. Ідэя кампрамісу была жорстка раскрытыкаваная, аналітыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць яе ў цяперашніх умовах проста нерэалістычнай. Belsat.eu разбіраецца ў аргументах бакоў і нагадвае, што пра дыялог казалі самі ўлады.

В центре Варшавы прошла акция «Дзяды»
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Ідэя новай сацыяльнай дамовы

Нагодай для дыскусіі сталі два інтэрв’ю пісьменніка Артура Клінава, якія ён даў «Deutsche Welle» і радыё «Свабода». У іх Клінаў заявіў, што сітуацыя ў Беларусі зайшла ў тупік, таму неабходны дыялог з уладамі і перазаключэнне сацыяльнай дамовы. Фактычна гаворка ідзе пра вяртанне да стану рэчаў, які меў месца да 2020 года, калі, на думку пісьменніка, «Беларусь ішла шляхам паступовай лібералізацыі».

Паводле Клінава, ініцыятыва дыялогу павінна сыходзіць ад грамадства і распачынаць яго трэба як мага хутчэй.

«Чым пазней гэты дыялог пачнецца, тым больш Беларусь страціць суверэнітэту, які апошнім часам злятае з яе ўсё большымі кавалкамі», – адзначыў ён у размове з DW.

Сутнасць новай сацыяльнай дамовы можна акрэсліць так: рэжым спыняе рэпрэсіі і вызваляе палітвязняў, а грамадства не ставіць пад сумнеў манаполію Лукашэнкі на ўладу. «Напрыклад, хочаш займацца бізнесам? Займайся, але не лезь у палітыку», – патлумачыў Клінаў у інтэрвю «Свабодзе».

Ідэю дыялогу нечакана падтрымаў і прадстаўнік штабу Віктара Бабарыкі Іван Краўцоў. Ён выказаў меркаванне, што апазіцыі ў якасці саступак магла б адмовіцца ад ідэі правядзення новых выбараў.

«Напэўна, новыя выбары цяпер абʼектыўна знятыя з парадку дня. Напэўна, у нас цяпер няма магчымасці прымусіць рэжым проста заўтра правесці выбары. Гэта вельмі дзіўны і саманадзейны запыт», – заявіў Краўцоў у эфіры «Еўрарадыё». То бок фактычна гаворка ідзе пра захаванне манаполіі Лукашэнкі на ўладу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Нельга сказаць, што агучаная ідэя кампрамісу была цалкам новая. Зянон Пазняк неаднаразова заяўляў, што міжнародная ізаляцыя і заходнія санкцыі супраць афіцыйнага Менску могуць прывесці да знішчэння суверэнітэту Беларусі і анексіі краіны Расеяй. Сёлета ў верасні ў сваім артыкуле «Развагі ў пачатку гібрыднай вайны» Пазняк заклікаў «прыпыніць эканамічныя санкцыі, замарозіць іх (бо санкцыі ўлады дыктатара не зваляць), і ўступіць у перамовы з процілеглым бокам аб спыненні рэпрэсіяў, катаванняў людзей, аб спыненні пераследу грамадзянскай супольнасці». Праўда, Пазняк у гэтым тэксце не патлумачыў, як мусіць выглядаць такі дыялог і што апазіцыя можа прапанаваць у гэтай сітуацыі рэжыму Лукашэнкі.

Крытыка

Прапановы Клінава выклікалі хвалю крытыкі і абурэння ў сеціве. Пераважная большасць каментатараў звяртала ўвагу на тое, што нельга дараваць уладам забойствы, катаванні і незаконнае зняволенне людзей ды проста «перагарнуць старонку». Але акрамя маральнага боку пытання гучыць і апеляцыя да выключна рацыянальных аргументаў. Аналітыкі звяртаюць увагу на тое, што ідэю Клінава проста немагчыма зрэалізаваць у цяперашніх умовах.

Філосафка і прафесарка ЕГУ, прадстаўніца Офісу Святланы Ціханоўскай у справе адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова адзначыла ў сваім допісу ў «Фэйсбуку», што жаданне «вярнуцца да нармальнасці» цалкам натуральнае, але яно будуецца на «ўмоўнай пазіцыі» і не бярэ пад увагу фактычнага стану рэчаў.

«Тое, што адбылося, робіць немагчымым вяртанне да нармальнасці, але патрабуе пабудовы новай нармальнасці, заснаванай на рэформе сістэмы ўлады», – адзначыла яна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На думку Шчытцовай, рэжым цяпер рухаецца ў бок таталітарызму, і няма ніякіх падставаў казаць пра тое, што ўлады пойдуць на дыялог.

«Узнікае таксама пытанне: як прымірыць агучаную прапанову новага сацыяльнага кантракту з паведамленнямі ад нашых палітвязняў, якія рэгулярна пішуць з турмаў, што ні аб чым не шкадуюць і падбадзёрваюць нас, каб не гублялі веры?

Аргумент Клінава, што «дыялог» патрэбен дзеля спынення рэпрэсій і захавання суверэнітэту, гучыць высакародна, але пры гэтым, з аднаго боку, наіўна, з другога – спекулятыўна», – падкрэслівае яна.

Інтэрв’ю
Таццяна Шчытцова: У жыцці мы не змагары і ябацькі, а, напрыклад, проста калегі
2021.10.29 10:30

Аналітык Арцём Шрайбман у сваёй калонцы на сайце Zerkalo.io звярнуў увагу на тое, што апазіцыі фактычна няма чаго прапанаваць уладам. Санкцыі ўводзіла не апазіцыя, а Еўразвяз, і гэтыя дзеянні былі звязаныя не толькі з сітуацыяй унутры Беларусі, але і з дзеяннямі рэжыму на міжнароднай арэне (міграцыйны крызіс і прымусовая пасадка самалёта), праз што Лукашэнку цяпер успрымаюць на Захадзе як парушальніка рэгіянальнай стабільнасці.

Да таго ж большасць прыхільнікаў пераменаў выступаюць за жорсткі курс у дачыненні рэжыму Лукашэнкі. Калі Ціханоўская або Латушка пойдуць на кампраміс з уладамі, то яны проста страцяць падтрыманне свайго электарату, які пачне шукаць новых аўтарытэтаў сярод тых, хто на саступкі не пагадзіўся.

І нарэшце галоўнае: Лукашэнка, як лічыць Шрайбман, сам не пойдзе на дыялог:

«Воля другога боку на такі дыялог не саспела. Аўтакраты ідуць на перамовы ад усведамлення, што ўсе альтэрнатывы яшчэ горшыя, а не таму, што апанент разгубіўся і шукае спробы цябе падмануць на доўгай дыстанцыі, уцягнуўшы ў новую разрадку».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ГР / Белсат

Журналіст і аналітык Пётр Кузняцоў у сваім блогу адзначыў, што цяперашняя дыскусія ў прынцыпе нічога не вартая. Ён нагадаў, што Святлана Ціханоўская анансавала перамовы яшчэ на травень 2021 года, але рэжым не выказаў ніякага жадання пайсці на гэта і ўсімі далейшымі дзеяннямі толькі падкрэсліваў нерэалістычнасць такога сцэнара.

«На агульным фоне таго, што адбываецца на вонкавых франтах, на фоне той катастрофы рэпрэсіяў на ўнутранай арэне, гэтыя асобныя заявы вельмі асобных людзей ці нават структур – ну, гэта сапраўды не сур’ёзна», – мяркуе Кузняцоў.

Што казалі пра дыялог улады

Крылаты выраз «перагарнуць старонку» ў дачыненні драматычных падзеяў 2020 года ўпершыню выкарыстаў Аляксандр Лукашэнка. Падчас інтэрв’ю ў верасні 2020 года, калі расейскія журналісты закранулі тэму катаванняў на Акрэсціна, Лукашэнка спыніў размову рытарычным пытаннем: «Можа, перагорнем гэтую старонку?»

Лукашэнка сапраўды «перагарнуў старонку»: за катаванні і забойствы пратэстоўцаў адказнасці ніхто не панёс. Але іншадумцам улады не збіраліся нічога дараваць. Яшчэ 20 кастрычніка 2020 года Лукашэнка паабяцаў «знайсці кожнага», хто ўдзельнічаў у пратэстах. Потым ён і ягоныя сілавікі гэтую пазіцыю неаднаразова пацвярджалі. Арышты людзей у крымінальных справах, заведзеных за удзел у мірных дэманстрацыях лета-восені 2020 года або пакінутыя ў інтэрнэце пратэставыя каментары працягваюцца дагэтуль (не кажучы ўжо пра пераслед за любыя новыя праявы іншадумства).

Што датычыць ідэі дыялогу, то Лукашэнкі ніколі не дапускаў такой магчымасці. Варта адзначыць, што прапанова перамоваў, па сутнасці, ляжала ў аснове ўсёй стратэгіі апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. 17 жніўня 2020 года на хвалі масавых пратэстаў была створаная Каардынацыйная рада апазіцыі, якая прапаноўвала дыялог на падставе трох галоўных патрабаванняў: спыненне тэрору і пакаранне вінаватых, вызваленне палітвязняў, правядзенне новых выбараў. Але ў адказ Лукашэнка абвінаваціў чальцоў КР у тым, што яны хочуць захапіць уладу, назваў іх «адвязанымі нацыстамі» і распачаў крымінальны пераслед. Сябры прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава і Максім Знак сёлета атрымалі 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На сённяшні дзень на ўсіх лідараў апазіцыі сілавікі Лукашэнкі распачалі шматлікія крымінальныя справы, у тым ліку паводле расстрэльнага артыкулу «Тэрарызм». Павел Латушка і Святлана Ціханоўская без усялякага суда былі ўнесеныя КДБ у «тэрарыстычны спіс».

У лістападзе 2021 года, каментуючы рэзанансную заяву прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна наконт дыялогу, Наталля Эйсмант адзначыла, што Лукашэнка гатовы размаўляць з «любой апазіцыяй», але «са здраднікамі – не».

Гэтую ж пазіцыю пацвердзіў і сам Лукашэнка ў інтэрв’ю «Бі-Бі-Сі». Ён заявіў, што Святлана Ціханоўская і ўсе тыя, хто быў вымушаны з’ехаць з краіны, – гэта здраднікі. А ў якасці прыкладу «правільнай» апазіцыі Лукашэнка прывёў квазіпалітычную ініцыятыву «Круглы стол дэмакратычных сілаў» і ягонага кіраўніка Юрыя Васкрасенскага. «З гэтай апазіцыяй, які б ні быў пункт гледжання, мы вядзем дыялог і будзем весці перамовы», – падкрэсліў ён.

Васкрасенскі, як вядома, пасля вызвалення з СІЗА КДБ ніколі не крытыкуе ўладаў, усхваляе Лукашэнку і апраўдвае палітычныя рэпрэсіі.

Hавiны
«Танальнасць была нязвыкла жорсткая». Эксперты прааналізавалі інтэрв’ю Лукашэнкі «Бі-Бі-Сі»
2021.11.23 18:09

РР belsat.eu

Стужка навінаў