Агнешка Рамашэўская-Гузы: Гісторыя мінулых гадоў беларускіх медыяў – гэта гісторыя поспеху


Цана была вялікая, журналісты трапілі за краты і ў выгнанне. Але свядомасць беларусаў істотна змянілася за апошнія гады.

Агнешка Рамашэўская-Гузы. Форум Каліноўскага ў Бруселі. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Чацвёртая Канферэнцыя Каліноўскага, якую раней ладзілі ў Вільні, 21 чэрвеня ўпершыню праходзіць у Бруселі – сталіцы Бельгіі ды Еўразвязу. На форуме сёння абмяркуюць рэжым Лукашэнкі ў кантэксце вайны ва Украіне, рэпрэсіі ў Беларусі і лёсы палітычных зняволеных, шляхі стрымлівання гвалту рэжыму Лукашэнкі, сітуацыю з незалежнымі медыямі ды дзяржаўнаю прапагандай у Беларусі.

Форум Каліноўскага ў Бруселі. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Сярод выступоўцаў на частцы канферэнцыі пра незалежныя медыі была кіраўніца «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы:

«Гісторыя мінулых гадоў беларускіх медыяў – гэта гісторыя поспеху. Гэта можа гучаць парадаксальна, але гэта гісторыя поспеху. Чаму? Бо, я думаю, сёлета, калі Аляксандр Лукашэнка пастанавіў не ўводзіць сваёй арміі ва Украіну, прычынаю таго быў стан свядомасці беларускага грамадства. А ўплыў медыяў на гэты стан свядомасці немагчыма пераацаніць».

Рамашэўская-Гузы заўважыла, як цікаўнасць беларусаў да незалежных медыяў расла з часу недармаедскіх пратэстаў 2017 года. У 2019-м на перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага было відаць: на фармальна літоўска-польскай імпрэзе на тэрыторыі Літвы галоўнымі ўдзельнікамі былі беларусы. У пачатку 2020-га з кожным месяцам расла чытальнасць незалежных медыяў: было ясна, што свядомасць мяняецца і нешта адбудзецца.

Форум Каліноўскага ў Бруселі. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Цана таго была вялікая, заўважыла Рамашэўская-Гузы: дзясяткі журналістаў трапілі ў няволю (цяпер за кратамі застаюцца 30 журналістаў), у няволі ў тым ліку журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова, філосаф і вядоўца «Белсату» Уладзімір Мацкевіч, супрацоўніца польскага тэлеканалу TVP і былая супрацоўніца «Белсату» Ірына Слаўнікава. Яшчэ дзясяткі журналістаў былі вымушаныя з’ехаць за мяжу. Але гэта было таго варта, перакананая спадарыня Агнешка.

Форум Каліноўскага ў Бруселі. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Тым больш незалежным медыям даводзіцца супрацьстаяць не столькі беларускай, колькі нават расейскай прапагандзе, якая мае больш сродкаў і выглядае больш эфектна для гледача, а таксама ўмее ўкараніць сумневы ў рэчаіснасці: маўляў, можа, не ўсё там чорнае, мо не ўсё так адназначна.

Hавiны
Не паўтараць памылак Каліноўскага і не быць «Белоруссией». Што беларусам раяць на форуме Каліноўскага
2022.06.21 18:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў