Абстрэл акупаванага Крыму ды лясныя пажары ў Грэцыі. Галоўныя здымкі тыдня


Ад выбуху на Керчанскім мосце і вайсковым палігоне ў анексаваным Крыму да лясных пажараў у Грэцыі і апоўзня ў Індыі – сабралі галоўныя здымкі мінулага тыдня ў штотыднёвай фотападборцы.

Маці супрацоўніка, які загінуў пасля ракетнага ўдару па адміністрацыйным будынку ў цэнтры Адэсы, плача на месцы здарэння. Адэса, Украіна.
Фота: State Emergency Service of Ukraine / Cover Images / East News
На ваенным палігоне, дзе захоўваліся снарады калібру 122 і 155 мм, ля гораду Стары Крым у анексаваным Крыме адбыліся некалькі выбухаў. Жыхары бліжэйшых населеных пунктаў былі эвакуяваныя. Па словах відавочцаў выбуху, па палігоне была нанесена серыя ракетных удараў, аднак камандаванне Расеі і Украіны адмаўляюць сваю датычнасць да інцыдэнту. Крым, Украіна.
Фота: Viktor Korotaye / Kommersant Photo / AFP / East News
Расейскі вайсковы карабель плыве побач з Керчанскім мостам (таксама Крымскі мост), які злучае мацерыковую частку Расеі з Крымам, пасля ўдару воднымі беспілотнікамі, адказнасць за які ўзялі на сябе ўкраінскія сілы. 17 ліпеня 2023 года на мосце адбыўся выбух, у выніку якога адзін з аўтадарожных пралётаў быў разбураны, а другі – пашкоджаны.
Фота: Stringer / AFP / East News
Лёгкаматорны самалёт «Cessna 208» падчас пасадкі ў кепскае надвор’е ўрэзаўся ў ангар, дзе людзі хаваліся ад дажджу. На борце самалёту знаходзіліся тры пілоты, у тым ліку інструктар, які загінуў на месцы. Усяго загінулі 5 чалавек, 8 атрымалі цяжкія раненні. Мазавецкае ваяводства, Польшча.
Фота: Piotr Molecki / East News
Украінскі жаўнер разлічвае каардынаты для абстрэлу снарадамі «Град» з БМ-21 расейскіх пазіцый у Данецкай вобласці, Украіна.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / abacapress.com / East News
Мясцовыя жыхары назіраюць за лясным пажарам у раёне Магула, прыкладна ў 25 км на паўднёвы захад ад сталіцы Грэцыі Афінаў. У Грэцыі ўжо другі тыдзень стаіць вельмі спякотнае надвор’е з тэмпературай, якая дасягала 46 °C у цені. Афіны, Грэцыя.
Фота: Spyros Bakalis / AFP / East News
Хлопчыкі, апранутыя як салдаты, чакаюць пачатку вайсковага параду да Дня незалежнасці ў Багаце. Калумбія адзначае 213-годдзе незалежнасці ад Іспаніі. Багата, Калумбія.
Фота: Fernando Vergara / AP Photo / East News
Ратавальнікі разам з мясцовымі жыхарамі падымаюцца на гару, ідучы да месца апоўзня на захадзе індыйскага штату Магараштра (Maharashtra). Праліўныя дажджы выклікалі апоўзень, ахвярамі якога сталі 10 чалавек, больш за 100 знаходзяцца пад заваламі. Махараштр, Індыя.
Фота: Rafiq Maqbool / AP Photo / East News
Узброеныя сілы Беларусі працягваюць супольныя трэнаванні з наймітамі ПВК Вагнэра на палігоне «Берасцейскі» недалёка ад мяжы з Польшчай і Украінай. 19 ліпеня ў Беларусь з боку Расеі ўвайшлі дзевяць калон ваеннага і грузавога транспарту, яны маглі перавозіць каля 2 тысяч чалавек.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
Чалавек апускае галаву ў фантан на плошчы Piazza del Popolo у Рыме. У Італіі былі зафіксаваныя анамальна высокія тэмпературы з-за антыцыклону «Харон». Рым, Італія.
Фота: Tiziana Fabi / AFP / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў