Лукашэнка: Адвакат павінен дзеяць паводле закону, а не нейкіх прыдуманых нормаў – свабоды слова ды іншых свабодаў


На сустрэчы з міністрам юстыцыі Сяргеем Хаменкам 21 красавіка Лукашэнка заявіў, што беларуская адвакатура павінна быць пад кантролем і дзеяць паводле закону, а не «нейкіх прыдуманых нормаў – свабоды слова ды іншых свабодаў».

Між тым свабоду меркаванняў, перакананняў ды іх свабоднае выказванне гарантуе Канстытуцыя Беларусі.

Сустрэча міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі з Аляксандрам Лукашэнкам 21 красавіка 2022 года.
Фота: president.gov.by

«Адвакат павінен выконваць свае функцыі, не баючыся нічога, але ў той жа час мы павінны разумець, што гэта дзяржаўны чалавек. І ягоныя дзеянні павінны быць заснаваныя на нормах закону, а не нейкіх прыдуманых нормах – свабоды слова ды іншых свабодаў. Мы ўжо наеліся гэтай свабоды. Дзякуй Богу, убачылі, якую свабоду нам сюды нясуць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што разлічвае на Міністэрства юстыцыі, якое мае кіраваць адвакатурай, і даручыў міністру разгарнуць працу ў «нарматворчасці ў развіццё новай Канстытуцыі»:

«Хацелася б пачуць, якая сітуацыя, якая выканаўчая дысцыпліна ў вашым ведамстве, як працуюць кадры. Кадравая праца пытаннем нумар адзін заўсёды была, ёсць і будзе».

Міністр даў справаздачу, што ў 2021 годзе былі адабраныя ліцэнзіі ў «47 дэструктыўна настроеных адвакатаў». У асноўным яны баранілі палітычных вязняў. У выніку зменаў у заканадаўстве, якія прадугледжваюць скасаванне бюро ды індывідуальных адвакатаў, была спыненая праца 393 адвакатаў, якія працавалі асабіста і ў 97 адвакацкіх бюро.

Таксама Лукашэнка даручыў міністру юстыцыі замацаваць на заканадаўчым узроўні панятак «грамадзянская супольнасць» і растлумачыць яго людзям. Хаменка, у сваю чаргу, далажыў, што за мінулыя паўгода ў Беларусі былі зліквідаваныя 116 грамадскіх аб’яднанняў.

Бязвіз
У які момант беларусы і ўкраінцы аддаліліся?
2022.04.21 11:00

АД belsat.eu

Стужка навінаў