Віталь Цыганкоў: Словы Гайдукевіча не варта ўспрымаць за сур’ёзны намер


Так званы дэпутат лукашэнкаўскага парламенту Алег Гайдукевіч чарговы раз прапанаваў сілаю вывезці Паўла Латушку ў Беларусь і пасадзіць яго за краты, прафінансаваўшы выкраданне. Гэтыя дзеянні супраць палітыка ён ацаніў на 220 долараў. Сваймі развагамі на тэму ў жывым эфіры «Белсату» падзяліўся палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на нашым канале Віталь Цыганкоў.

Цалкам размову глядзіце ў відэа:

«У яго такая роля, роля клоўна, яна ў яго даволі даўно, калі згадваць усе ягоныя выказванні. Калісьці ён хацеў надаць законнае права бел-чырвона-беламу сцягу, калі вецер дзьмуў зусім у іншы бок. Казаў пра дыялог, пра тое, што выбары ў парламент павінныя праходзіць паводле партыйнай сістэмы. Карацей, якая сітуацыя – так ён і спрабуе ўгадаць, скажам так, што думае начальства. А ў гэтай сітуацыі яму нават можна і не баяцца: скажы ён, скажам так, любую лухту, любую рэзкасць у гэты бок, у бок павелічэння рэпрэсіяў – ніхто не пакрытыкуе».

Віталь Цыганкоў мяркуе, што словы Гайдукевіча не варта ўспрымаць за сур’ёзны намер улады, і параўноўвае дэпутата з Жырыноўскім у Расеі, праўда, не такога высокага ўзроўню.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. Варшава, Польшча. 14 верасня 2022 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Усе гэтыя беларускія афіцыйныя структуры ператвараюцца вось у такіх хадзячых Азаронкаў, якія кідаюцца… Вось ты ідзеш па вуліцы, які-небудзь вар’ят у фізічным сэнсе, медычным, чалавек кідаецца гаўняшкамі ці камянямі ў людзей, а ўсе яго абыходзяць. І гэта цяпер робяць афіцыйныя структуры, вось так кідаюцца, і нармальныя людзі павінныя не звяртаць увагу, а ў Беларусі гэтага вакол паўсюль».

Палітычны аглядальнік упэўнены, што гэтак адбываецца з прычыны занепакоенасці праз магчымы ордар на арышт Лукашэнкі, бо афіцыйны Менск бачыць, якія пакуты зведаў Пуцін пасля такога ордару:

«Калі гэты ордар выдадуць, проста кардынальна зменіцца не толькі ягоны статус, але і псіхалагічны стан. Так што, я думаю, яны не здарма, што называецца, вырыгваюць усе гэтыя лаянкі. Яны ўсе проста раз’юшаныя».

Адметнасць у тым, паводле Віталя Цыганкова, што цяпер усе чыноўнікі, службовыя людзі ў Беларусі павінныя служыць. Таму не здзіўляе эксперта і заява генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання, які намякнуў пра ўжыванне Расеяй і Беларуссю ядравай зброі.

Дзмітрый Шаўцоў. Крыніца: ont.by

«Гэта ў тым ліку кажа і пра сістэму міжнародных арганізацыяў… Такая паважаная, Чырвоны Крыж, якая дапускае на чале кіраўніцтва Чырвонага Крыжа ў адной з краінаў такога чалавека з такімі выказваннямі. Гэта кажа ў тым ліку і пра нейкую, скажам, не тое што безыдэйнасць, а, я б сказаў, бяссілле, бязвольнасць міжнародных некаторых арганізацыяў. Па-добраму, яго павінныя былі адразу зняць».

Не верыць палітычны аглядальнік і заявам Пуціна пра абарону Беларусі ад нападу з боку Польшчы, як і пра магчымы захоп Варшавы, бо для гэтага няма ніякіх падставаў, хоць Лукашэнку такія заявы і цешаць:

«Мне здаецца, што якраз гэтая агрэсіўнасць – гэта больш боязь таго, пра што Пуцін кажа. Што сапраўды ў нейкі момант некаторыя краіны NATO, магчыма, нават на чале з Польшчаю, вырашаць, што трэба больш актыўна дапамагаць Украіне. У тым ліку і не толькі зброяй, а нейкімі ўзброенымі сіламі».

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў