Зяленскі аб контрнаступленні: Ідзе павольней, чым планавалі


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі патлумачыў, што адна з прычынаў запаволення контрнаступлення ЗСУ заключаецца ў мініраванні расейскімі войскамі значнай тэрыторыі Украіны. Пра гэта Зяленскі распавёў у інтэрвʼю Бі-Бі-Сі.

Прэс-канферэнцыя Уладзіміра Зяленскага. Кіеў, Украіна. 24 лютага 2023 года.
Фота: Белсат

«Некаторыя лічаць, што гэта галівудскі фільм, і чакаюць вынікаў ужо зараз. Гэта не так», – заявіў украінскі прэзідэнт.

Паводле ягоных словаў, наступленне даецца нялёгка, бо 200 тысяч квадратных кіламетраў украінскай тэрыторыі замініраваныя расейскімі войскамі пры адыходзе.

«Чаго б ні хацелі некаторыя, уключаючы спробы ціску на нас, з усёй павагай, мы будзем прасоўвацца на полі бою так, як лічым патрэбным», – сказаў Зяленскі.

Раней міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заяўляў, што для размініравання тэрыторыяў краіне патрэбныя дзясяткі гадоў і тысячы спецыялістаў.

«Мінімум 5 тысяч украінскіх спецыялістаў нам спатрэбіцца, якія будуць займацца размініраваннем. Гэта з разлікам, што будуць прыязджаць спецыялісты з іншых краінаў. Гэта дэманструе вопыт Харватыі. Там вайна скончылася 28 гадоў таму, і да гэтага часу тэрыторыя гэтай краіны не поўнасцю размініраваная. Яны ў сярэднім за год могуць размініраваць 50 квадратных кіламетраў, а ў нас вайна яшчэ працягваецца», – патлумачыў Рэзнікаў.

На днях намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заяўляла, што за апошнія два тыдні ўкраінскія вайскоўцы ў выніку контрнаступлення змаглі адваяваць восем паселішчаў у Запарожскай і Данецкай вобласцях.

У Пэнтагоне, каментуючы контрнаступальную аперацыю, лічаць, што ўкраінскія сілы маюць неабходныя сродкі для таго, каб іх дзеянні былі паспяховымі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў