Польшча – Украіна: наўпрост у тупік

Спрэчка вакол збожжа ўвайшла ў новую фазу: Уладзімір Зяленскі ледзь не абвінавачвае Польшчу ў гульні ў інтарэсах Масквы. Фестываль прэтэнзіяў працягваецца. Кіеў памылкова ацэньвае польскія эмоцыі і вядзе цынічныя таргі ў інтарэсах сельскагаспадарчых алігархаў, марнуючы капітал сімпатыі і псуючы адносіны з прыязным суседам.

Калі ў падручнікі міжнародных адносінаў калі-небудзь і ўвойдуць нейкія даты часоў вайны Расеі супраць Украіны, то гэта дакладна будзе верасень 2023 года. Асабліва 19 верасня. На жаль, гэтыя даты ўвойдуць у гісторыю як час заняпаду ў польска-ўкраінскіх адносінах. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, выступаючы на 78-й сесіі Генасамблеі ААН, выказаў здагадку, што краіны, якія змагаюцца за свае інтарэсы ў збожжавым пытанні, рыхтуюць «сцэну для Масквы».

Гэта слаба завуаляваная прэтэнзія менавіта да Польшчы. Фактычна Зяленскі адкрыта сказаў, што Польшча гуляе на баку Расеі, калі не згаджаецца на імпарт украінскага збожжа. Такія несправядлівыя словы прагучалі пасля шматдзённай кампаніі пагрозаў з боку Кіева. Пасля запэўніванняў, што пытанне польскага эмбарга будзе перададзенае для ўладкавання ў СГА (Сусветную гандлёвую арганізацыю). Пасля пагрозаў украінскага намесніка міністра сельскай гаспадаркі, што Украіна можа заблакаваць імпарт польскай садавіны і гародніны. Пасля ціску з Бруселю і словаў, што ў Балгарыі (якая адмовілася ад эмбарга) усё добра, на адрозненне ад Польшчы, Славаччыны і Вугоршчыны.

І, нарэшце, пасля таго, як двухбаковая сустрэча і размова Анджэя Дуды і Зяленскага так і не адбылася ў Нью-Ёрку падчас сесіі ААН, нягледзячы на гатовасць сустрэцца, выказаную прэзідэнтам Польшчы. Анджэй Дуда выразна сказаў, што Польшча падтрымлівае і дапамагае Украіне, але абавязкова будзе абараняць свае эканамічныя інтарэсы.

Hавiны
Украіна збіраецца падаць у суд на Польшчу, Славаччыну і Вугоршчыну
2023.09.18 17:14

У Польшчы – крызіс у адносінах з Украінай. Крызіс, які можа ўзмацніцца, калі не спыніць кампанію эмацыйнага шантажу Кіева. Шантажу, які Зяленскі выказаў учора ў такой немудрагелістай форме: «Хто не з намі, нават коштам парушэння ўласных інтарэсаў у сферах, не звязаных непасрэдна з падтрыманнем Украіны ў вайне, той з Масквой». Гэта вельмі кепскі шлях. Шлях, што прывядзе нас да растраты капіталу ўзаемнай сацыяльнай сімпатыі. Гэта ўнясе недавер у польска-ўкраінскія адносіны і выцягне на паверхню ўсіх дэманаў польскай і ўкраінскай крыўды адно на аднаго.

Каманда Зяленскага няслушна дыягназавала польскія палітычныя і сацыяльныя настроі. Яна ўвязалася ў цынічную гульню, характэрную для ўкраінскай унутранай палітыкі, у якой эмацыйны шантаж ёсць нармальным інструментам. На жаль, у міжнародных адносінах так не працуе. Пытанне: чаму Зяленскі так рызыкнуў? Проста кепска ацаніў сітуацыю? А можа, гэта звязана з разлікам патэнцыйных прыбыткаў і стратаў, у якіх прыбытак падаўся яму важнейшым за страты?

Вайна магнатаў

Няма нічога больш парадаксальнага і звязанага з балючаю мінуўшчынаю, чым тое, што менавіта збожжа стала яблыкам разладу паміж Польшчай і Украінай. Бо супярэчнасці інтарэсаў буйных украінскіх магнатаў, вольнага казацтва і польскай шляхты, якая ратавалася ад прыгону, прывялі да трагедыі войнаў XVII ст. Збожжа стала скарбам, але і праклёнам Украіны, бо дзякуючы гэтаму багаццю краіна стала надзвычай каштоўнай для расейскага імперыялізму. Збожжа, а дакладней, ягоны дэфіцыт, выкліканы Масквой, стаў прычынай найвялікшай трагедыі Украіны ХХ стагоддзя – голаду часоў Сталіна.

Можна доўга казаць пра гістарычную сувязь паміж нацыянальным здабыткам Украіны, збожжам і праблемамі ўкраінцаў, але сёння гэты скарб ізноў робіцца крыніцаю канфліктаў. І гэта з суседам, які сапраўды адданы падтрыманню Украіны ў вайне, нясе вялікія выдаткі і рызыкі. Аднак Польшча не вагалася ні хвіліны, яна мудра кіравалася як эмпатыяй, так і палітычным рэалізмам.

Падтрыманне Украіны – гэта дзяржаўны інтарэс і інвестыцыя ў бяспеку ўсяго рэгіёну. Гэты канкрэтны прынцып быў памылкова вытлумачаны ў Кіеве як карт-бланш на патрабаванне саступак і змены прыярытэтаў Польшчы ў іншых сферах, акрамя бяспекі. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы, дзе свабодны экспарт збожжа ў Еўропу важны для ўкраінскай эканомікі, але перш за ўсё – для фінансавай прыбытковасці аграхолдынгаў.

Меркаванні
Дэмакратычная палітыка – гэта не толькі інтарэсы, але і эмоцыі
2023.09.20 21:30

Рынат Ахметаў, якога польскія СМІ часта называюць галоўным лабістам збожжавай вайны, нават не найбуйнейшы «магнат» у аграрным бізнесе. Ягоны канцэрн «HarvEast» займае толькі дзявятае месца сярод аграрна-збожжавых гігантаў. Аднак Ахметаў, несумненна, самы ўплывовы алігарх з актывамі ў фундаментальных для дзяржавы сферах: сельскай гаспадарцы, энергетыцы, прамысловасці, транспарце. Акрамя яго, іншыя: Андрэй Вярэўскі, Юрый Касюк, Алег Бахмацюк і Юрый Іванчык – кантралююць галоўныя аграрныя канцэрны: «Кернел», МХП, «УкрЛендФармінг», «Астарта». І разам з некалькімі дзясяткамі іншых уласнікаў і кіраўнікоў, інвестыцыйнымі фондамі ствараюць магутнае аграрнае лобі.

Менавіта гэтая група ціснула (і працягвае ціснуць) на ўлады ў Кіеве, каб любой цаной разблакаваць украінскі экспарт у Еўропу. Не транзіт праз Еўропу і далейшы экспарт праз еўрапейскія парты ў Афрыку і на Блізкі Усход. Бо гэты транзіт існуе і працягвае павялічвацца. Аднак высокія выдаткі на транспартаванне за межы Еўропы і больш нізкія цэны на гэтых рынках прыводзяць да зніжэння маржы і прыбытку кампаніяў. На продажы збожжа ў Польшчы зарабляюць больш, чым у Марока. Гэта відавочна.

Прыбытак ад экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі сёння ёсць асноўнай крыніцай даходаў дзяржавы і адзінай крыніцай даходу большасці аграхолдынгаў. Барацьба за гандаль збожжам – пытанне не толькі пра тут і цяпер. Украінская аграпрамысловасць змагаецца за будучыню адносінаў у ЕЗ. Яна хоча заняць выгадныя пазіцыі перад інтэграцыяй Украіны ў ЕЗ, бо добра ведае, наколькі жорстка можа быць абмежаваная ўкраінская канкурэнцыя. Пратэсты польскіх фермераў супраць украінскага збожжа будуць драбязой, калі французскія ці нават іспанскія фермеры адчуюць канкурэнцыю.

Hавiны
Польшча, Славаччына і Вугоршчына забаранілі імпарт украінскага збожжа
2023.09.16 09:20

Аднак абвастрэнне збожжавай вайны цяпер можа сурʼёзна паўплываць на інтэграцыю Украіны з ЕЗ. Гэта можа прывесці да патавай сітуацыі, калі ў блакаванні інтэграцыі будуць вінаваціць краіны Цэнтральнай Еўропы, а насамрэч непрыяцелямі хуткага ўваходжання Кіева ў ЕЗ ёсць Нямеччына ці Францыя. Кіеўскай палітычнай эліце не стае шырэйшай перспектывы. Яна засяроджваецца на барацьбе за сельскагаспадарчы рынак і не заўважае, што ў Еўропе існуе сістэма ўзаемасувязяў, а таксама ігнаруе грамадскія і палітычныя настроі ў Польшчы.

Цынізм і эмоцыі

Гэта разважлівая гульня. Такая, на якой усе ва ўкраінскай палітыцы, як той казаў, сабаку з’елі. Там няма сантыментаў, ідзе жорсткая барацьба за бізнес і выжыванне. Калі кагосьці здзівяць, напрыклад, фотаздымкі, што нядаўна папаўзлі ў інтэрнэце, на якіх брат кіеўскага мэра Уладзімір Клічко пазіруе з Аксанай Марчанкай (жонка прарасейскага медыямагната Віктара Медвядчука) на хрэсьбінах Нестара Шуфрыча (нядаўна затрыманы прарасейскі палітык), значыць, ён мала ведае пра ўкраінскую палітыку.

Hавiны
СБУ: Медвядчук атрымаў ад Расеі мільярд долараў на рыхтаванне да вайны. Але патраціў іх на сябе
2022.07.28 16:58

На адным фота – усмешлівыя героі з цалкам варожых палітычных лагераў? Гэта ўкраінская палітыка. Важнае значэнне маюць сямейныя і бізнес-сувязі, якія часта праходзяць упоперак афіцыйна вядомым палітычным колам. Вайна яшчэ больш узмацніла цынізм. У прыватнасці, яна навучыла каманду Зяленскага тактычнаму падыходу да палітыкі, то бок прадугледжваць дапушчальныя страты на яшчэ больш высокім узроўні. Яна навучыла іх у школе выжывання, якую жаўнер праходзіць у акопах.

Аднак у гэтай, здавалася б, халоднай гульні ёсць эмоцыі. Бо няма сумневу, што некаторыя заявы Зяленскага – гэта чыстыя эмоцыі. Так здарылася, калі ён у лютасці пагражаў не паехаць на саміт NATO ў Вільню. Ён ведаў, што канкрэтнай прапановы аб уваходзе ў NATO Украіна не атрымае. А калі паехаў, то апублікаваў у Twitter эмацыйны пост, поўны крыўды на заходніх саюзнікаў, і абразіў міністра абароны Вялікай Брытаніі Бэна Ўоліса.

Гэтак жа падчас паездкі ў Нью-Ёрк прэзідэнт Украіны быў поўны горычы і гневу на пастанову Польшчы падоўжыць збожжавае эмбарга пасля 15 верасня. Гэтак жа, як перад самітам NATO ён ведаў, што не атрымае ўсяго, чаго хацеў, цяпер ён ведаў, што Польшча захавае сваю пазіцыю. Аднак успрыняў гэта як поўху і асабістую няўдзячнасць.

Як нейкую здраду, нягледзячы на такое паказальнае сяброўства з Анджэем Дудам і Польшчай. Нягледзячы на тое, што ягоная каманда спрабавала дамагчыся адмены эмбарга ў інтарэсах алігархаў і гуляла з разлікам, без разумення ў адносінах да Польшчы, у выніку ключавую ролю адыгралі моцныя эмоцыі прэзідэнта. Гэта не вельмі добрая навіна. Прэзідэнт у сваім запале будзе кіравацца прынцыпам: калі яны з намі так, то мы з імі гэтак. І гэта ўжо відаць.Чарговым эскалацыйным крокам ёсць перадача Кіевам збожжавага пытання ў СГА.

Пакуль каля Зяленскага няма дарадцаў, якія б яго спынілі. Наадварот, напэўна, некаторыя з іх кіруюцца інтарэсамі аграрнага бізнесу і толькі падмацоўваюць патрэбу прэзідэнта змагацца за збожжа да канца. Наступствы такой палітыкі будуць катастрафічнымі для ўкраінска-польскіх адносінаў. Яны не мусяць паўплываць на прынцыповае падтрыманне барацьбы Украіны і яе курсу на інтэграцыю з заходнімі структурамі, але могуць. Бо такая логіка грамадскіх эмоцыяў: калі яны пачынаюць пагаршацца, то ператвараюцца ў вялікую палітыку.

З розных куткоў чуваць галасы тых, хто цяпер з падвойнай энергіяй запэўнівае: мы ж вам казалі, што польска-ўкраінскае сяброўства падчас вайны было фасадам! Не, гэта не фасад. Яно заснаванае на трывалых падмурках як эмпатыі абодвух грамадстваў, так і палітычнага рэалізму, што не дае Польшчы і Украіне альтэрнатывы, акрамя як быць разам. Аднак сёння гэтыя асновы разбураныя, як ні парадаксальна, эмоцыямі крыўды і расчаравання. А яшчэ – рэалізмам, вузка зразуметым кіеўскай элітай. Тады як дастаткова  вярнуцца да шырэйшае перспектывы.

Каментар
Кіраўнік Украінскай аграрнай канфедэрацыі: Кіеву не цікавыя збожжавыя рынкі суседніх краін
2023.09.20 12:48

Міхал Кацэвіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў