«Там будуць дабрачынныя фонды, якія мы закрылі». Лукашэнка пракаментаваў інфармацыю пра новую рэзідэнцыю


Падчас адукацыйнай нарады 21 верасня Лукашэнка пракаментаваў інфармацыю пра тое, што на месцы будынку аддзялення афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру ў Менску будуецца новая рэзідэнцыя за амаль 50 мільёнаў рублёў. Расследаванне на гэтую тэму надоечы апублікаваў BELPOL.

Новы палац Лукашэнкі. Матэрыялы з расследавання BELPOL аб рэканструкцыі будынку на Чырвонаармейскай, 15 у Менску. Выява: BELPOL

Расследаванне пра новую рэзідэнцыю Лукашэнка назваў ідэалагічным і інфармацыйным ціскам:

«Распачынаецца электаральная кампанія. Без настаўнікаў яна прайсці не можа. А вам, вось прысутным, прыйдзецца ўсё арганізаваць. На нас ужо пачаўся ідэалагічны і інфармацыйны ціск. Я ўжо заяўляў: чаму на мяне? Я не збіраюся ісці ў дэпутаты».

Па словах Лукашэнкі, старое рэабілітацыйнае аддзяленне Лечкамісіі адрамантавала ўпраўленне справамі прэзідэнта, пасля чаго ён даручыў размесціць «на другіх паверхах усе фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, котак і гэтак далей), дабрачынныя, сабраць пад адзін дах».

«Гэта прэзідэнт пабудаваў сабе рэзідэнцыю там, новую. Слухайце, мне хапае працоўных месцаў, дзе працаваць. <…>. Ёршыкі там, кажуць, нейкія ці то за 600, ці за колькі рублёў. Пытаюся – ды не, кажуць, ніякіх. Вось ідзе накат і выбіраюць цэнтральных людзей на каго націснуць і па кім ударыць», – сказаў Лукашэнка.

Гісторыі
Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»
2023.09.18 10:39

BELPOL 18 верасня выпусціў расследаванне, у якім гаворыцца аб рэканструкцыі будынку ў самым цэнтры Менску: выявілася, што ў палацыку, пазначаным на мапах як аддзяленне афтальмалогіі Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру, робяць чарговую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі.

Гэты праект абыдзецца рэспубліканскаму бюджэту і «інавацыйнаму фонду» Упраўлення справамі Лукашэнкі ў не менш як у 43,6 млн беларускіх рублёў або, паводле курсу на момант напісання дакументацыі да аб’екту, у не менш як 14,2 млн долараў.

Пад рэзідэнцыю ўзялі ўжо існы будынак па адрасе Менск, Чырвонаармейская, 15. Гэта насупраць «прэзідэнцкай клінікі», блізу афіцыйнай Адміністрацыі прэзідэнта, Прэзідэнт-гатэлю, былой Нацыянальнай бібліятэкі (дзе цяпер Савет Рэспублікі) і парку Горкага. Каля будынку – даўно агароджаны сквер плошчай у тры футбольныя палі, былы парк юных натуралістаў. Увесь участак – 2,7 га.

Будынак плошчаю 4783 м² збудаваны ў 1968 годзе і ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У адрозненне ад «Палаца незалежнасці», гэты будынак – у стылі «савецкага класіцызму», месцамі нават нагадвае гістарычныя палацы, уласцівыя беларускім землям. Яго перадалі Упраўленню справамі Лукашэнкі яшчэ ў 1998 годзе.

BELPOL у сваім даследаванні падрабязна распавядае, як будзе выглядаць будучы палац. Колькі агулам на сённяшні дзень у Лукашэнкі палацаў, дакладна невядома, але не менш за 17.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў