МУС вышуквае амаль 1000 беларусаў, якія цяпер за мяжой. Камісія – не індульгенцыя


Намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч у эфіры тэлеканалу СТВ распавёў, што сілавікі шукаюць амаль 1000 грамадзянаў Беларусі, якія цяпер жывуць за мяжой.

Генадзь Казакевіч.
Фота: mvd.gov.by

«У нас ёсць практычна 1000 грамадзянаў, якія афіцыйна знаходзяцца ў вышуку за здзяйсненне крымінальных дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020-м, 2021-м, некаторыя – у 2022 годзе», – адказаў Казакевіч.

Пры гэтым, паводле яго, зварот у камісію для вяртання тых, хто з’ехаў, «не трэба блытаць з нейкай індульгенцыяй». Асобе могуць хіба даць «магчымасці для змякчэння пакарання».

Аналітыка
«Кубракоў выдае жаданае за сапраўднае». Чаму «польскія клубніцы» лепш за камісію вяртання
2023.03.06 19:14

6 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі для працы з ахвотнымі вярнуцца на радзіму, якія «здзейснілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да набыцця моцы дадзенага ўказу адміністратыўныя правапарушэнні або злачынствы пратэставай накіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваёй магчымай датычнасцю да здзяйснення такіх правапарушэнняў, злачынстваў».

Пры падачы такога запыту трэба «пакаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію аб гатовасці пасля вяртання прынесці публічныя прабачэнні, пакрыць прычыненую шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак».

Звароты прымаюцца да 31 снежня ў пісьмовай або электроннай форме з неабходнымі дакументамі. Па выніках разгляду зваротаў грамадзянам паведамяць аб наяўнасці або адсутнасці ў іх адміністратыўнага працэсу, пачатай крымінальнай справы, а таксама аб магчымасці іх спынення. Рашэнні будзе прымаць камісія шляхам галасавання. Далей камісія будзе разглядаць магчымасць  аб вяртанні асобы ў Беларусь. У выпадку станоўчага адказу трэба гэта зрабіць цягам трох месяцаў з моманту апавяшчэння. Інакш рашэнне камісіі страчвае моц.

Старшынёй камісіі прызначаны генеральны пракурор Андрэй Швед. Таксама ў яе склад увайшлі кіраўнікі сілавых ведамстваў, чыноўнікі, прапагандысты, старшыня хакейнай федэрацыі, прадстаўнік Акадэміі навук ды іншыя.

«Практычна ўсім удзельнікам гэтай камісіі самім бы пакаяцца перад беларускім народам. Пачынаючы з Баскава, якога абгрунтавана падазраюць у датычнасці да смерці Рамана Бандарэнкі, заканчваючы шэрагам прапагандыстаў, якія штодзень займаюцца распальваннем нянавісці і варожасці», – адзначала ў каментары «Белсату» юрыстка, дарадца ў прававых пытаннях Офісу Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў