Сабакі-мігранты. Размова пра тое, як палякі адаптуюць жывёлінаў з Украіны


Уварванне Расеі ва Украіну трывае ўжо амаль два месяцы. За гэты час свае дамы пакінулі мільёны ўкраінцаў. Аднак лёс уцекачоў выпаў і на шмат якіх жывёлінаў. «Белсат» паразмаўляў з полькай, якая ўзяла сабаку, эвакуяваную з бамбаванага Кіева.

Жывёліны таксама зрабіліся ахвярамі вайны. У сацсетках штодня з’яўляюцца новыя здымкі людзей, якія, уцякаючы ад вайны, узялі чатырохногага сямейніка. Украінскія жаўнеры, якія вызваляюць усё новыя паселішчы, таксама часта паказваюць, як іх сустракаюць гадаванцы, якія ахоўваюць пустыя дамы з моманту ўцёкаў гаспадароў.

У медыі трапляе шмат кранальных гісторыяў пра адданасць жывёлы ў гэты цёмны час. Яе сімвал – сабака японскай пароды акіта. Сто гадоў таму ў Токіа верны Хаціко 10 гадоў чакаў свайго гаспадара-нябожчыка. Ужо больш за месяц каля кіеўскага Макарава Рыні чакае, калі дадому вернецца гаспадыня. Яе забілі расейскія акупанты. Стары сабака не дае забраць сябе з ганку дому. Яго кормяць суседзі і валанцёры.

Аднак шмат для якіх жывёлінаў, асабліва ў прытулках і гадавальніках, вайна ды акупацыя азначаюць смерць. У медыі трапляюць паведамленні, што расейцы не дазваляюць апекунам карміць жывёлы ці наўмысна падпальваюць будынкі, у якіх яе трымаюць. Шмат дзе ў краіне не стае кармоў.

Каб уратаваць сваіх гадаванцаў ад такой долі, гадавальнікі і прытулкі аддаюць іх за мяжу. З пачатку вайны ва Украіну таксама ездзяць валанцёры, якія дапамагаюць эвакуяваць чатырохногіх з найбольш небяспечных раёнаў.

Лоры – сабака-ўцякач

Караліна – работніца аднаго з музеяў Варшавы. З ёй і сабакам Лоры мы сустрэліся ў ейным родным Ліпску.

ФОТА Караліна і Лоры. За імі – горад Ліпск. 18 красавіка 2022 года.
Фота: belsat.eu

– Лоры жыве з табой ужо месяц, але на інтэрв’ю ты наважылася толькі цяпер, каб гадаванец адпачыў пасля эвакуацыі ды прызвычаіўся да цябе. Ты планавала раней адаптаваць ці купіць сабаку?

– Некалькі гадоў я думала пра тое, каб узяць сабаку з прытулку, але не магла канчаткова вызначыцца. Пацешна, бо месяц таму, пачынаючы дзень, я думала пра тое, што не маю магчымасці прыняць уцекача ў кватэру, але ж сабака б у мяне змясціўся. А калі я ўжо была на працы, сяброўка напісала, што ёсць сабака ў патрэбе. Яна спытала, ці хачу я ўзяць сабаку з украінскага гадавальніку, які якраз едзе ў Польшчу. І дадала, што гэта голы мексіканскі сабака, толькі з поўсцю, даслала мне гэтую фотаздымак. Я пагадзілася.

Лоры на фотаздымку, у якім гаворыцца, што ён чакае адаптацыі. Ад суразмоўцы belsat.eu

– Дзе ты даведалася, што можна ўзяць сабачага ўцекача з Украіны?

– Мая сяброўка даведалася ад сяброўкі з Кракава, якая ўзяла сабаку з таго ж аўта. Але як яна даведалася, я ўжо не ведаю.

– Хто пастанавіў, куды пойдуць жывёліны?

– Гэта Аліса, гаспадыня гадавальніка, сама выбірала апекуноў. Яна падбірала сем’і пад характар сабакі. Напрыклад, брат майго трапіў у дом, дзе ёсць дзіця, котка ды іншы сабака, а Лоры трапіў да мяне, бо ён аддае перавагу быць аднаму.

Іншая мая сяброўка першапачаткова таксама збіралася атрымаць ад яе сабаку, але гаспадыня сказала, што ён не пасуе да дому з дзіцем. У выніку ўзяла суку – светлую і валасатую. Падобная да каёта.

– Чаму гаспадыня гадавальніку бясплатна раздае чыстакроўных сабакаў?

– Аліса вельмі хоча, каб жывёліны перажылі вайну. Яна сама хацела б уцячы ў Польшчу, але не ў стане зрабіць гэтага з усім гадавальнікам. Яна не кіне іх, і падчас вайны ніхто не будзе купляць сабаку. Таму яна пастанавіла аддаць самцоў і захаваць частку сук, каб потым аднавіць размнажэнне. Мне таксама здаецца, што яна раздае сабакаў з поўсцю [голыя мексіканскія сабакі часам не голыя. – Заўвага belsat.eu], а пакідае лысых. Можа быць, яны маюць большую каштоўнасць, лепшыя гены.

Лоры – мексіканская голая сабака, але з поўсцю. Ліпск, 18.04.2022 г.
Фота: belsat.eu

– Гэтым жывёлінам сапраўды нешта пагражае?

– Калі да мяне прыехаў Лоры, ішла бітва за прадмесці Кіева. Наколькі я ведаю, беспасярэдне ў ваколіцах паселішча баявых дзеянняў не было, але ж горад дасюль бамбяць. Толькі нядаўна Аліса напісала, што больш не баіцца выходзіць на вуліцу.

Аднак уладальнік гадавальніку асцерагаецца, што сабакі могуць галадаць. Яна піша, што корм ужо выкупілі ўва ўсім Кіеве. Некаторы час ейныя гадаванцы елі каціны корм, бо толькі такі маглі атрымаць.

– Акцыю ў справе адаптацыі ладзіць нейкая арганізацыя ці гэта нізавая ініцыятыва?

– Ініцыятыва абсалютна нізавая, бо гаворка пра дапамогу толькі адной жанчыне. Каб адаптаваць сабаку, мне давялося звязацца з каардынатаркай акцыі. Я даведалася ад яе, што гэта не арганізацыя, а прыватныя асобы, якія дапамагаюць прыватнай асобе. Гэтая каардынатарка год таму сама купіла ў Алісы голага мексіканскага сабаку, а цяпер дапамагае ёй. Яна пачала арганізоўваць транспарт, і шторазу з Кіева прыязджаюць два сабачкі.

Мы таксама скідваемся на корм сабакам, якія засталіся. Але была і такая непрыемная сітуацыя, калі чалавек, які заявіў, што купіць і адвязе корм ва Украіну, узяў грошы ды знік. Потым высветлілася, што ён такім чынам абрабаваў шмат людзей і групаў, якія давяралі яму і праз яго хацелі дапамагчы. Заўсёды трэба правяраць, каму давяраеш грошы.

На шпацыр-інтэрв’ю пайшоў і мой шнаўцэр, для якога «нацыянальнасць» новага калегі, відаць, не мела значэння. Ліпск. 18 красавіка 2022 года.
Фота: belsat.eu

– З таго, што ты расказвала да нашага інтэрв’ю, цяпер у эвакуацыі сабакаў задзеяны чалавек, які не можа знікнуць.

– Так, выдаў ягоны голас, знаёмы з радыё: прынамсі раз сабакаў вёз Міхал Мігала з радыёстанцыі «Trójka». І, наколькі я ведаю, ён робіць гэта не дзеля розгаласу.

– Паводле якога прынцыпу Лоры трапіў да цябе? Былі нейкія фармальнасці?

– Пасля таго як Аліса выбрала мяне, валанцёры прывезлі сабаку да майго дому, і ўсё. У звязку з сітуацыяй ніякіх фармальнасцяў не было. Я не падпісвала ніякай дамовы. Ужо ў Польшчы я зрабіла сабаку новую медычную кніжку і зачыпавала. Яго таксама вакцынавалі супраць шаленства, бо мне сказалі, што ў нас не прызнаецца ўкраінская вакцынацыя.

– Плануеш размнажаць сабаку? Гэта прадстаўнік рэдкай пароды, ён з вядомага гадавальніку.

– Я не думала пра гэта, бо ніколі не планавала браць сабаку з радаводам. Пакуль ён жыве са мною, здымае стрэс і знаёміцца з новаю рэальнасцю.

Караліна і Лоры – уцякач з Кіева. Ліпск. 18 красавіка 2022 года.
Фота: belsat.eu

Калі б мне давялося размнажаць яго, я б хацела зрабіць гэта паводле правілаў. Я ведаю, што сабака з радаводам, бо на пахвіне я знайшла татуяванне. У мяне таксама няма ўсіх дакументаў. Я атрымала толькі ягоны пашпарт і здымак пасведчання, што гадавальнік «Oro Bello» зарэгістраваны ва Украінскім кіналагічным звязе. Але я не атрымала ні медычнай кніжкі, ні радаводу, які, напэўна, цяпер цяжка атрымаць.

– Якім быў твой сабака, калі ён да цябе трапіў? На ім засталося нейкае таўро вайны?

– Фізічна ён быў у парадку: не выглядаў галодным, не быў паранены. Але першыя дні ён вельмі баяўся самалётаў і хаваўся, калі нешта ляцела над горадам. Праз месяц пасля прыезду ён яшчэ палахлівы і асцярожны з новымі людзьмі. Але, думаю, гэта проста характар.

– Існуе моўны бар’ер паміж польскім апекуном і ўкраінскім сабакам?

– Абсалютна не, бо ён больш рэагуе на інтанацыю, чымся на змест словаў. Я магла б называць яго дажджавым чарвяком, і ён бы ўсё роўна адрэагаваў. Дзяўчына, якая каардынуе гэтыя адаптацыі, кажа не бавіцца з сабакамі ў размовы па-ўкраінску ці па-расейску, бо гэта бессэнсоўна. Сабака-ўцякач з часам усё роўна навучыцца польскім камандам, дык навошта марудзіць з навучаннем.

– Што табе асабіста дала адаптацыя Лоры?

– Таварыш, для якога я – усё. Адаптацыя дала магчымасць дапамагчы яму і Алісе, калі яны былі ў сапраўднай бядзе. Бо дапамагаць уцекачам з Украіны – гэта не абавязкова браць пад свой дах людзей. Вы таксама можаце дапамагчы ім, зрабіўшы ахвяраванне. Або проста адаптуючы жывёлінаў.

Размаўляў Пётр Яворскі/ДР belsat.eu

Стужка навінаў