Замарожаныя расейскія актывы: ці наважыцца Захад аддаць грошы Украіне?


Апошнім часам на фоне крызісу заходняй дапамогі Украіне ў ЕЗ і ЗША абвастрыліся дыскусіі наконт магчымага выкарыстання замарожаных актываў Расейскай Федэрацыі. Галасы за тое, каб перадаць гэтыя грошы Кіеву, усё гучнейшыя. Belsat.eu разбіраўся, што адбываецца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі афіцэр з 56-й асобнай мотастралковай брыгады ЗСУ страляе з РСЗА на базе пікапа па расейскіх пазіцыях на перадавой. Данецкая вобласць, Украіна. 5 сакавіка 2024 года.
Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну краіны ЕЗ і G7 замарозілі ў сваіх банках усе расейскія дзяржаўныя актывы ў выглядзе грашовых сродкаў і каштоўных папераў.

На Захадзе кажуць, што агульны памер замарожаных актываў складае не менш за $ 280 млрд (€ 260 млрд). Масква называла $ 300 млрд. Асноўная частка сродкаў застаецца ў ЕЗ – прыкладна € 210 млрд. Прычым € 191 млрд з іх – у бельгійскім дэпазітарыі «Euroclear».

Само па сабе замарожванне актываў не азначае, што Расея іх страціла: Масква проста не можа імі карыстацца. Дыскусіі наконт таго, што рабіць з расейскімі актывамі далей, узніклі амаль адразу пасля пачатку вялікай вайны. Частка заходніх краінаў выступае за іх канфіскацыю і перадачу Украіне.

Аргументы на карысць канфіскацыі

Прыхільнікі канфіскацыі актываў апелююць да справядлівасці і палітычнай мэтазгоднасці. Іхны галоўны аргумент – Расея распачала поўнамаштабную вайну, парушыла ўсе нормы міжнароднага права і мусіць за гэта заплаціць. Выдаткі на аднаўленне і рэканструкцыю Украіны Сусветны банк ацэньвае на $ 411 млрд. Аднак яшчэ больш важна тое, што Украіне патрэбныя грошы ўжо цяпер, каб проста выстаяць і адбіць расейскую агрэсію.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская вайскоўка перад мемарыялам загінулым жаўнерам на Майдане незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

Кіеў выдаткуе на вайну прыкладна $ 3–3,4 млрд штомесяц, а з вылучэннем дапамогі з боку ЗША і Еўразвязу апошнім часам узніклі сур’ёзныя праблемы. Збой у вайсковых пастаўках непазбежна цягне за сабою дадатковыя чалавечыя і тэрытарыяльныя страты, стварае пагрозу паразы ў вайне. Будучы кандыдат на прэзідэнта ЗША Доналд Трамп увогуле пагражае не вылучаць Украіне ні цэнта ў выпадку перамогі на лістападаўскіх выбарах 2024 года. Таму пытанне пра дадатковыя крыніцы фінансавага падтрымання Украіны можа ў далейшым стаць рубам.

Адміністрацыя прэзідэнта Джо Байдэна выступае за тое, каб сканфіскаваць расейскія актывы. Падобна на тое, што ў цэлым наконт гэтага пытання ў амерыканскім істэблішменце існуе пэўны кансэнсус. Ідэя канфіскацыі набірае папулярнасць у тым ліку сярод рэспубліканцаў, якія адначасова тармозяць вылучэнне бюджэтных сродкаў на падтрыманне Украіне. Ніякай супярэчнасці тут няма: рэспубліканцы блакуюць ініцыятывы Белага дому не таму, што сімпатызуюць Крамлю, а праз унутрыпалітычныя прычыны. Іншая рэч – скарыстацца расейскімі актывамі. У студзені 2024 года Камітэт міжнародных стасункаў Сенату ЗША падтрымаў праект Закону аб аднаўленні эканамічнага росквіту і магчымасцяў украінцаў (REPO), які прадугледжвае, акрамя іншага, канфіскацыю замарожаных у ЗША расейскіх актываў і перадачу іх Украіне.

За канфіскацыю выступаюць таксама Вялікая Брытанія, Канада, Польшча і краіны Балтыі. Эстонія заявіла пра намер першай у ЕЗ узаконіць канфіскацыю расейскіх актываў.

Праблема заключаецца ў тым, што галоўныя прыхільнікі ідэі канфіскацыі – краіны, у якіх размешчаная толькі невялікая частка расейскіх актываў. Напрыклад, у ЗША былі замарожаны каля $ 5 млрд, у Польшчы – € 1 млрд, у Эстоніі – € 35 млн.

Аналітыка
Крызіс заходняй дапамогі: якую зброю чакае Украіна і колькі яшчэ можа без яе пратрымацца?
2024.03.11 07:00

Аргументы супраць

Галоўнымі праціўнікам канфіскацыі актываў медыі называюць Францыю, Нямеччыну, Італію і Еўрапейскі цэнтрабанк. Яны апелююць у асноўным да эканамічных, юрыдычных і рэпутацыйных аргументаў.

Рашэнне сканфіскаваць актывы можа быць успрынятае як парушэнне прынцыпу недатыкальнасці ўласнасці, на чым базуецца ўся глабальная эканамічная сістэма. Галоўная рызыка ў гэтай сітуацыі – фінансавая дэстабілізацыя. Існуе асцярога, што гэта можа падштурхнуць укладчыкаў з Кітаю і краінаў Глабальнага Поўдня забіраць грошы з заходніх банкаў. Гэта можа прывесці да падрыву статусу долара і еўра ў якасці рэзервовай валюты ў розных краінах свету.

Міністр фінансаў Нямеччыны Крыст’ян Лінднэр мяркуе, што кожны крок у адносінах да расейскіх актываў трэба ўзважваць.

«Нашая мэта – падтрымаць Украіну і аслабіць Пуціна, а не аслабіць Захад і падарваць сусветны парадак ды фінансавую стабільнасць», – заявіў ён.

Ці сапраўды гэтыя страхі абгрунтаваныя? Сярод эканамістаў няма адзінага адказу на гэтае пытанне. Напрыклад, лаўрэат Нобэлеўскай прэміі Робэрт Шылер мяркуе, што канфіскацыя актываў прывядзе да значных узрушэнняў у глабальнай эканоміцы. А нобэлеўскі лаўрэат Джоўзэф Стыгліц займае супрацьлеглую пазіцыю і думае, што нічога страшнага не адбудзецца, сканфіскаваць актывы трэба.

Сярод аўтарытэтных экспертаў у міжнародным праве пануе думка, што канфіскацыя актываў будзе законным рашэннем, бо адпавядае прынцыпу контразахадаў супраць краінаў, якія дапусцілі абуральныя парушэнні міжнародных законаў. Аднак праблема ў тым, што адпаведных прэцэдэнтаў не існуе. У гісторыі яшчэ не было выпадкаў, каб дзяржава-агрэсар захоўвала каласальныя грошы на рахунках у краінах – саюзніках ахвяры агрэсіі (або ў патэнцыйнага боку канфлікту). Прававая база на гэты конт не выпрацаваная, што дае падставы для зацяжных судовых працэсаў для аспрэчвання рашэння пра канфіскацыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Падлеткі гуляюць ля вайсковых помнікаў савецкага часу ў Харкаве, Украіна. 16 сакавіка 2024 года.
Фота: Efrem Lukatsky / AP Photo / East News

Акрамя таго, Масква можа ў адказ забраць актывы краінаў Захаду ў РФ. Напрыклад, бельгійскі дэпазітарый «Euroclear» рызыкуе страціць у Расеі $ 2,9 млрд.

Кампраміснае рашэнне

Кропка ў спрэчках наконт лёсу расейскіх актываў не пастаўленая. Пакуль Еўразвяз пастанавіў засяродзіцца на канфіскацыі не актываў, а прыбытку ад іх.

20 сакавіка былі агучаныя прапановы Бруселю наконт механізму перадачы Украіне даходаў ад расейскіх актываў. Фактычна абралі самы просты і бесканфліктны варыянт. Вядома, што аблігацыі на рахунках дэпазітарыяў працягваюць прыносіць дывідэнды. Прычым яны ўзніклі менавіта праз тое, што фінансавыя сродкі праз замарожванне актываў завіслі. То бок у Бруселі настойваюць, што фармальна гэтыя дывідэнды не ёсць уласнасцю РФ.

«Гаворка пра атрыманыя сродкі, якія нікому не належаць, таму могуць быць выкарыстаныя Еўразвязам», – заявіў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

Плануецца, што ў 2024 годзе пасля выліку падаткаў даходы ад актываў складуць 2,5–3 млрд. Потым кожны год, у залежнасці ад адсоткавых ставак, Украіне будуць паступаць супастаўныя сумы. Прычым датычыць гэта будзе толькі тых даходаў, якія будуць налічвацца з лютага 2024 года. Дывідэнды папярэдніх двух гадоў вайны Украіна не атрымае, гэтыя сродкі будуць захоўвацца ў дэпазітарыя на выпадак непрадбачаных выдаткаў.

Калі Рада ЕЗ зацвердзіць прапанову, то першы транш можна будзе чакаць ужо ў ліпені 2024 года. Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль апавёў, што 90 % даходаў, атрыманых ад замарожаных расейскіх актываў, плануецца скіраваць на закуп узбраенняў для Украіны. Яшчэ 10 % – у бюджэт ЕЗ на падтрыманне Украіны.

«Я спадзяюся, што мы зможам хутка дасягнуць дамоўленасцяў і памяняць банкноты на зброю, бо салдаты не змагаюцца банкнотамі, ім патрэбная фізічная зброя, інструменты, каб абараніць народ», – заявіў Бурэль 20 сакавіка.

Пры цяперашніх патрэбах Украіны 3 млрд за год – сума невялікая. Прынцыпова гэтыя грошы сітуацыі не зменяць. Праўда, нават гэтыя сродкі яшчэ трэба будзе атрымаць. Паводле DW, прапанова Еўракамісіі сканфіскаваць даходы ад замарожаных расейскіх актываў на падтрыманне Украіны наўрад ці будзе адобраная на саміце ЕЗ 21–22 сакавіка. Адпаведнае рашэнне можа заблакаваць Вугоршчына. Афіцыйны Будапэшт цвердзіць, што гэтыя грошы мусяць пайсці на што заўгодна, але не на зброю для ўкраінцаў.

Раней выданне «Politico» паведамляла, што супраць прапановы Еўракамісіі таксама выступалі Мальта і Люксембург.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў