Польшча перакідвае войскі да Беларусі


Польшча перакідвае войскі, у тым ліку бранятэхніку з захаду бліжэй да тэрыторыі Беларусі. Адна з прычынаў: супольныя вучэнні баевікоў Групы Вагнэра і Сілаў спецаперацыяў Лукашэнкі пад Берасцем. У Варшаве бачаць тут свядомую правакацыю.Тым часам Уладзімір Пуцін адкрыта пагражае палякам і ставіць пад пытанне іх тэрытарыяльную цэласнасць. Як гэта было ў пагрозах Украіне перад пачаткам адкрытай вайны. Але арэнай у гарачым ці гібрыдным канфлікце з Польшчай Крэмль ужо выбраў нашую Беларусь.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтыя танкі і бронеаўтамабілі едуць чыгункай з-пад Быдгашчы на ўсход Польшчы. Пасля таго, як Лукашэнка запрасіў у Беларусь вагнэраўцаў, суседзі чакаюць з нашай краіны новых правакацыяў сілавікоў. Агулам на ўсход скіруюць не менш за тысячу польскіх вайскоўцаў.

«Група Вагнэра, якая ўсё ў большай колькасці з’яўляецца ў Беларусі, – гэта ўсё большая пагроза для Польшчы і ўсходняга флангу NATO. Мы рашуча даем моцны адлуп усім правакацыям Лукашэнкі і Беларусі, але ведаем, што тут трэба захоўваць пільнасць, бо Беларусь і Расея працуюць поруч, каб дэстабілізаваць Польшчу ды ўсходнюю частку NATO і Еўразвязу», – заявіў у пятніцу польскі прэм’ер-міністр Матэўш Маравецкі.

У Беларусі ў чарговы раз працягнулі вайсковыя вучэнні, якія без перапынку ідуць з красавіка мінулага году. Палігоны, у тым ліку пад Асіповічамі і Берасцем, будуць працаваць без выходных. Прычым на палігоне «Берасцейскі» якраз цяпер баевікі Групы Вагнэра трэнуюць дэсантнікаў 38-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, якая 3 гады таму разганяла мірныя пратэсты ў Берасці. Палігон усяго ў 4-х кіламетрах ад мяжы з Польшчай, і нашыя суседзі з-пад Тэрэспалю чуюць гукі стрэлаў і выбухаў.

«Вядома, я баюся. У мяне сын у войску, сын – вайсковец. Баюся за яго і за ўнукаў», – кажа Агата Мораз, солтыс вёскі Колпін-Аграднікі пад Тэрэспалем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская мяжа.
Фота: AFP

«Сёння верталёт з таго боку лятаў, яны ўвесь час лятаюць», – прыгадвае Адам Лігар, фермер з Кастамлотаў.

Сёння вагнэраўцы абнавілі інфармацыю пра пераезд у Беларусь. Да нас пераехаў іх штаб з расейскай базы ў Молькіна на Кубані. Найміты працягнуць працаваць паўсюль акрамя постсавецкіх краінаў. Частка баевікоў пайшла ў рэзерв, частка – ў адпачынак. А цяпер яны перадаюць баявы досвед сілавым структурам Беларусі.

«Раней займаліся шмат, але не хапала адрэналіну. Рашэнне па вагнэрах – 100% плюс», – кажа на адным з відэа чалавек у форме, падпісаны як беларускі вайсковец.

Усе тэлеканалы Лукашэнкі актыўна рэкламуюць гэтыя трэніроўкі Групы Вагнэра з беларускімі вайскоўцамі. Але не ўзгадваюць, што вагнэраўцы не маюць ніякага легальнага статусу, яны прызнаныя тэрарыстычнай групоўкай у ЗША, Канадзе, Вялікай Брытаніі, Літве, а потым і ў АБСЕ. Прычына – масавыя забойствы палонных, катаванні, згвалтаванні і нават выкраданні дзяцей у розных краінах свету.

«Чаму яны могуць навучыць? Як узяць штаб уласнай групоўкі і наступаць на сталіцу. Чаму яны будуць вучыць беларускую армію – як арганізаваць марш-брасок на Менск?» – пытае журналіст цэнтру «Досье» Дзяніс Караткоў.

На сёння невядома, як цяпер выглядаюць стасункі між Уладзімірам Пуціным, камандзірам Групы Вагнэра Дзмітрыем Уткіным і Яўгеніем Прыгожыным. Але спроба перавароту паказала слабыя месцы ў пуцінскай вертыкалі, заявіў дырэктар Цэнтральнага выведнага ўпраўлення ЗША. У такой сітуацыі заходнія спецслужбы цяпер шукаюць новыя кантакты ў расейскіх элітах.

«Ёсць сувязь між полем бітвы ва Украіне і тым, што адбываецца ўнутры Расеі. У тым сэнсе, што калі ўкраінцы прасунуцца далей на пазіцыях, то ў выніку ўсё больш і больш расейскай эліты і неэліты будуць звяртаць увагу на прыгожынскую крытыку вайны», – заявіў на форуме ў Аспэне дырэктар CIA Ўільям Бэрнз.

Пуцін, падобна, знайшоў новы спосаб мабілізацыі грамадства – пагрозы Польшчы.

«Заходнія тэрыторыі сённяшняй Польшчы – гэта падарунак Сталіна палякам. Нашыя сябры ў Варшаве падзабылі пра гэта? Мы нагадаем», – заявіў Пуцін у сённяшняй прамове на Савеце Бяспекі. І папярэдзіў, што польскі ўрад нібыта рыхтуе напад на заходнюю Украіну і заходнюю Беларусь, а ён гатовы нас абараняць ад палякаў.

«Беларусь – гэта частка Саюзнай дзяржавы, развязванне агрэсіі супраць Беларусі будзе азначаць агрэсію супраць РФ. На гэта мы будзем адказваць усімі сродкамі, якія маем», – звяртаўся Пуцін нібыта да дырэктара СВР Сяргея Нарышкіна, а на справе да аўдыторыі.

З гэтай нагоды Пуцін ужо выклікаў да сябе Лукашэнку на перамовы. Працоўны візіт у Расею адбудзецца ў нядзелю.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»