«Мэркель, ты на чыім баку?» Беларусы зладзілі акцыю каля амбасады ў Варшаве


Каля сотні беларусаў зладзілі 21 лістапада акцыю-мітынг каля амбасады Беларусі ў Польшчы. Удзельнікі патрабавалі «перастаць лабіяваць інтарэсы садысцкага рэжыму і перайсці на бок народу», бо – «Лукашэнка перайшоў усе межы». За акцыяй назірала некалькі дзясяткаў польскіх паліцыянтаў.

Мастачка Яна Шостак выступае з прамовай падчас акцыі пратэсту «Лукашэнка перайшоў межы» каля амбасады Беларусі.
Фота: Белсат

Каля будынку беларускай амбасады ў Варшаве на Вертніча, 58 сабралася каля ста ўдзельнікаў. Людзі гуртаваліся вакол імправізаванага мемарыялу, зладжанага ў памяць і гонар забітых рэжымам пратэстоўцаў. Запальвалі знічы. Многія трымалі плакаты з фотаздымкамі загінулых. Там жа гучалі прамовы.

Выступоўцы казалі пра неабходнасць салідарнасці ўсіх беларусаў. Пра тое, што ў сённяшняй сітуацыі вельмі важная падтрымка і разуменне памкненняў нашых суайчыннікаў еўрапейскімі лідарамі. Некалькі разоў гучалі крытычныя ацэнкі дзеянняў Ангелы Мэркель, якая званіла Лукашэнку.

Мужчыны мантуюць банэр каля будынку амбасады Беларусі падчас акцыі «Лукашэнка перайшоў межы».
Фота: Белсат
Фота: Белсат

Казалі пра тое, што міграцыйны крызіс не мусіць засланяць той факт, што ў Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі, іх працягваюць катаваць і забіваць.

«Але мы не забытыя і не забітыя. Нашыя дзеянні не застаюцца незаўважанымі. Тое, што мы тут стаім – гэта вельмі муляе рэжыму. Мы мусім быць салідарнымі!» – заклікаў адзін з прамоўцаў.

Удзельнікі трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты з лозунгамі на розных мовах: «Маю краіну захапілі бандыты», «Мэркель, ты на чыім баку?», «Фашысцкая хунта працягвае забіваць».

Фота: Белсат
Прадстаўнік НАК Анатоль Котаў выступае з прамовай перад людзьмі, якія сабраліся на акцыю пратэсту.
Фота: Белсат

Анархісты вылучаліся вялікай чорна-белай расцяжкай «Политики играют – люди погибают». Малы хлопчык трымаў плакат з заклікам: «Дарослыя, не здавайцеся!»

«Ведаеце, вярнуць Лукашэнку ў межы цывілізаванага свету, я лічу, ужо немагчыма. Хаця… адзінымі такімі межамі для яго могуць быць мураваныя сцены псіхіятрычнай лякарні», – падзялілася меркаваннем адна з удзельніц, якая назвалася Аленай.

Прадстаўнікі анархічнага руху прымаюць удзел у акцыі «Лукашэнка перайшоў межы» каля будынку амбасады Беларусі.
Фота: Белсат
Людзі ўсталёўваюць ляльку каля банэра падчас акцыі «Лукашэнка перайшоў межы».
Фота: Белсат

Кульмінацыйным, і ва ўсіх сэнсах самым гучным, момантам акцыі стаўся выступ беларускай мастачкі і актывісткі Яны Шостак. Яна – закрычала. Крык падтрымалі астатнія. Бо калі зло пераходзіць межы, нічога не застаецца – трэба крычаць.

«Хвіліна крыку, якая нарадзілася праз страх і бяссілле – стане хвілінай сілы і нашай непераможнасці. Бо мы ўсе павінны крычаць да канца рэвалюцыі. І на хвіліну больш», – тлумачыла Яна Шостак.

Ці быў пачуты гэты крык працаўнікамі беларускай амбасады – невядома. Ні водгуку, ні знаку. Будынак амбасады ахоўвала каля 20 польскіх паліцыянтаў.

Фота: Белсат

Адна з арганізатарак акцыі Алена Панамарова (падобныя акцыі штотыднёва ладзіць суполка актывістаў беларускай дыяспары «Беларусы Варшавы») расказала, што падчас імпрэзы збіраюцца подпісы пад зваротам з патрабаваннем прызнаць Лукашэнку тэрарыстам. Ліст з подпісамі будзе дасланы на адрас польскага ўраду. А вось беларускім дыпламатам нічога перадаваць не збіраюцца.

«Гэтых людзей мне хочацца толькі пашкадаваць, таму што яны дагэтуль не на баку народу», – сказала Алена Панамарова.

Паміж выступамі прамоўцаў людзі выкрыкваюць «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам!».

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Я прыйшоў сюды, каб паказаць, што я змагаюся, што працягваю змагацца, бо іншыя легальныя спосабы барацьбы ў нас забралі. Забраў Лукашэнка, які сапраўды зараз па-за межамі ўсяго. І здаровага сэнсу ў тым ліку. Ён маньяк натуральны, я так лічу. Ён разумее толькі прымус і сілу», – выказвае думкі ў размове з журналістам «Белсату» удзельнік акцыі Зміцер.

«Я тут, таму што Еўропа павінна нарэшце пачуць нас. І дапамагчы», – лаканічна выказаўся яшчэ адзін удзельнік акцыі.

Фота: Белсат

Акцыя каля беларускай амбасады доўжылася каля гадзіны і традыцыйна скончылася агульным фатаграфаваннем і скандаваннем «Пошёл вон, ты і твой ОМОН!».

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў