«Гэта сцяг краіны-агрэсара». Паразмаўлялі з беларусам, які абліў дзяржаўны сцяг фарбай


У Беларусі распачалі крымінальную справу ў адносінах мужчыны, які ў ЗША абліў беларускі дзяржаўны сцяг фарбай і побач павесіў бел-чырвона-белы. Пра сутнасць акцыі, ейныя прычыны, а таксама пра стаўленне да крымінальнай справы Белсат паразмаўляў з актывістам.

Беларусам, якога абвінавачваюць у «здзеку з дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь» (арт. 370 КК РБ), аказаўся былы жыхар Віцебску, кіраўнік назіральнай рады грамадскага руху «Краіна для жыцця» Глеб Івашкевіч. Паводле мужчыны, перформанс, зладжаны яшчэ пры канцы лютага, меў выключна антываенны характар.

«Мы не згодныя з тым, што гэты сцяг – сапраўдны беларускі сцяг. Таму мы павесілі шыльду з указаннем, што гэта сцяг краіны-агрэсара («Country agressor»), а стрэлкай мы ўказалі на сапраўдны беларускі сцяг – бел-чырвона-белы. Беларускі рэжым і ўсе ягоныя прыслужнікі заплямілі беларускі народ вайной з Украінай. Яны залілі крывёй украінцаў, нашых братоў, з якімі мы не павінны ваяваць».

На думку Глеба Івашкевіча, рэжым Беларусі ўцягнуў краіну ў вайну і цяпер служыць інтарэсам Расеі.

«Беларусь – фактычна краіна-агрэсар у вайне з Украінай, бо з яе боку ляцелі ракеты, і не важна, чые гэта былі ракеты. У беларускага народу пра гэта не спыталі, і гэта чарговы доказ таго, што наша краіна – пад акупацыяй Пуціна».

Крымінальная справа для Глеба Івашкевіча стала нечаканасцю, бо перформанс адбыўся даўно, і пра яго ўжо паспелі забыцца. Разам з тым кіраўнік назіральнай рады грамадскага руху «Краіна для жыцця» ўдзячны Следчаму камітэту і БелТА, якія зноў нагадалі пра акцыю і зрабілі яе славутай.

«28 лютага мы загрузілі відэа перформансу, некалькі каналаў гэта распаўсюдзілі, прайшоў час – і ўсе пра гэта забыліся. Але ўчора я прачнуўся ад таго, што ў мяне проста разрываюцца сацыяльныя сеткі: паўсюль скідваюць спасылкі на гэтую справу. І я разумею, што першакрыніца – гэта СК і БелТА. Па сутнасці, дзякуючы ім гэтая навіна разышлася паўсюль».

Гісторыі
«Я ўдзячная беларусам з батальёну Каліноўскага, што яны з намі». Размова з добраахвотніцай тэрабароны
2022.05.21 08:30

Нягледзячы на заведзеную крымінальную справу, Глеб Івашкевіч не лічыць сябе вінаватым і не баіцца экстрадыцыі ў Беларусь.

«Я думаю, што ГУБАЗіК хутка зробіць запыт на экстрадыцыю, але паколькі я тут маю палітычны прытулак, наўрад ці мяне экстрадуюць – гэта па-першае. А па-другое, аніякага закону я не парушыў, ні з чаго я не здзекаваўся, я ўсяго толькі абліў чырвонай фарбай «палотнішча чырвона-зялёнага колеру». Я называю яго так жа, як заўсёды ў Беларусі сілавікі пішуць у пратаколах пра бел-чырвона-белы сцяг. Калі я, на іхную думку, здзекаваўся са сцяга, то няхай яны спачатку адкажуць за тыя здзекі, якія цяпер адбываюцца з палітзняволенымі, колькасць якіх штодня расце».

Акцыі беларускай дыяспары ў Філадэльфіі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Глеб Івашкевіч кажа, што цяпер у Філадэльфіі кожны тыдзень праходзяць нейкія акцыі – разам з украінцамі, расейцамі, якія супраць вайны. Мясцовыя беларусы стараюцца даносіць амерыканскай грамадскасці і ўладам, што ў Беларусі, Украіне і Расеі адбываецца жах, і вінаваты ў ім у тым ліку Уладзімір Пуцін.

Канкрэтна гэты перформанс актывісты грамадскага руху «Краіна для жыцця» зладзілі на гістарычнай алеі ў Філадэльфіі – Алеі сцягоў. Гэта месца, у якім усталяваныя сцягі ўсіх краінаў свету. Глеб Івашкевіч заўважае, што ў адрозненне ад беларускіх сілавікоў мясцовая паліцыя ніяк не адрэагавала на ягоныя дзеянні.

«Па-першае, фарба была водная, і праз пару дажджоў яна, відаць, ужо змылася. Але самае цікавае, што калі я падымаўся да гэтага дзяржаўнага сцяга, гэта быў адзіны сцяг на алеі, які ўвесь растрапаўся і выглядаў як ануча. Гэта было такое «палотнішча чырвона-зялёнага колеру» з абадранымі краямі, і нічога падобнага сярод іншых сцягоў я на алеі не бачыў».

Сустрэча прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў ЗША ў мэрыі Філадэльфіі. Фота прадстаўлена рэдакцыі

Мясцовыя беларусы плануюць дамагчыся афіцыйнай замены чырвона-зялёнага сцяга на нацыянальны на Алеі сцягоў у Філадэльфіі. Дзеля гэтага яны перадалі сенатарам адпаведную петыцыю і ладзяць сустрэчы, на якіх тлумачаць мэтазгоднасць такой замены.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў